Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя міліцыі на затрыманьне актывістаў у Магілёве: У Шаўцова не было дакумэнтаў


Аляксандар Шаўцоў на волі

Аляксандар Шаўцоў на волі

Упраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму адрэагавала на публікацыі ў незалежных сродках масавай інфармацыі пра ўчорашняе затрыманьне двух актывістаў партыі БНФ Валянціны Шчэтнікавай і Аляксандра Шаўцова.

Шчэтнікава стаяла ў пікеце каля найвялікшага ў горадзе Віленскага рынку і зьбірала подпісы ў падтрымку вылучэнкі на прэзыдэнцтва Тацяны Караткевіч. Шаўцоў знаходзіўся побач.

Як вынікае з афіцыйнага камэнтара начальніка аховы правапарадку і прафіляктыкі палкоўніка міліцыі Паўла Сьмірнова, нагодай для затрыманьня Аляксандра Шаўцова сталася адсутнасьць у яго дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць ягоную асобу. Палкоўнік Сьмірноў даводзіць: на месца пікету нарад супрацоўнікаў АМОНа прыехаў пасьля паведамленьня, што «невядомы мужчына каля ўваходу на Віленскі рынак трымае бел-чырвона-белы сьцяг».

У камэнтары сьцьвярджаецца, што Шаўцоў ня толькі ня меў дакумэнтаў, што пацьвярджаюць ягоную асобу, але і папераў, якія пацьвярджаюць, што ён сябра ініцыятыўнай групы. Свае дадзеныя актывіст называць супрацоўнікам міліцыі адмовіўся каля пікету і ў пастарунку. Спэцыяльныя сродкі супраць яго, даводзіць міліцыянт, не выкарыстоўваліся.

Паводле палкоўніка Сьмірнова, Шчэтнікаву супрацоўнікі міліцыі забралі зь пікету, каб яна пацьвердзіла асобу Шаўцова. Сьцьвярджаецца: пакуль яе везьлі ў пастарунак, Шаўцоў назваў свае дадзеныя, і Шчэтнікаву вярнулі на тое месца, зь якога яе забралі і «дапамаглі ёй паставіць стол і перадвыбарчыя матэрыялы ініцыятыўнай групы».

Паводле вэрсіі пікетоўцаў, сьцяг, які стаў нагодай для інцыдэнту зь міліцыянтамі, Шаўцоў не трымаў. Сымбаль быў прымацаваны да вуды. Актывіста затрымалі амапаўцы пасьля таго, як ён папрасіў даць тлумачэньні, чаму яны забіраюць зь пікету сьцяг. Як сьцьвярджаў па вызваленьні Шаўцоў, у пастарунку яму загадалі распрануцца і аглядалі цела. Такія паводзіны актывіст назваў зьдзекам зь яго.

Сьцяг супрацоўнікі міліцыі аддалі прэтэндэнтцы на прэзыдэнцтва Тацяне Караткевіч. Яна знаходзілася ў Магілёве ў дзень затрыманьня актывістаў. Паводле яе, міліцыянты выбачаліся за затрыманьне актывістаў яе ініцыятыўнай групы. У камэнтары палкоўніка Сьмірнова пра выбачэньні не гаворыцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG