Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спынілася сэрца выдатнага актора, яркага чалавека Сяргея Жураўля. Яму быў усяго толькі 61 год. Калі б ня гэтая найвышэйшая несправядлівасьць, ён мог бы яшчэ выканаць дзясяткі роляў, якія б радавалі гледачоў і ратавалі ўжо вельмі моцна хворы беларускі тэатар. Сьмерць няўмольна штогод косіць аднаго за адным лепшых творцаў, і застаецца ўсё меней тых, хто сапраўды беларускую сцэну мог бы вылекаваць.

Але зараз не пра тэатар, а пра актора, чалавека, зь якім я падзяліў сваю тэатральную маладосьць, за што я яму, хоць наша сяброўства пазьней і аслабела, буду да канца ўжо маіх дзён удзячны.

Мы сустрэліся зь Сяргеем Жураўлём ля калёнаў Тэатру юнага гледача пры канцы 1974 году. Яго, студэнта Тэатральна-мастацкага інстытуту, і мяне, студэнта БДУ, тагачасны галоўны рэжысэр ТЮГу Рыгор Баравік запрасіў на цэнтральныя ролі ў спэктаклі «Маладая гвардыя». Пазнаёміліся, імгненна адчулі ўзаемную сымпатыю, і крыху баязьліва (ідзем жа ў прафэсійны тэатар) разам упершыню пераступілі яго парог у якасьці актораў. Затым былі шчасьлівыя месяцы працы ў абноўленай моладзьдзю трупе ТЮГу з маскоўскім рэжысэрам Паўлам Хомскім. Былі і ня меней радасныя некалькі гадоў дружбы. Жыцьцё зьлівалася з тэатрам, які мы шалёна любілі, тэатар зьліваўся з жыцьцём. Мы радаваліся кожнай рэпэтыцыі, кожнай прэм’еры, кожнаму выхаду на сцэну, гастролям. Напоўніцу ўдзельнічалі ў тэатральных банкетах і вечарынках, разам заляцаліся да маладых акторак-сябровак, разам адпачывалі ў Карэліі, маглі ноч напралёт сьпяваць пад гітару. Сябры Сяргея сталі маімі, мае — ягонымі. Радасна мы адсьвяткавалі ягонае вясельле, на якім я быў сьведкам, і моцна перажывалі ягоныя першыя жыцьцёвыя страты.

«Маладая гвардыя» мела фантастычны посьпех. У юнага актора Жураўля зьявіліся дзясяткі, сотні прыхільнікаў, якія па некалькі разоў ішлі адмыслова паглядзець на яго ў ролі Цюленіна. Абаяльны, эмацыйны, плястычны, сьпеўны — які гэта быў выразны і яркі Цюленін! Крытыкі, калегі загаварылі пра нараджэньне новай тэатральнай зоркі. І не памыліліся. Кожная новая роля маладога артыста захапляла. Богам дадзеная арганічнасьць, перададзенае выдатнымі выкладчыкамі на чале з кіраўніком курсу Аляксандрам Бутаковым акторскае майстэрства і сур’ёзнае стаўленьне да прафэсіі, адкрытасьць, шчырасьць, інтэлігентнасьць, выхаваныя бацькамі. Усё гэта разам зрабіла зь Сяргея Жураўля Артыста, менавіта зь вялікай літары.

Ён мог сыграць усё, і ўсё сыграў. І хлопчыкаў у падлеткавым рэпэртуары ТЮГу, і найскладанейшыя ролі ўсясьветнага рэпэртуару — Трэплева, Тарцюфа, Скапэна, і герояў рэальных біяграфіяў (не забыць ягонага Сальвадора Далі), і казачных пэрсанажаў (спэктакль «Бэмбі» зь Сяргеем Жураўлём у загалоўнай ролі і ў экстравагантнай рэжысуры Юрыя Міроненкі зь філязофска-публіцыстычным пасылам стаў вялікай падзеяй у тэатральным жыцьці). Наймацнейшая плашчына ў ягонай творчасьці зьвязаная спачатку з антрэпрызнымі спэктаклямі Мікалая Пінігіна, а пасьля і з сумеснай іх працай на Купалаўскай сцэне. Гэта той шчасьлівы выпадак, калі рэжысэр і актор знаходзяць адзін аднаго і ў даверы і любові ствараюць мастацтва. Сяргею Жураўлю можна было і трэба было верыць, і ён верыў таленту.

Асьмелюся сьцьвярджаць, што ў творчай біяграфіі Артыста не было ніводнага правалу. Былі правальныя з гледзішча рэжысуры спэктаклі, але ролі Жураўля ў іх усё роўна былі філігранна сыграныя, героі заставаліся жывымі і разумнымі. Нават здавалася, што яму і працаваць над ролямі ня трэба, такі глыбокі быў талент, абаяльнасьць, арганічнасьць.

Маё ўнутранае адчуваньне сёньня — адчуваньне разьвітаньня з тэатральнай маладосьцю і сталасьцю, з выбітнай творчай асобай майго пакаленьня. Пакуль жывуць людзі, якія рабілі цікавы тэатар, здаецца, што жыве і той тэатар. Калі нас пакідаюць акторы, паступова і мы аддаляемся ад іхных роляў, яны размываюцца ў памяці і зьнікаюць зь яе, застаючыся толькі старонкай у гісторыі тэатру. Жыў Сяргей Журавель, і нібыта заставаліся жыць ягоныя героі — у ягонай плястыцы, у ягоных эмоцыях. Цяпер іх успрымаеш як яркую ўспышку на сонцы, як імгненьне.

Хутка, імкліва, аж да немагчымасьці асэнсаваць гэта, праляцела жыцьцё Сяргея Жураўля. Ён застаецца на фатаздымках пераважна з абаяльнай усьмешкай, спакойны, шчасьлівы. І гэта пры тым, што за сваё жыцьцё перажыў шмат і драмаў, і трагедыяў. Яны заставаліся па-за сцэнай і экранам, яны не былі бачныя і вядомыя гледачам, ненастойліва хіба што ён далучаў да іх самых блізкіх.

Бывай, Сяргей... Спакойна спачывай у сьвеце лепшым... Дзякуй і даруй!

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG