Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня выбары, а нейкі спэктакль, „лахатрон“ для гадаванцаў дзіцячага садку...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Чым бліжэй восень, тым больш у нашай пошце допісаў на тэму прэзыдэнцкіх выбараў. Галасаваньне павінна адбыцца ў сярэдзіне кастрычніка, але прыкметы выбарчай кампаніі можна бачыць на вуліцах ужо сёньня: працягваецца кампанія збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку і ягоных патэнцыйных супернікаў.

Наш даўні слухач і апанэнт Барыс Руцько зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, да гэтых выбараў ставіцца іранічна. Ён піша:

«Гэта проста нейкі спэктакль, „лахатрон“ для гадаванцаў дзіцячага садку. Вынік „пераможцы“ ўжо сёньня вядомы. Можаце спраўдзіць: ЦВК абвесьціць лічбу ў дыяпазоне ад 76 да 88 працэнтаў за Аляксандра Рыгоравіча. Асабіста я схіляюся да большай лічбы. Думаю, улада да апошняга будзе раздумваць: якую ж лічбу ўрэшце напісаць. З аднаго боку, хочацца праўдападобнасьці, а з другога — як жа не дагадзіць усенароднаабранаму, не паказаць, што грамадзкі давер да яго толькі расьце?

Усё б зьмянілася, калі б у нас была незалежная Цэнтральная выбарчая камісія, калі б у яе трапілі асобы, якім ня трэба трымаць справаздачу перад Лукашэнкам і ягонымі прызначэнцамі.

А ўдзел апазыцыі ў такіх выбарах — гэта поўны абсурд, прыніжэньне і ўгодніцтва перад дзейнай уладай. Вынікам стане канчатковы крах і ганьба. А ўся іхная цяперашняя агітацыя — гэта толькі дэзынфармацыя і хлусьня», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Барыс Руцько зь Менску.

І вы, спадар Барыс, і многія іншыя жыхары сёньняшняй Беларусі часта і ахвотна дакараеце апазыцыю за яе слабасьць, за тое, што яе не падтрымлівае грамадзтва, што яна ня так, ня там і ня тымі словамі вядзе агітацыю і што яе спробы супрацьстаяць аўтарытарнаму рэжыму — бясплённыя і беспасьпяховыя. Гэтыя папрокі гучаць ужо прынамсі два дзесяцігодзьдзі. Азіраючыся на гэты час, міжволі прыходзіш да думкі, што папрокі гэтыя аднолькава можна адрасаваць і большасьці самога беларускага грамадзтва. Дзіўна было б, каб у грамадзтве, апанаваным палітычнай апатыяй, абыякавасьцю і канфармізмам, была нейкая іншая апазыцыя — згуртаваная, масавая і пераможная.

Мікола Канаховіч з Пружанаў напісаў свой новы ліст, убачыўшы на дзяржаўным тэлеканале ОНТ перадвыбарчую дыскусію з удзелам двух прадстаўнікоў апазыцыі — Рыгора Кастусёва і Алега Трусава. Убачаным спадар Мікола застаўся незадаволены. Ён піша:

«Здавалася б, гэта якраз той выпадак, калі апазыцыі можна было напоўніцу, на ўвесь голас заявіць пра сваю палітычную плятформу. Не дазваляць, каб іх спынялі на паўслове. Але што мы ў выніку ўбачылі? Спадарыня Ярмошына паводзіла сябе, як баранэса ва ўласным замку: перапыняла і Трусава, і Кастусёва. А тыя выглядалі як мокрыя кураняты. Шкада было глядзець на таго Кастусёва. А спадар Трусаў увогуле прапанаваў Лукашэнку падрыхтаваць пераемніка. Як кажуць, без камэнтароў...

Не запатрабавалі яны і таго, каб зь імі вялі размову па-беларуску. Такія паводзіны несумяшчальныя з апазыцыйным статусам. Адсюль складаецца ўражаньне, што і Трусава, і Кастусёва падкупілі. Таму яны і паводзілі сябе не як беларускія патрыёты, а як змоўшчыкі з рэжымам. Вельмі шкада, што ў нас такая гнілая апазыцыя», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікола Канаховіч з Пружанаў.

Такія перадачы, спадар Мікола, як правіла, дэманструюцца ў запісе — пасьля шматлікіх мантажоў і скарачэньняў. У выніку гэтых маніпуляцыяў тыя ўдзельнікі, пазыцыя якіх супярэчыць афіцыйнай, нярэдка выглядаюць падкрэсьлена пройгрышна ў параўнаньні з апанэнтамі. Многія лідэры апазыцыі, ня раз сутыкнуўшыся з такой цэнзурай, увогуле не пагаджаюцца ўдзельнічаць у падобных тэлепраграмах, настойваючы на жывым эфіры. Іншыя — пагаджаюцца, бо лічаць, што нават у такім урэзаным і адрэдагаваным выглядзе ёсьць магчымасьць данесьці свае думкі да шырокай аўдыторыі.

І на заканчэньне — ліст ад даўняга сябра Свабоды Ўладзімера Лугаўцова зь Менску. Ён зьвяртаецца да нас з наступнай просьбай (цытую ліст):

«Даўно не пісаў вам. У доме доўжыцца капітальны рамонт: хто гэта перажыў, той мяне зразумее.

Пра тое, што адбываецца ў нас і на сьвеце, даведваюся са Свабоды, ды яшчэ з „Нашай Нівы“ і „Новага часу“. Але газэтная папера вельмі недаўгавечная. Таму тое, што вы друкуеце самыя актуальныя кнігі добрай якасьці, — гэта гістарычная справа. На жаль, мая ранейшая просьба пра кнігу Сяргея Навумчыка „Дзевяноста першы“ дайшла да вас позна, мне кнігі не хапіла. Таму буду вельмі ўдзячны, калі з вашай дапамогай атрымаю хаця б іншыя часткі гісторыі таго часу. Асабліва пра 1994 год. На тых выбарах я быў назіральнікам, і ўсё, што яны потым назвалі „чэснымі выбарамі“, бачыў на свае вочы.

...Прабачце за крывыя літары. Я інвалід другой групы, дрэнна слухаюцца рукі і ногі, што моцна зьмяншае магчымасьці. Трымайцеся! Лепшае — наперадзе! Эх, дажыць бы!», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ўладзімер Лугаўцоў зь Менску.

Якраз гэтымі днямі выйшла трэцяя кніга Сяргея Навумчыка — «Дзевяноста пяты», прысьвечаная беларускай гісторыі сярэдзіны дзевяностых гадоў. І вы, спадар Уладзімер, і многія іншыя найбольш актыўныя слухачы — аўтары цікавых допісаў на Свабоду атрымаеце яе ў якасьці падарунка.

________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG