Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклы інданэзійскі самалёт знайшлі разьбітым


Самалёт авіякампаніі «Trigana Air»
Самалёт авіякампаніі «Trigana Air»

Прадстаўнікі міністэрства транспарту Інданэзіі паведамілі, што на ўсходзе краіны вяскоўцы знайшлі парэшткі пасажырскага самалёта, які зьнік сёньня, 16 жніўня.

«Самалёт знайшлі. Паводле мясцовых жыхароў ён урэзаўся ў гару. Праверка яшчэ працягваецца», — цытуе францускае агенцтва AFP прадстаўніка Міністэрства транспарту Інданэзіі.

Самалёт, які накіроўваўся ў Оксібіл на тэрыторыі Папуа-Новая Гвінэя, перастаў адказваць на запыты праз паўгадзіны пасьля вылету з інданэзійскага аэрапорту Джаяпура. Гэта адбылося а 3-й гадзіне дня паводле мясцовага часу.

На борце паветранага судна авіякампаніі «Trigana Air» зарэгістраваныя 54 чалавекі, у тым ліку пяць супрацоўнікаў экіпажу і пяць дзяцей. Пакуль што няма інфармацыі, ці выжыў нехта зь іх.

Экспэрты адзначаюць, што крушэньні самалётаў і інцыдэнты з паветраным транспартам для Інданэзіі не такая і рэдкасьць. Архіпэляг лічыцца адным з самых інтэнсіўных рынкаў авіяперавозак у сьвеце, але пры гэтым краіна ня можа задаволіць попыт у кваліфікаваных пілётах, мэханіках і авіядыспэтчарах.

У 2007 годзе Эўразьвяз дадаў авіякампанію «Trigana Air» да чорнага сьпісу авіяперавозчыкаў, якім забароненыя пералёты праз паветраную прастору краінаў зьвязу. Паводле міжнароднай сеткі кантролю за бясьпекай авіяперавозак, у гэтай авіякампаніі было 14 сур’ёзных інцыдэнтаў ад 1991 году, калі яна пачала працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG