Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памёр актор Сяргей Журавель


Сяргей Журавель

Сяргей Журавель

«Выдатны беларускі актор. Чалавек, зь якім у 1974 годзе мы сустрэліся ля Тэатру юнага гледача і разам пераступілі яго парог, каб сыграць у спэктаклі «Маладая гвардыя», зь якім нас на некалькі наступных гадоў зьвязала вельмі цесная дружба. У дадзены момант больш словаў няма, толькі роспач... Сьветлая памяць», – напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі.

«14.08.2015. На 62-ім годзе жыцьця пакінуў гэты сьвет народны артыст Беларусі Сяргей Журавель. За свой твочы шлях артыст сыграў і Сальвадора Далі, і Несьцерку, і Тарцюфа. І ў кожнай ролі быў беларусам…» – згадаў у фэйсбуку пісьменьнік Віктар Шніп.

Рыгор Баравік пазнаёміўся зь Сяргеем Жураўлём, калі той быў яшчэ студэнтам тэатральнага факультэту Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту. Галоўны рэжысёр ТЮГа Баравік запрасіў студэнта Жураўля ў свой тэатр – з гэтага пачалося іх доўгае сяброўства і плённая супраца.

«Зь Сяргеем Жураўлём мы прайшлі вялікі шлях. Я ўзяў яго акторам у Тэатр юнага гледача, калі той яшчэ быў студэнтам-трэцякурсьнікам. Ён сыграў ролю Цюленіна ў спэктаклі «Маладая гвардыя» і Трэплева ў «Чайцы». Пасьля, калі я арганізоўваў Маладзёжны тэатр, Сяргей Журавель падтрымаў мяне і стаў адным са стваральнікаў гэтага тэатру. Сяргей быў вядучым артыстам і ў ТЮГу і ў Маладзёжным тэатры, у тэатры імя Янкі Купалы ён яшчэ не пасьпеў набраць моцы і цалкам прадэманстраваць свой талент.

Гэта вельмі вялікая страта. Нечаканая для ўсіх. Апошні раз мы сустрэліся зь Сяргеем на закрыцьці сэзону ў Маладзёжным тэатры і ён патлумачыў мне, што па стане здароўя зьбіраецца сыходзіць з тэатру імя Янкі Купалы. І вось у такім росквіце сілаў і так нечакана для ўсіх… Гэта ўзрушэньне для сяброў і блізкіх. І безумоўна, узрушэньне для ўсіх тэатральных дзеячоў Беларусі, ды і для беларускай культуры агулам. Сяргей Журавель быў рэдкага таленту чалавекам, цудоўным арганізатарам – мы памятаем створаны ім антрэпрызны «Нікаля-тэатр».

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, дзе працаваў Сяргей Журавель, Мікалай Пінігін кажа, што тэатральная супольнасьць страціла «магчыма аднаго з самых лепшых артыстаў».

«Я зь ім прапрацаваў усё жыцьцё. І лепшыя спэктаклі, якія рабіў, былі зь ім. Мы шмат працавалі ў Купалаўскім тэатры, вучыліся разам з розьніцай у тры гады. Для мяне гэта сябар і залаты чалавек, любімы, выбітны артыст. Можа быць, адзін з самых лепшых у Беларусі», – сказаў Мікалай Пінігін парталу tut.by.

Сын Сяргея Жураўля паведаміў журналістам, што ягоны бацька памёр у сьне ад спыненьня сэрца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG