Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты кажуць, што маюць патрэбныя 100 тысяч подпісаў


Да заканчэньня збору подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі застаецца роўна тыдзень. На сёньня ўжо чатыры прэтэндэнты паведамілі, што пераадолелі рубеж у 100 тысяч подпісаў.

У праўдзівасьці іхніх словаў можна будзе пераканацца толькі пасьля таго, як сапраўднасьць подпісаў правераць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

САБРАНА

Лукашэнка — больш за 900 тысяч

Гэтую лічбу называе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Цярэшчанка — 128 тысяч

Такую колькасьць подпісаў Свабодзе назваў сам патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта.

Гайдукевіч — больш за 120 тысяч

Дадзеныя прыводзіць першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Караткевіч — 100 тысяч

Пра рубеж, які ўзяла прэтэндэнтка, паведамляе кіраўнік яе выбарчага штабу Андрэй Дзьмітрыеў.

Улаховіч — 79 тысяч

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мікалая Ўлаховіча, заснавальніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» — Міхаіл Образаў сказаў Свабодзе, што ўжо сабрана 79 тысяч подпісаў. Але гэта дадзеныя без уліку некалькіх апошніх дзён.

Лябедзька — каля 70 тысяч

Лічбу назваў кіраўнік выбарчага штабу лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін. Падобна, што партыйная мабілізацыя, абвешчаная 11 жніўня, пачала прыносіць плён.

Калякін — 64 тысячы

Кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна Валер Ухналёў паведаміў Свабодзе, што гэта дадзеныя ад пачатку збору подпісаў па панядзелак 10-га жніўня ўключна. Абноўленыя лічбы стануць вядомыя заўтра.

Раманоўская — колькасьць невядомая

У пэдагога Жанны Раманоўскай, якая часова не працуе, у ініцыятыўнай групе толькі 110 чалавек. Ва ўсіх астатніх прэтэндэнтаў — больш за тысячу. Кандыдатка па-ранейшаму адмаўляецца агучваць лічбу сабраных за яе подпісаў.

Сапраўднасьць лічбаў, якія паступаюць з выбарчых штабоў патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы, можа пацьвердзіць альбо абвергнуць толькі Цэнтральная выбарчая камісія. Але толькі пасьля таго, як аўдыт подпісаў правядуць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

ЗДАДЗЕНА:

У ЦВК называюць наступныя лічбы ўжо атрыманых на праверку подпісаў:

Лукашэнка — больш за 900 тысяч

Ініцыятыўная група кіраўніка Беларусі ўжо здала ў тэрытарыяльныя камісіі амаль усе сабраныя подпісы. Яны ахопліваюць усе вобласьці краіны.

Гайдукевіч — 35 тысяч

Зь Берасьцейскай і Віцебскай абласьцей дадзеныя пра атрыманыя подпісы ў ЦВК не паступалі.

Улаховіч — больш за 15 тысяч

Каманда Мікалая Ўлаховіча здала правяраць подпісы толькі ў Менску і Менскай вобласьці.

Караткевіч — 1 тысяча

Ад кандыдаткі паступілі падпісныя лісты зь дзьвюх абласьцей — Берасьцейскай і Віцебскай.

Калякін — 48 подпісаў

«Гэта пасьпяшаўся адзін наш калега ў Вілейцы. Мы вырашылі здаваць подпісы на праверку ўсёй камандай бліжэй да 21 жніўня», — тлумачыць кіраўнік выбарчага штабу кандыдата Валеры Ўхналёў.

Цярэшчанка — 0 подпісаў

«Мы цяпер вельмі ўважліва пераправяраем сабраныя подпісы. Час дазваляе не сьпяшацца».

Лябедзька — 0 подпісаў

«Мы будзем здаваць падпісныя лісты па ўсёй Беларусі адначасова, у адзін-два дні. Таму для нас нічога дзіўнага ў лічбе „нуль“ няма», — адзначае кіраўнік выбарчага штабу лідэра АГП Леў Марголін.

Раманоўская — 0 подпісаў

Кандыдатка яшчэ не здавала подпісы на праверку.

У ЦВК Свабодзе ўдакладнілі, што апошні дзень збору подпісаў прыпадае на 21 жніўня. У гэты ж дзень трэба і здаць іх на праверку. Тэрытарыяльныя камісіі, куды трэба несьці падпісныя лісты, будуць працаваць у гэты дзень да 19 гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG