Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальныя даходы беларусаў за паўгода зьменшыліся на 5%


Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу Нацыянальнага статыстычнага камітэту (НСК).

Паводле НСК, рэальныя наяўныя грашовыя даходы (грашовыя даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у першым паўгодзьдзі 2015 году зьнізіліся на 4,9% да ўзроўню першага паўгодзьдзя 2014 году.

Гэты паказчык зьніжаецца ад пачатку бягучага году: у студзені — на 2,5%, студзені-лютым — на 3,4%, студзені-сакавіку — на 3,8%, студзені-красавіку — на 4,8%, студзені-траўні — на 5%.

За першае паўгодзьдзе ў агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 60,6%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці, якая прыносіць даход, — 7,9%, трансфэрты насельніцтву (пэнсіі, дапамогі, стыпэндыі) — 23,2%, даходы ад маёмасьці і іншыя даходы — 8,3%.

Найменшае зьніжэньне рэальных даходаў адбылося ў сталіцы — за шэсьць месяцаў яны ў Менску зьнізіліся на 3,6%, найбольшае — на Берасьцейшчыне (6.1%). У Менскай вобласьці падзеньне рэальных даходаў склала 4%, у Віцебскай і Гарадзенскай — 5,8%, у Магілёўскай — 5,9%, у Гомельскай — 6%.

XS
SM
MD
LG