Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Шклова: «Прэзыдэнт запрасіў да сябе актораў і прапанаваў згуляць у чарговы раз у выбары»


17 жніўня ў Шклове актывісты ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч зьбіралі подпісы ў яе падтрымку.

Да гэтага райцэнтар ніхто з апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду не наведваў. Тут зьбіралі подпісы толькі за дзейнага кіраўніка дзяржавы. Як рэагавалі на пікет канкурэнта Лукашэнкі жыхары Шклова, што казалі яны пра выбары і чаканьні ад іх?

Зьяўленьне пікету канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі ў райцэнтры, зь якога пачалася ягоная палітычная кар’ера, не засталося не заўважаным яго жыхарамі. Многія дзівіліся на незвычайную акцыю пад бел-чырвона-белым сьцягам. Чыноўнікі здалёк назіралі за тым, што адбываецца вакол пікету, аднак, блізка падыйсьці не наважваліся.

«Я такога ў Шклове ня бачыў. Упершыню давялося», — рэагуе на пікет адзін зь мінакоў. Мужчына, тым ня менш, перакананы ў тым, хто стане прэзыдэнтам:

«Як быў Лукашэнка, гэтак і застанецца. Лепей за яго няма кандыдата. Іншых тут ніхто ня ведае. Мо і горшае што будзе з другім», — кажа суразмоўца.

Наступная суразмоўніца адразу заяўляе: «Тут адзін кандыдат Аляксандар Рыгоравіч. Пры ім спакойна. І прыгожа, ахайна, і парадак. Толькі за гэта варта галасаваць за яго».

Паводле жанчыны, у канкурэнтаў дзейнага кіраўніка дзяржавы няма шанцаў на перамогу. Пытаюся, чаму?

«Ня ведаю», — адказнае яна і дадае: — «Я так думаю».

Як сьцьвярджалі некаторыя жыхары райцэнтру, зь якімі ўдалося пагутарыць, тэма выбараў шклоўцамі абмяркоўваецца:

«Людзі неяк зацікаўленыя. Жывуць нейкімі чаканьнямі і ў роздумах. Настороеныя галасаваць за свайго земляка», — выказваецца адна з суразмоўніц.

Паводле яе, у Шклове пікеты былі толькі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Іншых яна ня бачыла.

Пакуль гутарыў зь мінакамі, ля Тацяны Караткевіч сабрала невялікая грамада народу, пераважна моладзь. Адзін з маладых людзей даводзіў вылучэнцы на прэзыдэнцкую пасаду сваю пазыцыю адносна выбараў:

«Я ні вас ня ведаю, ні іншых. Нават нашага прэзыдэнта ня ведаю толкам. У мяне ў галаве сядзіць думка, што выбары гэтыя прыдумалі зьверху. Сам прэзыдэнт запрасіў да сябе актораў і прапанаваў: давайце згуляем у выбары ў чарговы раз».

На такі закід Тацяна Караткевіч адрэагавала:

«Таму я і ежджу па рэгіёнах, каб сустракацца зь людзьмі. Для мяне гэта дужа важна. Я малады палітык, таму зацікаўленая, каб людзі пераканаліся, што я самы сапраўдны чалавек. Я слухаю людзей, прыслухоўваюся да іх. І гэта дужа важна, каб атрымаць ад іх давер. І ня толькі мне, але і тым дэмакратычным сілам, якія я прадстаўляю».

Некаторыя зь мінакоў мяркуюць, што інтрыга на выбарах прэзыдэнта будзе:

«Мне падаецца, што некаторыя кандыдаты здольныя пазмагацца за званьне прэзыдэнта. Я ня памятую прозьвішча, але нядаўна было паведамленьне, што ён сабраў больш за 35 тысяч подпісаў» — кажа малады чалавек. Ён пераканы, што выбары павінны зьмяніць сытуацыю ў Беларусі: «Эканамічная сытуацыя павінна палепшыцца. Можа, месцаў працоўных стане больш, бо іх не хапае».

«Трэба перагледзіць падатковую палітыку», — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін малады чалавек. На ягоную думку, у Беларусі ўжо адчуваюцца зьмены:

«Апошнім часам паляпшаюцца стасункі з эўрапейскімі краінамі. Аднак, усё роўна, дужа шмат у нас завязана на Расею. Гэта кепска».

Натальля Мотуз за працай. Падпісвае жыхара Шклова за Тацяну Караткевіч

Натальля Мотуз за працай. Падпісвае жыхара Шклова за Тацяну Караткевіч

Сярод жыхароў Шклова былі і тыя, хто вырашыў падтрымаць Тацяну Караткевіч сваім подпісам:

«Падабаецца мне гэтая жанчына. Усім падабаецца», — тлумачыць адзін з падпісантаў. На пытаньне, ці верыць ён, што Караткевіч стане прэзыдэнтам, адказвае:

«Вядома ж веру. Досыць ўжо мужчынам пры ўладзе быць. Няхай жанчына пабудзе. Дома ж гаспадыня нешта мяняе, гэтак і ў дзяржаве, можа, нешта памяняе да лепшага».

Наступны суразмоўца таксама дапускае, што жанчына прэзыдэнтам у Беларусі можа быць, аднак, тут жа заяўляе, што яго задавальняе той, хто цяпер кіруе краінай: «Гаворыць ён слушна, аднак, калі б ягоныя словы ды выконваліся, то мы б, відаць, жылі куды лепей».

Подпісы ў падтрымку Тацяны Караткевіч у Шклове зьбірала актывістка яе ініцыятыўнай групы Натальля Мотуз. Ёй даводзілася зьбіраць подпісы і ў сталіцы, і ў рэгіёнах:

«У Менску людзі актыўна падпісваюцца. Іх ня трэба заклікаць. У Магілёве ж, Бялынічах ды Шклове даводзілася ганяцца практычна за кожным чалавекам. А ў Шклове, дык наагул, тут ужо ўсё вызначана. Тут ужо прагаласавалі за Лукашэнку».

XS
SM
MD
LG