Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Класкоўскі: «Лукашэнка вымушаны балянсаваць паміж Масквой і Кіевам»


(Зьлева направа) Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Менску, 26 жніўня 2014 году

(Зьлева направа) Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Менску, 26 жніўня 2014 году

Падчас візыту на Менскі завод колавых цягачоў у пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Калі мы не зарыентуемся і дзесьці падставімся, то з намі разьбяруцца яшчэ хутчэй, чым з Украінай. А захавацца мы можам, толькі калі мы разам і калі забясьпечым унутраную стабільнасьць.

Лукашэнка, словы якога прыводзіць ягоная прэс-служба, падкрэсьліў, што ў цяперашні складаны час, калі ідзе перадзел сьвету і барацьба за ўсясьветны ўплыў, галоўная задача — абараніць і захаваць краіну:

«Я, адзінае, не жадаў бы, каб мы жылі на чужой зямлі, — заявіў ён. — Я жадаў бы, каб мы ніколі не хадзілі больш у лапцях і каб нас плёткай не сьцягалі, як гэта заўсёды было ў нашай гісторыі».

Што меў на ўвазе кіраўнік Беларусі, кажучы фразу «калі мы не зарыентуемся і дзесьці падставімся»? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі выказаў такое меркаваньне:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«На мой погляд, Аляксандар Лукашэнка спрабуе так прымітыўна, папулярна, «для рабацягаў», як ён сам кажа, патлумачыць сутнасьць сваёй сёньняшняй замежнай палітыкі, якая выглядае такой трошкі хітраватай. Бо ўсе разумеюць, што Менск вельмі моцна прывязаны да Расеі.

З аднаго боку, Беларусь застаецца ў асобе кіроўнага рэжыму такім жа хаўрусьнікам Масквы. А зь іншага боку, мы бачым актыўныя манэўры ва ўкраінскім пытаньні. Пра гэта сьведчыць і нядаўні працяглы візыт Уладзімера Макея, кіраўніка беларускай дыпляматыі, ва Ўкраіну, сустрэча з Міхаілам Саакашвілі, які для расейскага кіраўніцтва зьяўляецца нейкім дэманам. Усе гэтыя рэчы простым беларускім грамадзянам цяжка зразумець, і Лукашэнка тлумачыць, што «мы, маўляў, мусім так рабіць». Падтэкст такі: «каб Масква не раззлавалася», ну і, разам з тым, каб і з Захадам, і з Украінай падтрымліваць нармальныя дачыненьні. Карацей кажучы, балянсаваць.

І яшчэ такі падтэкст — каб тыя ж рабацягі зразумелі, чаму беларускае кіраўніцтва гэтак супраць Майдану, гэтак цісьне на апазыцыю. Дарэчы, гэта Лукашэнка нядаўна казаў і ў інтэрвію тром незалежным мэдыям, маўляў, што само новае ўкраінскае кіраўніцтва «падставілася». Маецца на ўвазе тое, што такім рэзкім геапалітычным паваротам выклікала гнеў Масквы. Таму мы, маўляў, у гэтым пытаньні мудрэйшыя, таму робім «і нашым, і вашым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG