Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да Адзінага Прэзыдэнта: Абложым налогам налагавікоў, і у нас будзе ўсё як у Грэцыі!


Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

Мой, не пабаюся гэтага слова, Адзіны як падатак, мой!

Я ў нашай падатковай інспэкцыі самы вялікі ваш паклоньнік.

Я люблю вашыя законы, абажаю дэкрэты, шчасьлівы да сьлёз, калі чую вашы вусныя заўвагі, нямею ў васторгу ад вашага погляду, які сама сутнасьць кіраваньня!

Кожны новы дыкрэт прыносіць яшчэ болей грошаў у казну, кожны новы налог надае мне сілы і радасьці, надае сэнс майму жыцьцю! Я лічу, што такія тытаны, як і вы, яшчэ ў дрэўнія часы прыдумалі сістэму налогааблажэньня, і гэта незвычайны цуд. Гэта — трывалы падмурак любога ўсяго, што было, ёсьць і будзе!

Бо када чалавек работает, ён ня мае права не плаціць за гэта сваяму гаранту. Раньшэ іх называлі фараоны ці кэсары, ці генэральныя сакратары, але цяпер жа не феадалізм. Толькі гарант зьяўляецца гарантам таго, што чалавек будзіт очэнь шчасліва жыць і радавацца гэтаму, і ў іго зьявіцца надзежда на будушчае — дзеняжная пенсія, яму з налогаў пабудуюць новы лядовы дварэц і паставяць яшчэ адзін грамадзкі тарговы цэнтар.

Налогі спасаюць нас ад усяго плахога. А кроме мяне і вас, цяпер ніхто ў эта ня верыць!

Вот нідаўна вы наказалі зрабіць платныя дарогі, і адразу бачна, як паменшыла эціх траклятых фур з-за мяжы, езьдзяць ані цепер цераз другія страны, а не праз нас транзітам, і зразу сьветла стала, і сразу как-та вельмі харашо на душы, што эціх выхлапных газав менш на дрэвы, і людзі нашыя, беларускія, ціпер дважды падумаюць прахадзіць цехасмотар ці не, бо трэба плаціць падатак за карыстаньне платнымі дарогамі за год. Гэта вельмі файная ідзея!

А вот што тычыцца налога на тунеядства, абавязкова дакруціце яго і закруціце так, каб ён укараніўся і заставіў розных там хіпстэраў-флырансёраў-топлес-аліменшчыкаў ісьці нармальна работаць!

Мой дарагі гарант, я ваш гарантавана да канца год, і як самы прэданны, я кантралюю ўсё па поўнай праграме, мой раён у горадзе самы ўпарадкаваны па налогах. Усе бізнэсы паўцякалі, ніякага грукату-сьмецьця ад будоўляў, рэкляма не адцягвае ўвагу ад надзённых задач, паркоўкі травой параслі, цішыня, жыві-радуйся, хлебнага квасу ў разьліў ад душы і паўсямесна.

Я цяпер усе вашыя новыя дэкрэты чакаю з яшчэ большым натхненьнем, бо я вам скажу па сакрэце, часьніка заўсёды можна дажаць яшчэ крыху, і атрымаць яшчэ болей.

І значыцца я тут накідаў невялікую прапанову, што можна было б вам, пасьля выбараў аблажыць налогам, бо ўсё астатняе ў мяне ўжо абкладзена:

Налог на пенсіі — гэта катэгорыя засталася няяхвачанай. А там многа патрыётаў, якія знают як трэба і, думаю, хацелі бы дапамагчы сваёй власті!

Дадатковы налог на тратуары, каб ня боўталіся ў працоўны час па вуліцах!

Налог на права карыстацца роварам, а то столькі ў нас раварыстаў паявілася, і проста так ездзяць!

Асобны налог на тых, хто ўхіляецца ад налогаў, бо ня мае пенсіі, ня езьдзіць на ровары і ня ходзіць па тратуары!

І апошняе. Як чалавек дзяржаўны, лічу, што трэба абкласці налогам налогавікаў, бо ня ўсе яшчэ так улягаюць, як я, і калі вы мяне на гэта паставіце, вы самі не паверыце, як усё закруціцца-заверціцца, і у нас будзе ўсё як у Грэцыі, дзе, как гаварыцца, усё ёсьць.


Абложым налогам усіх і ўсюды, усё і ўся, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў!

Гарантавана Ваш

Амінь, інспэктар

Ад рэдакцыі: І адрас, і арыгінал гэтага звароту захоўваецца ў надзейным месцы, і калі што, нічога нікому ня будзе. Прысылайце свой ліст, і мы яго абавязкова перадамо куды трэба (на кароткіх і сярэдніх хвалях і ў Інтэрнэце). Адрас svaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG