Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым адметны візыт Уладзімера Макея ва Ўкраіну?


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Візыт міністра замежных спраў Беларусі ва Ўкраіну расьцягнуўся на пяць дзён. Якія вынікі перамоваў? Ці зможа афіцыйны Менск абнавіць вобраз міратворцы? Навошта Ўладзімер Макей сустракаўся зь Міхаілам Саакашвілі?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і пісьменьнік, палітоляг Мікола Рабчук з Кіева.

У чым сэнс гэтага візыту?

Валер Карбалевіч: «Візыт Уладзімера Макея ва Ўкраіну ў нечым выглядае беспрэцэдэнтным. Ён расьцягнуўся на пяць дзён. Якія мэты і задачы гэтага візыту? Найперш, зьвернем увагу на гандаль. Сёлета ён абваліўся практычна напалову. Ці можна тут нешта паправіць, аднавіць ранейшы аб’ём беларускага экспарту ва Ўкраіну?»

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Вельмі дзіўны візыт. Не магу ўзгадаць прыкладу, каб беларускі міністар замежных спраў кудысьці езьдзіў на такі вялікі тэрмін. Можна было б яшчэ зразумець, каб ён паехаў на такі доўгі тэрмін у нейкую краіну, зь якой у Беларусі няма ніякіх стасункаў і трэба ўсё разьвіваць з нуля. А з Украінай даўнія і вялікія стасункі.

Сапраўды, ёсьць праблема аднавіць гандлёвы абарот, які абваліўся ўдвая. Але гэта не зусім справа міністра замежных спраў. Невыпадкова Макей на прэсавай канфэрэнцыі спасылаўся на двухбаковую міжурадавую камісію, якая займаецца эканамічным супрацоўніцтвам».

Мікола Рабчук: «У інфармацыйным сэнсе гэты візыт ва Ўкраіне мала заўважны. Украінскае кіраўніцтва ня вельмі хоча падкрэсьліваць свае добрыя сувязі з рэжымам, які мае дрэнную рэпутацыю.

Наўрад ці галоўнае пытаньне перамоваў — гандаль. Бо падзеньне гандлёвага абароту выклікана тым, што ўкраінская валюта, грыўня, дэвальвавалася ў тры разы. Таму пакупніцкая здольнасьць краіны ў цэлым і насельніцтва зьменшылася. Таму Ўкраіна скараціла імпарт ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краін.

Думаю, галоўнае пытаньне перамоваў — палітычнае. Магу меркаваць, што абедзьве краіны зацікаўленыя ва ўзаемным пасярэдніцтве. То бок, Украіна можа быць лабістам Беларусі на Захадзе. А Беларусь можа пра нешта гаварыць з Расеяй па просьбе Ўкраіны».

Менск у якасьці міратворцы

Валеры Карбалевіч

Валеры Карбалевіч

Карбалевіч: «Як можна ацаніць палітычныя заявы Макея падчас сустрэчы і з прэзыдэнтам, і зь міністрам замежных спраў Ўкраіны? Макей акцэнтаваў увагу на ролі Менску ў якасьці міратворцы, рабіў новыя прапановы, каб надаць большую вагу пасярэдніцкай ролі Беларусі ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Можа, у гэтым і сэнс візыту?»

Фёдараў: «Нічога новага Макей не сказаў, ён толькі пацьвердзіў ранейшую пазыцыю Менску адносна ўкраінскага крызісу. Выявіць сапраўдны сэнс візыту для мяне цяжка».

Карбалевіч: «Сп. Рабчук, як ва Ўкраіне разглядаюць міратворчыя высілкі Менску?»

Рабчук: «Скажу шчыра, што ва Ўкраіне не ўспрымаюць Беларусь як самастойнага міжнароднага гульца. Беларусь успрымаецца як дзяржава-сатэліт Расеі, хоць і зь нейкімі сваімі самастойнымі амбіцыямі. Таму наўрад ці магчымая ініцыятыва ўласна беларуская па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Беларусь можа толькі выконваць ролю канала камунікацыяў.

Дарэчы, ва Ўкраіне ўсе зьдзіўлены, як Беларусі ўдалося з статусу эўрапейскага парыі ператварыцца ў краіну-міратворцу, у якую прыяжджаюць вядомыя ў сьвеце палітыкі. Менск удала лявіруе паміж рознымі моцнымі краінамі. Каму няшчасьце, а каму ўдача. Але я ня ўпэўнены, што Беларусь зможа скарыстацца гэтым акном магчымасьцяў».

Карбалевіч: «А як увогуле ва Ўкраіне ставяцца да Менскіх пагадненьняў, да перамоваў у Менску кантактнай групы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу?»

Рабчук: «Большасьць сур’ёзных экспэртаў і мэдыяў ва Ўкраіне не ўскладаюць вялікіх спадзяваньняў на гэты „менскі працэс“. Усе разумеюць, што Расея не зацікаўленая ў прымірэньні, урэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Але Кіеў вядзе гэтыя перамовы пад уплывам заходніх партнэраў. Нямеччына і Францыя ня могуць шчыра прызнаць, што ідзе рэальная расейска-ўкраінская вайна. Бо ў такім выпадку давялося б прымаць іншыя рашэньні, весьці іншую палітыку адносна Расеі».

Навошта Ўладзімер Макей сустракаўся зь Міхаілам Саакашвілі?

Карбалевіч: «Падчас візыту адбылася цікавая падзея. Макей сустрэўся з кіраўніком Адэскай вобласьці Міхаілам Саакашвілі. Вядома, што асоба былога прэзыдэнта Грузіі выклікае моцнае раздражненьне ў Масквы. Якая такая моцная неабходнасьць была ў Макея сустракацца з Саакашвілі? Ён вырашыў патроліць Крэмль? Трохі дзіўна, бо менавіта цяпер вырашаецца пытаньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту ў памеры каля 3 млрд даляраў ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, які кантралюецца Расеяй».

Фёдараў: «Сапраўды, цяпер для кіраўніцтва Беларусі ня той час, каб раздражняць Расею. Бо вельмі патрэбныя крэдыты. Макей на прэсавай канфэрэнцыі адзначыў, што для Беларусі вельмі цікавы Адэскі порт, каб празь яго ажыцьцяўляць транзыт сваіх тавараў. Таму даводзіцца дамаўляцца з кіраўніком Адэскай вобласьці Саакашвілі».

Карбалевіч: «Дасюль галоўным украінскім портам для транзыту беларускіх тавараў быў Нікалаеў».

Рабчук: «Увогуле для Беларусі больш выгадныя балтыйскія парты, найперш — Клайпеда. Што тычыцца гэтай сустрэчы з Саакашвілі, то гэта, я думаю, ня столькі тролінг Масквы, колькі гульня на падвышэньне ставак. Беларусь — кліенталісцкая дзяржава, залежная ад Расеі. Гэта сыгнал Маскве, маўляў, дайце нам яшчэ нейкіх субсыдыяў, а то мы сустрэнемся яшчэ зь якім-небудзь Абамам ці пасябруем з праклятым НАТО».

Карбалевіч: «Якраз у момант, калі Макей быў ва Ўкраіне, дзяржаўнае тэлебачаньне Беларусі паведаміла, што беларускія спэцслужбы выявілі канал вярбоўкі наёмнікаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны на баку ўкраінскага войска. Маўляў, дапамогу гэтаму працэсу аказваў апазыцыйны „Малады фронт“. Што б гэта значыла?»

Фёдараў: «Па-першае, гэта спроба нэўтралізаваць, збалянсаваць у вачах Расеі нэгатыўнае ўражаньне ад сустрэчы Макея з Саакашвілі. Па-другое, трэба замазаць перад выбарамі апазыцыю — маўляў, глядзіце, яна ўцягвае Беларусь ва ўкраінскі канфлікт. А як вядома, беларускае грамадзтва гэтага вельмі баіцца».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG