Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч абвяргае інфармацыю БТ пра канал вярбоўкі наймітаў


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

13 жніўня тэлеканал Беларусь 1 паведаміў, што беларускія спэцслужбы выкрылі канал вярбоўкі наймітаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны.

Арганізатарам каналу называецца ўкраінец з пазыўным «Тарас». Вярбоўка нібыта адбывалася праз сацыяльныя сеткі і вялася сярод «маладых радыкалаў, а таксама душэўна хворых, беспрацоўных, былых крымінальнікаў і футбольных фанатаў».

Тэлеканал таксама паведаміў, што інфармацыйнае суправаджэньне аказвалі некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, а таксама арганізацыя «Малады фронт», зарэгістраваная ў Чэхіі.

Сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч заяўляе, што інфармацыя, агучаная на БТ, не адпавядае рэчаіснасьці:

«Я не гляджу ніякай тэлевізіі, тым больш беларускай. Інфармацыя гэтая зьяўляецца поўнай ахінеяй. Калі б былі выяўленыя групоўкі і фармаваньні, тым больш (у сюжэце — РС) згадваецца КДБ і памежны камітэт, то былі б адпаведныя крымінальныя справы ці хаця б допыты. Але ні мяне, ні, наколькі я ведаю, іншых актывістаў руху не выклікалі ні на допыты, ні на размовы.

Ахінея — сама сутнасьць інфармацыі, што мы, „Малады фронт“, „кагосьці зьбіраем“. Як і многія грамадзяне Беларусі, мы маем выразную пазыцыю па ўкраінскім канфлікце. Расея — гэта агрэсар, які рана ці позна атрымае асуджэньне на новым „нюрнбэрскім трыбунале“. Мы не зьбіраем аніякую армію.

Ёсьць людзі, якія вырашылі ваяваць, як, напрыклад, Эдуард Лобаў. Але гэта асабістае рашэньне кожнага чалавека. Як можна сказаць „ты едзь, аддай жыцьцё хоць і за родную дзяржаву, але не за сваю“. Гэта бязглузда і непатрэбна. Хто жадае, той самастойна прымае такія рашэньні».

Пры канцы ліпеня стала вядома, што былы палітвязень сустаршыня «Маладога фронту» Эдуард Лобаў ваюе ва Ўкраіне на баку АТА. «Калі мы не дапаможам Украіне змагацца ў гэтай вайне, то наступным наступальным этапам Расеі можа аказацца Беларусь», — кажа Эдуард Лобаў у відэазвароце, які разьмешчаны на канале youtube у суполцы «Згуртаваньне патрыётаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG