Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд: трох санкцыйных гусей трэба было спаліць


Інспэктару Рассельгаснагляду зрабілі вымову за зьнішчэньне трох санкцыйных гусей бульдозэрам. Яго зьвінавацілі, што ён парушыў тэхналёгію ўтылізацыі.

Пра гэта радыё «Говорит Москва» паведаміў прадстаўнік упраўленьня Рассельгаснагляду па Татарстану Яўген Іваноў.

«Калі гэта прадукцыя агародніцтва або садаводзтва, то ў гэтым выпадку можна выкарыстоўваць бульдозэр, раструшчыць і зьнішчыць. Мяса ці мясная сыравіна зьнішчаецца шляхам спальваньня. Інспэктар за гэта ўжо атрымаў вымову. Проста няправільна зрабілі ўтылізацыю. Трэба было спаліць, а яны раструшчылі трактарам і ў кучу склалі», — сказаў чыноўнік.

Інцыдэнт здарыўся паблізу паселішча Апастава ў Татарстане. Паліцыянты ў прысутнасьці панятых забралі тушкі гусей і адвезьлі на палігон цьвёрдых бытавых адкідаў. Там упакоўкі з замарожаным мясам паклалі на зямлю і раскаталі бульдозэрам.

Увесь працэс канфіскацыі і зьнішчэньня трох санкцыйных замарожаных тушак гусей быў зафіксаваны на відэакамэру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG