Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 гадоў таму Японія абвясьціла аб капітуляцыі ў Другой сусьветнай вайне


Дзяўчынка моліцца ў горадзе Хірасіма, на які была скінутая атамная бомба

Дзяўчынка моліцца ў горадзе Хірасіма, на які была скінутая атамная бомба

15 жніўня адзначаюць 70 гадоў з дня заканчэньня Другой сусьветнай вайны — у той дзень Японія абвясьціла аб сваёй капітуляцыі. 2 верасьня акт аб капітуляцыі быў падпісаны.

15 жніўня памятныя мерапрыемствы прайшлі ў Японіі, Кітаі і Паўднёвай Карэі, а таксама на вайсковай базе ЗША ў бухце Пэрл-Харбар, з нападу на якую пачалася вайна ў ціхаакіянскім рэгіёне.

У Лёндане ў царкве Сьвятога Марціна на Трафальгарскай плошчы прысутнічала каралева Вялікабрытаніі Лізавета II, прэм’ер-міністар Дэвід Кэмэран, вэтэраны Другой сусьветнай вайны.

Памінальныя службы і ўскладаньне вянкоў адбыліся ў Эдынбургу, Бірмінгеме, Портсмуце. Больш за 70 тысяч салдат і афіцэраў зь Вялікабрытаніі і краін Садружнасьці, у тым ліку больш за 12 тысяч ваеннапалонных, загінулі ў баях ці памерлі ў японскіх лягерах.

У Токіё ў суботу, 15 жніўня, прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ і кіраўнік дзяржавы, імпэратар Акіхіта, хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць ахвяраў вайны. Імпэратар упершыню наўпрост і недвухсэнсоўна выказаў шкадаваньне за дзеяньні сваёй краіны падчас вайны, заявіў аб «глыбокім раскаяньні».

Імпэратар выказаў надзею, што «жахі вайны ніколі не паўторацца».

Прэм’ер-міністар Японіі Абэ напярэдадні выступіў з прабачэньнямі за дзеяньні Японіі падчас Другой сусьветнай. Адначасова ён адзначыў, што пасьляваенныя пакаленьні японцаў не павінны быць абцяжараныя віной, паколькі ня могуць несьці адказнасьць за ролю іх краіны ў той вайне. Прэм’ер падкрэсьліў, што ніколі надалей сіла не павінна ўжывацца для вырашэньня міжнародных спрэчак.

Японія страціла ў Другой сусьветнай вайне 2300000 вайскоўцаў і 800 тысяч мірных жыхароў, у тым ліку ахвяр двух атамных бамбаваньняў ў Хірасіме і Нагасакі і іншых авіярэйдаў амэрыканскай авіяцыі на японскія гарады.

XS
SM
MD
LG