Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менская ганьба: рэфарматар Чапскі ляжыць у безыменнай магіле


Магіла графа Чапскага

Магіла графа Чапскага

15 жніўня ў Менску будзе адзначацца 155-годзьдзе ад нараджэньня графа Чапскага, які больш за 10 гадоў эфэктыўна кіраваў горадам.

Гэта быў пэрыяд ініцыятыўных рэформаў інфраструктуры, гаспадаркі, сфэры культуры. Такіх тэмпаў разьвіцьця, лічаць гісторыкі, Менск ня бачыў ні да Чапскага, ні пасьля яго.

Ян Караль Аляксандар фон Гутэн-Чапскі быў прызначаны на гарадзкога галаву ў 30 гадоў і стаяў на чале гораду ад 1890 да 1901 году. У немалой ступені дзякуючы ягоным намаганьням адсталае губэрнскае места на сутыку вякоў ператварылася ў перадавы эўрапейскі горад.

Зрэшты, працоўныя нагрузкі не мінулі бясьсьледна — гораданачальнік памёр ад сухотаў у 44-гадовым узросьце, неўзабаве пасьля вымушанага адыходу ад спраў. Пасьля ўсталяваньня бальшавіцкай улады менчукі паступова забыліся пра свайго рэфарматара, а ягоная магіла ў Станькаве ператварылася ў бугор, парослы беразьняком. Больш як праз 100 гадоў пасьля сьмерці Чапскага выправіць гістарычную несправядлівасьць бяруцца сталічныя прадпрымальнікі.

Праект аднаўленьня спадчыны выбітнага земляка ініцыяваў віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў, дырэктар гісторыка-культурнага фонду «Ляліва» Іван Гардзіеўскі. Першым чынам, на яго думку, трэба ўсталяваць на цяперашняй вуліцы Леніна, дзе колісь месьцілася Менская гарадзкая ўправа, бюст у гонар Караля Гутэн-Чапскага. Праўда, хаджэньне па дзяржаўных інстанцыях пакуль што застопарылася на стадыі ўзгадненьня:

Іван Гардзіеўскі

Іван Гардзіеўскі

«Мы заявілі пра намер паставіць бюст у сквэры ля гатэля „Эўропа“, там жа ўсталяваць памятны знак, дзе стаяла гарадзкая ўправа, і назваць сквэр імем Караля Чапскага. Горад даў нам адказ: згодна з урадавай пастановай аб помніках манумэнтальнага мастацтва мы павінны прадставіць ім эскізны праект бюста з прывязкай да мясцовасьці. Гэтым архітэктары ўжо займаюцца. А далей — цэлая працэдура. Міністэрства культуры павінна зрабіць даведку: так, асоба годная, каб ёй стаяў помнік. На падставе гэтай высновы Менгарвыканкам зьвяртаецца да прэзыдэнта з просьбай усталяваць бюст такой і такой асобы. Ва ўсялякім выпадку, нам не адмовілі, сказалі — прадстаўце эскізны праект, будзем вывучаць магчымасьць. Так што працэс ідзе. А што тычыцца перайменаваньня, то адпісалі: матэрыялы пададзеныя ў камісію па назвах вуліц».

Іван Гардзіеўскі ўпэўнены, што Караль Чапскі сваёй працай заслужыў ад нашчадкаў нашмат большай павагі, паколькі быў пачынальнікам рэвалюцыйных па тым часе навацыяў: першая электрастанцыя, першы тэлефон, першая конка, першы лямбард, першае крэдытнае таварыства. Пры ім было завершана будаўніцтва гарадзкога тэатру (цяперашні Купалаўскі), адчынены шэраг прытулкаў, арганізаваная сетка спартовых аб’яднаньняў. Паводле апошніх тэхналёгіяў быў абсталяваны бровар, які пад брэндам «Аліварыя» дзейнічае дагэтуль. Сёлета на сьцяне заводзкага музэю нарэшце зьявіўся барэльеф Чапскага.

Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскію Барэльеф на сьцяне музэю заводу «Аліварыя». Аўтар — скульптар Павал Вайніцкі

Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскію Барэльеф на сьцяне музэю заводу «Аліварыя». Аўтар — скульптар Павал Вайніцкі

Аднаўленьне памяці пра выбітнага гораданачальніка, лічыць Іван Гардзіеўскі, не павінна зводзіцца толькі да мэмарыялізацыі ў цэнтры сталіцы. Трэба давесьці да ладу і мясьціны, непасрэдна зьвязаныя з родам Чапскіх. У прыватнасьці — адбудаваць капліцу над родавай крыптай у Станькаве і ўпарадкаваць сядзібуу ў Прылуках:

«У невялікім коле ў суботу правядзём імшу на месцы пахаваньня Караля Чапскага ў вёсцы Станькава. Колісь там стаяла радавая крыпта, у якой было пахавана пяць асобаў з роду Чапскіх, у тым ліку і Ян Караль. У 1960-х крыпта была разбураная, і месца пахаваньня выглядае як узгорак, там нават крыжа няма. Таму зрабілі крыж з таблічкай, і апоўдні 15 жніўня наладзім невялікую паніхіду, ускладзём кветкі. Мясцовы сьвятар правядзе на магіле малебен, усталюем крыж, каб хоць неяк абазначыць месца, дзе пахаваны колішні кіраўнік горада. Таму што цяпер магіла як безыменная, няма папросту нічога. Вельмі крыўдна. І гэтым будзе дадзены старт іншым праектам. Так, мы ініцыюем аднаўленьне на радавой крыпце капліцы, яна таксама была разбураная. Праект капліцы ўжо зроблены архітэктарам Масьліевым, ён навуковы кіраўнік усяго станькаўскага комплексу. Будзем працэс працягваць. Адначасова, канечне, трэба шукаць сродкі, бо ўсё гэта каштуе немалых грошай».

Сквэр на вуліцы Леніна, які можа стаць сквэрам Чапскага

Сквэр на вуліцы Леніна, які можа стаць сквэрам Чапскага

Цяперашніх кіраўнікоў Менску фігура выбітнага папярэдніка практычна не цікавіць. Ініцыятар ушанаваньня памяці Караля Чапскага Іван Гардзіеўскі кажа, што зьвяртаўся да «айцоў гораду» з прапановай паспрабаваць сумесна аднавіць вехі дзейнасьці эфэктыўнага мэнэджэра, аднак пакуль сувязь выключна аднабаковая:

«Я пісаў ліст мэру, балазе на афіцыйным сайце Менгарвыканкаму minsk.gov.by ёсьць адмысловая рубрыка — напісаць ліст кіраўніку горада. Два лісты напісаў з прапановай, каб гарвыканкам зьвярнуў больш увагі на пытаньні ўшанаваньня памяці Чапскага, бо было б добра, каб улада зрабіла хоць нейкі крок насустрач грамадзкасьці. На жаль, пакуль ініцыятывы зь іх боку ніякай няма. Але мы не апускаем рукі, бо, як кажуць, час і камень точыць. Прынамсі, мы рашучыя ў жаданьні аднавіць гістарычную справядлівасьць. І найпершай нашай задачай пасьля адзначэньня 155-гадовага юбілею будзе ўсталяваць бюст Караля Чапскага ў Менску і падбаць пра яго магілу ў Станькаве».

___________________________________

Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскі — дзяржаўны дзеяч, прадпрымальнік, філянтроп. Нарадзіўся 27 жніўня 1860 году ў вёсцы Станькава Менскага павету (Дзяржынскі раён), скончыў Дэрпцкі ўнівэрсытэт (Тарту, Эстонія) са ступеньню кандыдата палітэканоміі і статыстыкі. Цягам 1890–1901 гадоў — гарадзкі галава Менску. Прыклаў нямала намаганьняў, каб надаць будучай беларускай сталіцы эўрапейскі лоск і парадак. У 1892-м у горадзе запрацавала конка, у 1895-м — электрастанцыя, яшчэ праз год — тэлефонная станцыя. Пабудаваныя лямбард, начныя прытулкі, шпіталі, амбуляторыі, пачалося электрычнае асьвятленьне вуліц. Спрыяў адкрыцьцю Таварыства аматараў спорту, а пры канцы кадэнцыі — Гарадзкога крэдытнага таварыства і Таварыства аховы жанчын. Сябра Менскага таварыства сельскай гаспадаркі. Меў маёнткі ў Менскім і Ігуменскім паветах, бровар у Менску («Аліварыя»). Памёр у студзені 1904-га на курорце ў Нямеччыне, пахаваны ў Станькаве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG