Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя на арышт Беражкова: Самі цяпер хадзіце на свой «какей» — усёй школай міліцыі


Уладзімер Беражкоў

Уладзімер Беражкоў

Затрыманьне генэральнага мэнэджэра хакейнай каманды «Дынама» (Менск) Уладзімера Беражкова за нібыта «раскраданьне клюбных сродкаў» выклікала хвалю абурэньня ў ваколспартовых колах. Найперш шакаваныя ягоныя калегі па газэце «Прессбол», якой спадар Беражкоў кіраваў цягам двух дзесяткаў гадоў.

Шматгадовы партнэр Уладзімера Беражкова па «Прессболу» Сяргей Новікаў на газэтным форуме піша, што каб існаваў у навуцы прыбор, прыстасаваны для замеру актыўнасьці чалавечай мярзотнасьці, сёньня ён выдаў бы «анамальныя паказьнікі радасьці мярзотнікаў». Магчыма, рэкордныя. Ну, парадуйцеся, гады. Вы ж так абдзеленыя гэтым пачуцьцём. Але таму, хто атрымаў заданьне пачаць і давесьці да колькі-небудзь лягічнай разьвязкі справу Беражкова, — маё спачуваньне. Місія невыканальная, — лічыць Новікаў, канстатуючы, што яму шмат гадоў даводзілася стаяць з Валодзем сьпіной да сьпіны пад абстрэлам «мярзотнікаў». — Ён ні разу не здрэйфіў і нават не падагнуў ногі. Мне бясконца шкада, што цяпер я не магу падставіць сьпіну. Пятровіч, трымайся. Ты моцны, дружа!".

Аглядальнік выданьня Барыс Тасман рэзка асудзіў затрыманьне былога шэфа: «Нашага Пятровіча бессаромна выкарысталі лайдакі, зладзеі і імпатэнты, якія ня ўмеюць ствараць, а здольныя толькі красьці, ненавідзець і помсьціць. Таму краіна і коціцца ў тартарары. Думаю, яны яшчэ не разумеюць, што робяць і на каго замахнуліся», — напісаў Тасман на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Яго падтрымаў і карэспандэнт «Прессбола» Сяргей Вярсоцкі: «Хлопцы, якая 210-я, частка трэцяя? З прычыны сваёй прафэсіі, асабліва былой журналісцкай, Уладзімер Пятровіч за два дзесяцігодзьдзі пасьпеў пагутарыць зь вялізнай колькасьцю людзей і вялізная колькасьць людзей пасьпелі пазнаць гэтага чалавека асабіста. Якраз гэтае веданьне закіпела зараз на прасторах інтэрнэту, уступіўшы ў жудасны дысананс з інкрымінаваным генмэнэджару менскага „Дынама“ „крадзяжом шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі“. Нават ягоныя заклятыя ворагі, ня кажучы пра звычайных нядобразычліўцаў, будуць лічыць Пятровіча кім заўгодна, але ў іх ніколі язык не павернецца выказаць здагадку, што гэты чалавек — злодзей ці мог бы ім стаць па складзе характару і жыцьцёвых прынцыпаў. Дык няўжо ў выпадку з „Валадаркай“ Беражкова хтосьці разьлічваў на грамадзка-сацыяльную цішыню?».

Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандр Старыкевіч называе затрыманьне ўжо экс-генэральнага мэнэджэра «Дынама» «атакай» і мяркуе, што яе аўтары адкрыюць сябе, калі ў хуткім часе прымуць кіраўніцтва клюбам: «Зразумела, што і на новай ніве ва Ўладзімера Беражкова хапае ўплывовых, скажам так, непрыяцеляў. Чаго варты адзін Міхаіл Захараў, галоўны трэнэр менскага «Юнацтва», партнэр Аляксандра Лукашэнкі па прэзыдэнцкай хакейнай камандзе. У чым сапраўдная сутнасьць абвінавачваньняў, якія вылучаюцца супраць генэральнага мэнэджэра, пакуль невядома. Але цяжка ўявіць, што чалавек, які з маладых гадоў прысьвяціў сябе беларускаму хакею (Беражкоў сам гуляў, але скончыў яшчэ ў юнацтве з-за траўмаў), амаль чвэрць стагодзьдзя змагаўся з карупцыяй у айчынным спорце, раптам за год ператварыўся ў «раскрадальніка народнай уласнасьці?».

Сяргей Шчурко

Сяргей Шчурко

Аглядальнік «Прессбола» Сяргей Шчурко гэтаксама пракамэнтаваў навіну пра затрыманьне Ўладзімера Беражкова: «З Аляксандрам Старыкевічам згодны, у Беры (Уладзімер Беражкоў) упэўнены. Ну, а тое, што зайздрасьць і нянавісьць — характэрныя рысы многіх прыкарытнікаў, ужо даўно не навіна. Яны і ёсьць тое самае балота, зь якім Беражкоў заўсёды змагаўся. Пераможа ён і гэтым разам, не сумняюся — жадаю табе толькі сілаў, Вова», — напісаў Сяргей Шчурко на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Міхаіл Захараў

Міхаіл Захараў

На ўскосныя абвінавачаньні журналістаў адрэагаваў галоўны трэнэр менскага «Юнацтва» Міхаіл Захараў: «Што тычыцца апошніх падзеяў у беларускім хакеі і рэакцыі на яе асобных журналістаў. Па-першае, імя прэзыдэнта ў падобных публікацыях трэба ўжываць вельмі асьцярожна. Па-другое, тыя, хто мяркуюць, што Захараў у гэтай сытуацыі на нешта прэтэндуе, глыбока памыляюцца. У нас ніколі не было праблемаў з менскім „Дынама“ — ні з Уладзімерам Навумавым, ні з Юрыем Бародзічам, ні з Уладзімерам Беражковым. І ня будзе. Трэба думаць пра тое, што пішаце».

Аляксандар Пуціла

Аляксандар Пуціла

Спартовы тэлекамэнтатар Аляксандар Пуціла нагадвае, што затрыманьне Ўладзімера Беражкова здарылася неўзабаве пасьля арышту генэральнага дырэктара «Дынама» Максіма Суботкіна: «Хана гэтай уладзе, калі яна апусьцілася да затрыманьня Пятровіча! Суботкіна ня ведаю — нічога не скажу. Але падазрэньне Пятровіча — гэта поўная бздура!».

Спартовы экспэрт Цімафей Зіноўеў у гісторыі з арыштам Уладзімера Беражкова падсумоўвае: «Энкавэдэшная дзяржава. Самі цяпер хадзіце на свой „какей“. Усёй школай міліцыі. Жадаю такой „дынаме“ згніць у падвалах КХЛ. А Беражкову — сілаў і мужнасьці».

15 жніўня на афіцыйным сайце менскага «Дынама» зьявілася інфармацыя аб прызначэньні новага выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара хакейнага клюбу «Дынама». Ім стаў намесьнік Уладзіміра Беражкова па бясьпецы Анатоль Курылец.

Да «Дынама» Курылец працаваў намесьнікам міністра ўнутраных спраў — начальнікам галоўнага ўпраўленьня кадраў МУС. У 2013 годзе ён сышоў на «заслужаны адпачынак».

14 жніўня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра крымінальную справу супраць былога генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімера Беражкова. Неўзабаве пасьля гэтага з афіцыйнага сайта менскага «Дынама» была выдаленая ўся інфармацыя пра Беражкова ў разьдзеле «Кіраўніцтва», а пад фотаздымкам Курыльца зьявіўся подпіс «выканаўца абавязкаў» гендырэктара.

Зараз Уладзімер Беражкоў знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG