Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы адзначылі 95-годзьдзе Варшаўскай бітвы з Чырвонай арміяй


Варшаўская бітва, 1920

Варшаўская бітва, 1920

Перамога палякаў у гэтай бітве выратавала Заходнюю Эўропу ад «сусьветнай рэвалюцыі»

У Польшчы адзначылі Дзень польскага войска — сьвята прымеркаванае да гадавіны бітвы з Чырвонай арміяй пад Варшавай у 1920 годзе, перамога палякаў у якой выратавала Заходнюю Эўропу ад «сусьветнай рэвалюцыі»

Тысячы людзей сабраліся ў цэнтры Варшавы, каб паглядзець на польскія, амэрыканскія і канадзкія войскі, якія прынялі ўдзел у галоўнай частцы сьвяточных мерапрыемстваў — парадзе ў гонар дня Польскай арміі.

«Сёньня мы адзначаем радаснае сьвята перамогі Польшчы. 95-годзьдзе вялікай Варшаўскай бітвы, у якой польскія салдаты мужна і незалежна ад свайго паходжаньня спынілі бальшавіцкае нашэсьце ня толькі на Польшчу, але і на Эўропу», — сказаў, прымаючы парад, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Галоўнакамандуючы казаў аб неабходнасьці мадэрнізацыі і ўзмацненьня польскай арміі, а таксама яшчэ больш цеснай супрацы з саюзьнікамі ў НАТО.

У парадзе прынялі ўдзел каля 1600 салдат, сотні адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку самалёты і верталёты.

Першы такі вайсковы парад у свабоднай Польшчы быў арганізаваны ў 2007 годзе па ініцыятыве тагачаснага прэзыдэнта Леха Качыньскага.

Між тым, як падкрэсьліваюць польскія гісторыкі, у масавай сьвядомасьці расейцаў дата 15 жніўня 1920 г адсутнічае, паколькі яна ня ўпісвалася ў старанна створаную ў СССР легенду аб непераможнасьці Чырвонай арміі.

Савецка-польская (а ў польскай гістарыяграфіі «польска-бальшавіцкая») вайна 1919-1921 года скончылася часовай адмовай кіраўніцтва РСФСР ад плянаў распаўсюджваньня «сусьветнай рэвалюцыі» на краіны Цэнтральнай і Заходняй Эўропы. А пра гэта, як часта адзначаюць у Польшчы, у цяперашняй Эўропе практычна ніхто ня памятае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG