Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары фільма «Крым, як гэта было»: Хочам здымаць герояў, я ня здраднікаў


Дакумэнталісты групы «Бабілён 13» прэзэнтавалі ў Кіеве анонс будучага паўнамэтражнага фільма «Крым, як гэта было». Фільм зьбірае гісторыі вайскоўцаў, якія адышлі з паўвострава пасьля анэксіі і працягнулі служыць у мацерыковай Украіне. Гэта сумесны праект кінэматаграфістаў і Ўкраінскага крызыснага мэдыяцэнтра.

«Спачатку мы хацелі выбраць больш агульную тэму, але калі пачалі сустракацца з вайскоўцамі, зразумелі, што здымаць трэба менавіта пра іх. Таму што гэта людзі, якія прынялі прысягу і павінны паводзіць сябе адпаведна», — адзначае рэжысёр «Бабілёну 13» Канстанцін Кляцкін.


Тых, хто застаўся ў Крыме, у фільме ня будзе.


«Мы не плянавалі паказваць людзей, якія, прыняўшы прысягу, здрадзілі потым краіне і народу. Аднак некаторыя героі ўспамінаюць пра іх. Адзін з курсантаў, якога мы здымалі, кажа, што не разумее, як можна проста зьмяніць форму і пайсьці ваяваць у іншую краіну. Мы паказваем стаўленьне нашых пэрсанажаў да тых, хто застаўся ў анэксаваным Крыме», — дадае прадстаўнік Украінскага крызыснага мэдыяцэнтра Сяргей Малярчук.


Здымачная група ўжо пабывала ў Адэсе, Хэрсоне, Мікалаеве, зьбіраецца паехаць у Марыюпаль, Чангар і на лінію фронту. Адкрыты рахунак для дабрачынных ахвяраваньняў на фільм. Акрамя таго, аўтары фільма «Крым, як гэта было» просяць дасылаць ім архіўныя відэаматэрыялы, якія тычацца анэксіі.

XS
SM
MD
LG