Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Павал Вусаў: «Лукашэнка перад выбарамі пужае насельніцтва і заклікае трымацца за гэтую ўладу»


Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка (у цэнтры) са сваім малодшым сынам Мікалаем падчас Дня Перамогі ў Менску, 9 мая 2015 году
Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка (у цэнтры) са сваім малодшым сынам Мікалаем падчас Дня Перамогі ў Менску, 9 мая 2015 году

Неабходна захаваць стабільнасьць, а з прычыны таго, што грошай няма, трэба зацягваць паясы і цярпець. Бо калі працоўныя пачнуць выказваць сваю незадаволенасьць, тады краіну чакае той сцэнар, які цяпер адбываецца ва Ўкраіне — так тлумачыць палітоляг Павал Вусаў выказваньні Лукашэнкі на МЗК.

Сустракаючыся з калектывам Менскага завода колавых цягачоў, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Калі мы не зарыентуемся і дзесьці падставімся, то з намі разьбяруцца яшчэ хутчэй, чым з Украінай. А захавацца мы можам, толькі калі мы разам і калі забясьпечым унутраную стабільнасьць».

Лукашэнка, словы якога прыводзіць ягоная прэс-служба, ня лічыць цяпер галоўным жаданьне народа мець зарплаты пабольш і працы паменш. Паводле Лукашэнкі, цяпер пачаўся жорсткі перадзел сьвету:

«Усё значна складаней, — падкрэсліў ён. — Ідзе перадзел сьвету. І зарплата — гэта вельмі важна. Але перада мной як прэзыдэнтам стаіць задача абараніць краіну. Вось у гэтым бурным моры ня наш карабель, а нашу лодку захаваць, каб яе не ўтапілі, і яна не пайшла на дно».

Што меў на ўвазе кіраўнік Беларусі? Палітоляг Павал Вусаў кажа, што, па-першае, даволі складана ўвогуле прааналізаваць, што Лукашэнка мае на ўвазе пад сваімі выказваньнямі. Бо, паводле словаў Вусава, у беларускага кіраўніка няма сыстэмы стабільных поглядаў на палітычнае жыцьцё, на будучыню Беларусі, на тое, што адбываецца вакол Беларусі:

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Усе ягоныя выказваньні маюць альбо папулістычны характар, альбо ўвогуле ня маюць ніякага сэнсу. Таму шукаць нейкую сутнасьць, глыбіню, дзякуючы якой можна спрагназаваць наступныя дзеяньні беларускіх уладаў, вельмі цяжка.

Што ён мог мець на ўвазе? Мне здаецца, Лукашэнка перад выбарамі папросту пужае насельніцтва, пужае працоўных: неабходна захаваць стабільнасьць, а з прычыны таго, што грошай няма, неабходна зацягваць паясы. То бок нельга чакаць паляпшэньня эканамічнага, сацыяльнага дабрабыту беларусаў, таму трэба цярпець. А менавіта — неабходна мабілізавацца вакол улады, якая захоўвае самую важную каштоўнасьць, якая ёсьць у беларусаў, — гэта стабільнасьць і спакой, забыцца на матэрыяльны дабрабыт і трымацца за гэтую ўладу. Бо калі працоўныя пачнуць страйкаваць, выказваць сваю незадаволенасьць, тады краіну чакае той сцэнар, які цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Ну і выснова напрошваецца сама сабой: галасуйце за Лукашэнку, і вам будзе добра. У тым сэньсе, што ня здарыцца таго, што ва Ўкраіне. Вось так я магу зразумець выказваньні Лукашэнкі менавіта падчас выбарчай кампаніі. Іншага сэнсу я ня бачу.

Канечне, можна яшчэ ўзгадаць пэўную гульню, якую вядзе Лукашэнка з Захадам, зьмену дыпляматычнай кан’юнктуры Беларусі, то бок дыялёг. Але акрамя дэклярацыяў і дыпляматычных рэвэрансаў чакаць для Беларусі рэальнага геапалітычнага збліжэньня з Захадам не даводзіцца.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што, па-першае, Лукашэнка будзе карыстацца менавіта такой рыторыкай, якая абуджае ў беларусах страх перад нестабільнасьцю, мабілізаваць вакол сябе частку свайго электарату і тых, хто яшчэ не зарыентаваўся. Па-другое, так ці інакш давядзецца шукаць дамагогу ў Расеі, спадзявацца, што Расея дасьць крэдыт, што называецца, «для падтрыманьня штаноў». Ну і па-трэцяе — гульня з Захадам. Тут трэба ўзгадаць візыт міністра замежных спраў Уладзімера Макея ва Ўкраіну і сустрэчу зь Міхаілам Саакашвілі. То бок трымаць, скажам так, рэпрэсійны ціск і нагнятаць палітычную атмасфэру ў Беларусі страхам, і разам з тым шукаць фінансавай падтрымкі там, дзе яе можна адшукаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG