Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі кажуць: любы, акрамя Лукашэнкі»


Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году

Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году

Да завяршэньня збору подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі застаўся адзін тыдзень. Актывісты ініцыятыўных груп, якія зьбіраюць подпісы за сваіх вылучэнцаў, заяўляюць, што ў першы дзень апошняй сямідзёнкі людзі падпісваюцца найбольш актыўна.

Не зважаючы на цёплае летняе надвор’е і на тое, што субота — выходны дзень, на пляцы каля Камароўскага рынку Менску разьмясьціліся пікеты некалькіх кандыдатаў. Адзін з маладзёнаў стаіць каля партрэта Віктара Цярэшчанкі. Называцца ня хоча, але пра збор подпісаў паведамляе ахвотна:

Валянтэр: «Зьбіраем подпісы даволі актыўна — сёньня вось за гадзіну ня менш за дваццаць чалавек падпісаліся».

Збор подпісаў за Віктара Цярэшчанку

Збор подпісаў за Віктара Цярэшчанку

Карэспандэнтка: «У суботні дзень людзей ня менш?»

Валянтэр: «Як у гэтым месцы, на Камароўцы, то нават і больш».

Жанчына-пэнсіянэрка, якая ў гэтую хвіліну аддала свой пашпарт на подпіс, гэтак патлумачыла сваё рашэньне:

«Хачу, каб была хоць якая-небудзь альтэрнатыва. Каб ня толькі адзін... Няхай дапамогуць, бо аднаму ж дужа цяжка...»

Людзі каля стэнду з выявай Віктара Цярэшчанкі, дзе ідзе збор подпісаў за кандыдата

Людзі каля стэнду з выявай Віктара Цярэшчанкі, дзе ідзе збор подпісаў за кандыдата

Спадарыня Лілія, якая зьбірае подпісы за Тацяну Караткевіч, наадварот, называецца, але даваць камэнтар пад запіс адмаўляецца. Кажа, што ня верыць у вынікі выбараў, але ўдзельнічае ў кампаніі з павагі да Тацяны Караткевіч і яе матулі — сваёй суседкі. Спадарыня Лілія кажа, што адпаведны настрой і ў падпісантаў. Тым ня менш, літаральна за хвіліну каля пікета спыніліся некалькі чалавек, каб падпісацца. Жанчына сярэдняга веку не адмовілася і адказаць на пытаньні:

Карэспандэнтка: «Вы чаму спыніліся менавіта тут?»

Падпісантка: «Бо я хачу прагаласаваць за жанчыну. Бо жанчыны — добрыя гаспадыні. Думаю, што і ў краіне яны здольныя навесьці парадак».

Збор подпісаў за Тацяну Караткевіч

Збор подпісаў за Тацяну Караткевіч

Неспадзявана да размовы далучаецца бабуля на мыліцах, каб выказаць сваё бачаньне рэчаіснасьці:

Пэнсіянэрка: «Раней лекары былі бясплатныя, паводле прысягі лячылі людзей. А цяпер — толькі за хабар. А калі не дасі, то здыхай».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, хто ў гэтым вінаваты, што так ёсьць?»

Пэнсыянэрка: «Грошы вінаватыя».

На пытаньне, ці вінаватая ў гэтым цяперашняя ўлада, жанчына моўчкі адыходзіць на сваіх мыліцах. За некалькі мэтраў — пікет за Сяргея Калякіна.

Пікет па зборы подпісаў за Сяргея Калякіна

Пікет па зборы подпісаў за Сяргея Калякіна

Валянтэр Арцём кажа, што вынікам збору подпісаў у суботні дзень таксама задаволены. І агулам актыўнасьць людзей апошнімі днямі толькі ўзрастае:

«Я лічу, што гэты апошні тыдзень вырашальны, і таксама ў гэты час народу стала больш падпісвацца. Калі ў першыя дні я мог па 5 подпісаў за дзень назьбіраць, то цяпер — 40-50. Людзі кажуць: любы, акрамя Лукашэнкі. Да мяне падышоў мужчына і кажа: падпішуся за ўсіх, акрамя аднаго — яму і так дастаткова».

Каля кожнага зь пікетаў сапраўды спыняліся па некалькі чалавек, чыталі біяграфіі кандыдатаў, задавалі пытаньні валянтэрам. Адзіны пікет пад бел-чырвона-белым сьцягам каля Камароўскага рынку быў за Анатоля Лябедзьку.

Валянтэры зьбіраюць подпісы за Анатоля Лябедзьку

Валянтэры зьбіраюць подпісы за Анатоля Лябедзьку

Менавіта каля яго спынялася найбольшая колькасьць мінакоў, і гэтак жа актыўна людзі і падпісваліся. Перадусім — людзі сярэдняга і пэнсійнага веку:

Карэспандэнтка: «За каго падпісваецеся і чаму?»

Пэнсіянэр: «У мяне за 60 гадоў — адразу склероз зьявіўся. Таму я падпісваюся за чалавека больш маладога, каб пры памяці быў».

Жанчына з унукам: «Хачу, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў больш прыстойных умовах, у лепшай краіне, чым мы пражылі».

Спадар сярэдняга веку: «Я падпісваюся за Анатоля Лябедзьку, бо цяперашні кандыдат у нас ужо пэнсійнага веку, а таму трэба даваць дарогу больш маладым, адукаваным і культурным людзям».

Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі прадоўжыцца да 21 дніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG