Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч: «Фармуем каманду на парлямэнцкія выбары» ВІДЭА


Прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Тацяна Караткевіч абвясьціла, што за рэгістрацыю яе ўдзельнікам выбарчай кампаніі сабрана 100 тысяч подпісаў.

Гэтай падзеі быў прысьвечаны брыфінг для журналістаў, які Тацяна Караткевіч зладзіла на пікеце каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» на праспэкце Незалежнасьці ў Менску. Разам з Тацянай Караткевіч удзел у брыфінгу для журналістаў узялі актывісты кампаніі «Гавары праўду», валянтэры, а таксама шматлікія пераапранутыя ў цывільнае супрацоўнікі спэцслужбаў, якія фільмавалі прысутных. Да пікету ў прызначаны час Тацяна Караткевіч прыехала на ровары разам з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы Андрэем Дзьмітрыевым, які, прамаўляючы перад выступам Тацяны Караткевіч, адзначыў:

«Сёньня для нас вельмі важны дзень, бо наша праца за амаль што паўтара месяца паказвае, што ня толькі мы аддаём людзям, але і людзі, грамадзяне Беларусі падтрымліваюць нас, аддаючы свае галасы».

Тацяна Караткевіч, у сваю чаргу, паведаміла, што тэмпы збору подпісаў і парадак разьлікаў даюць падставы сьцьвярджаць, што менавіта сёньня за яе будзе пастаўлены стотысячны подпіс, хоць дзе і калі гэта будзе зроблена, невядома — у Гомелі, Горадні ці ў якім невялічкім гарадку. З гэтай прычыны Тацяна Караткевіч перадусім падзякавала валянтэрам, якія зьбіралі за яе подпісы, а таксама актывістам кампаніі «Гавары праўду», «Сацыял-дэмакратычнай партыі» і партыі БНФ, якія падтрымалі яе вылучэньне на ўдзел у выбарах:

«Я таксама дзякую актывістам руху „За свабоду“, АГП, партыі „Справядлівы сьвет“, якія прынялі самастойныя рашэньні і дапамагалі зьбіраць подпісы».

Асабліва Тацяна Караткевіч падзякавала лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Анатолю Лябедзьку і партыі «Справядлівы сьвет» — Сяргею Калякіну:

«Я лічу, што яны і нашы каманды робяць вялікую справу для Беларусі. Мы ўсе імкнёмся да мірных пераменаў для лепшага жыцьця ў Беларусі. Мы ўдзельнічаем у гэтай кампаніі дзеля таго, каб данесьці людзям альтэрнатыву гэтай уладзе і кірунку жыцьця ў Беларусі. Маё асабістае меркаваньне, што калі распачаўся збор подпісаў, то ўсе ўнутраныя канфлікты адышлі на другі плян, бо мы пачалі працаваць на агульную мэту. Гэта вельмі аздаравіла стаўленьне людзей да дэмакратычных партыяў і кандыдатаў. Я лічу, што гэтую практыку варта працягваць і надалей».

Выступ Тацяны Караткевіч слухалі ня толькі журналісты і пераапранутыя міліцыянты, але і мінакі. Некаторыя зь іх тут жа аддавалі свае пашпарты, каб падпісацца за кандыдатку, а некаторыя перапытвалі, ці ёсьць у выбарчай праграме кандыдаткі пытаньне кантролю за будаўніцтвам жыльля, выказваючы свае скаргі. Хтосьці жадаў посьпехаў, ня верачы ў вынікі выбараў. На пытаньне Свабоды, ці верыць Тацяна Караткевіч у справядлівасьць выбараў і які сэнс мае яе ўдзел у кампаніі, яна адказала:

«Я ня думаю, што галасы выбарцаў будуць палічаныя справядліва і гэтым разам. Але мы скіраваныя на дасягненьне сваёй мэты, і яна не завяршаецца атрыманьнем пасады прэзыдэнта. Яна завершыцца, калі ў краіне распачнуцца мірныя перамены. Я папярэджваю людзей, каб яны не расчароўваліся, бо мы не зьбіраемся сыходзіць, мы фармуем каманду на парлямэнцкую кампанію. Мы застанемся зь людзьмі, пакуль не дасягнем сваёй мэты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG