Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіўся адмяняць указ Пуціна, які засакрэчвае людзкія страты. Відэакамэнтары


Вярхоўны суд Расеі сёньня прызнаў, што указ прэзыдэнта Пуціна пра засакрэчваньне стратаў Міністэрства абароны ў мірны час не супярэчыць закону. Грамадзяне будуць падаваць апэляцыю.

Прэзыдэнт Расеі 28 траўня ўнёс зьмены ў пералік зьвестак, аднесеных да дзяржаўнай таямніцы. У прыватнасьці, пункт пераліку зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, дзе было напісана: «зьвесткі, якія раскрываюць страты асабовага складу ў ваенны час», быў дапоўнены словамі: «у мірны час у пэрыяд правядзеньня спэцыяльных апэрацый».

Скаргу ў суд падала ініцыятыўная група грамадзянаў, якія лічаць, што ўказ Пуціна накіраваны супраць расьсьледаваньняў гібелі расейскіх салдат у Данбасе. Адвакат Іван Паўлаў заяўляе, што ўказ не адпавядае фэдэральнаму закону «Аб дзяржаўнай тайне», дзе зьвесткі пра страты асабовага складу не ўваходзяць у ніводную з катэгорый. У часе сёньняшняга паседжаньня заяўнікі настойвалі, што ўказ таксама парушае і правы чалавека.


Адказчыкамі на судзе былі прадстаўнікі прэзыдэнта, ураду і міністэрства абароны. Паводле іх тлумачэньняў, колькасьць войскаў і стан іх боегатовасьці адносяцца да сакрэтных.

Актывісты зьбіраюцца падаць апэляцыю ў Вярхоўны суд, а потым і ў Канстытуцыйны.

XS
SM
MD
LG