Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навальны: Прэсавы сакратар Пуціна падарожнічае на яхце за 385 тысячаў эўра ў тыдзень


Яхта Maltese Falcon (Мальтыйскі сокал)

Яхта Maltese Falcon (Мальтыйскі сокал)

Сам Дзьмітры Пяскоў у інтэрвію РБК ужо назваў інфармацыю Навальнага непраўдзівай і заявіў, што адпачывае на Сіцыліі і арандуе гатэль.

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны апублікаваў у сваім блогу расьсьледаваньне наконт надзвычай дарагога вясельнага падарожжа Дзьмітрыя Пяскова — прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Прапануем вам пераклад блогу ў скароце.


У дзяржслужбоўца Пяскова, які ні сэкунды не працаваў у бізнэсе, два тыдні таму выявілі гадзіньнік за 37 мільёнаў рублёў (прыблізна 620 тысяч даляраў), і пра гэта напісалі ўсе вядучыя расейскія і сусьветныя СМІ.

Пытаньне: якімі павінны быць рацыянальная паводзіны дзяржслужбоўца Пяскова?

Лягічны адказ: дзяржчыноўнік Пяскоў павінен на некаторы час «легчы на дно» і не прыцягваць да сябе ўвагу раскошным ладам жыцьця.

Правільны адказ: не забывайце, што Пяскоў дзяржчыноўнік у Расеі і прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі, таму яго не моцна турбуе грамадзкая думка і абвінавачваньні ў карупцыі.

У канцы мінулым тыдні з Фондам барацьбы з карупцыяй зьвязалася вельмі надзейная крыніца і паведаміла: у цяперашні час прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў праводзіць мядовы месяц з Тацьцянай Наўкай, невялікім колам сяброў і дзецьмі на арандаванай яхце «Мальтыйскі сокал» каля берагоў Сардзініі.

— Ну звычайны прыклад невялікай карупцыі, чыноўніку зьнялі яхту за мільён рублёў, — падумалі мы, але ўсё ж вырашылі паглядзець, што за Maltese Falcon такі.

Maltese Falcon аказаўся выбітны. Прадстаўляем вам 1) самую вялікую, 2) самую раскошную 3) самую дарагую ветразёвую яхту ў сьвеце. 88 мэтраў, амаль як футбольнае поле.

Арэнда яхты Maltese Falcon складае 385 тысячаў эўра або 26 мільёнаў рублёў у тыдзень. І гэты кошт не ўключае выдаткі на ежу і забавы. Дзьмітрыю Пяскову трэба выкласьці цалкам сваю зарплату за 3 гады, каб дазволіць сабе правесьці на гэтай яхце ўсяго 7 дзён.

Чым дакажаце, акрамя сваёй «надзейнай крыніцы», спытаеце вы. Раптам Пяскоў з Навкай і дзецьмі ў пешым паходзе з намётамі ў Крыме, а не ў варожай эўрапейскай Сардзініі на адной з самых дарагіх яхтаў ў сьвеце?

Па-першае, у нашых расьсьледаваньнях мы ніколі не спасылаліся на «крыніцы», так што паверце, яна надзейная.

Па-другое, давайце разам усё высьветлім па адкрытых крыніцах:

а) высьветлім, дзе ж цяпер яхта Maltese Falcon. У гэтым нам дапаможа сэрвіс трэкінга яхтаў, які кажа, што на выходных яна сапраўды была ў берагоў Сардзініі.

б) заклікаем на дапамогу нашага старога добрага балбатуна сакрэтаў Алега Мітволя, блізкага сябра Пяскова, фатаграфія якога з вясельля і стала асновай нядаўняй сэнсацыі з гадзіньнікам.

Мітволь ня можа стрымацца і хоча паказаць усім, да якога прыгожага жыцьця ён далучаны, дзякуючы высокапастаўленым сябрам, для чаго фатаграфуе суседнія яхты. Нам вядома, што ён не жыве на яхце з парай Пяскоў-Навка, але прыяжджае да іх у госьці патусавацца (і пафатаграфаваць!).

На апошніх двух фота досыць вядомыя яхты, зьнятыя паблізу, ў часовым прамежку 10-15 жніўня. Яхты зьнятыя настолькі блізка, што зь берага гэтага зрабіць не атрымалася б, гэта значыць, Мітволь фатаграфуе зь іншай яхты, якая стаіць непадалёк.

Яхта зьлева, падобная на прас, называецца «А». Належыць Андрэю Мельнічэнку. Цяпер яна таксама ў італьянскіх водах, а 11 жніўня яна была прышвартаваная ў той жа самай кропцы каля выспы Капры, што і Maltese Falcon.

З дэталёвага трэкінгу маршруту відаць, што яхта «А», сфатаграфаваная Мітволем, знаходзілася ў адной і той жа кропцы з Maltese Falcon раніцай 14-га жніўня. Справа была каля выспы Капры.

Каб ніхто не падумаў, што гэта выпадковасьць ці супадзеньне, глядзім маршрут іншай яхты (на скрыншоце вышэй справа), сфатаграфаванай Мітволем паблізу. Яна называецца Garcon.

Тут усё яшчэ прасьцей. Яхта Garcon раніцай 15 жніўня знаходзілася каля берагоў Сардзініі, там жа, дзе знаходзілася і да гэтага часу знаходзіцца Maltese Falcon. Гэта значыць, і гэтую яхту Мітволь спакойна фатаграфуе паблізу, знаходзячыся на борце Maltese Falcon.

в) Ок, можа Алег Мітволь знайшоў скарб і падарожнічае адзін, без свайго сябра Пяскова? Гэта ня так, і тут нам на дапамогу прыходзіць дачка Тацьцяны Наўкі і падчарка Дзьмітрыя Пяскова, Саша.

Геатэг ў яе Інстаграме кажа, што яна на Сардзініі.

Ну і апошняе:

Саша відавочна знаходзіцца на яхце і на яе халаце прачытваецца назва яхты. Назва відаць не цалкам (?аltese Falco?), але здагадацца, якія літары адсутнічаюць, аказалася ня вельмі складана. Фатаграфія зроблена на яхце Maltese Falcon.

Немагчыма ўявіць, што 15-гадовая прыёмная дачка Пяскова і 49-гадовы Алег Мітволь праводзяць час на самай вялікай паруснай яхце ў сьвеце ўдваіх.

Няма ніякіх сумневаў, што інфармацыя нашай крыніцы пацьвярджаецца: на яхце праводзяць свой мядовы месяц Дзьмітры Пяскоў і Тацьцяна Наўка ў кампаніі сяброў / сваякоў.

На выпадак, калі Алег Мітволь, як у мінулы раз, стане прыдумляць гісторыю пра тое, што Пяскова проста паклікалі на яхту, каб журналісты сталі гэта абмяркоўваць, хачу паведаміць, што нам вядомыя пункты высадкі, наведаныя выспы і нават людзі, напатканыя ў рэстарацыях па дарозе.

Пераходзім да маральна-этычна-юрыдычнай часткі:

1. Фонд барацьбы з карупцыяй патрабуе ад дзяржслужачага Пяскова тлумачэньняў аб тым, хто аплаціў арэнду яхты або (калі ён аплаціў яе сам) адкуль крыніцы такіх даходаў.

2. Мы патрабуе дэманстратыўнага звальненьня Дзьмітрыя Пяскова па сукупнасьці заслугаў: гадзіньнік за 37 млн. рублёў, калекцыя гадзіньнікаў за 9,5 млн. рублёў, падарожжа на яхце за тры гадавыя даходы.

3. Мы патрабуем ад адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна і ад самога прэзыдэнта Пуціна не толькі юрыдычнай, але і этычнай ацэнкі ладу жыцьця дзяржслужбоўца Пяскова.

4. Мы заклікаем усіх журналістаў у Расеі ня ставіцца да сытуацыі як да «чарговага прыкладу карупцыі, які ўсё забудуць праз тыдзень», а як да важнейшага палітычнага факту, які характарызуе кіраўніцтва краіны, і дамагчыся ясных, дэталёвых тлумачэньняў і камэнтароў ад улады.

У любой іншай краіне такія зьвесткі аб выдатках прэсавага сакратара прэзыдэнта выклікалі б палітычны крызіс.

5. Мы заклікаем усіх журналістаў зрабіць «справу Пяскова» сталым пытаньнем ўсім афіцыйным асобам, якія будуць казаць аб барацьбе з карупцыяй. Заікнуўся Сяргей Іваноў наконт «мы змагаемся з карупцыяй» — адразу гадзіньнік Пяскова яму. Рапартуе Пуцін аб зьніжэньні хабарніцтва — яхту Пяскова яму.

Гэта ж нават не Сердзюкоў, гэта бліжэйшая давераная асоба і чалавек, які сядзіць на ўсіх прэсавых канфэрэнцыях па правую руку.

6. Просім усіх дапамагчы нам з распаўсюдам гэтай інфармацыі. У Расеі 23% насельніцтва ў катэгорыі «бедныя», 17% насельніцтва ў катэгорыі «за рысай беднасьці», а тут яхты па 26 мільёнаў на тыдзень. Хай народ ведае.

7. Усе, хто што-небудзь ведае аб гэтай яхце і аб тым, хто яе аплаціў, мае фота любых дакумэнтаў на тэму Пяскова і яго прыгожага жыцьця, сустракаў яго на Сардзініі і г. д. Любая інфармацыя вельмі дапаможа нам, і яе зусім ананімна можна даслаць на «чорную скрыню» Фонду барацьбы з карупцыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG