Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Чарняўскі: «Праект зоны аховы дастатковы для таго, каб абараніць Курапаты»


Праект зоны аховы Курапатаў зацьверджаны 1 красавіка 2015 году. Дагэтуль, ад 2004 году, існавала схема зоны аховы. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў начальнік управы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ігар Чарняўскі.

Праект зоны аховы Курапатаў быў зацьверджаны пасьля таго, як у лістападзе 2013 году былі ўнесеныя зьмены ў схему аховы, а менавіта — тэрыторыя ахоўнай зоны Курапатаў была зьменшаная з 100 да 50 мэтраў. Гэта сталася пасьля незаконнага ўзьвядзеньня на тэрыторыі ахоўнай зоны 4 дамоў забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол». У выніку зьмяншэньня ахоўнай зоны Курапатаў гэтыя дамы апынуліся на тэрыторыі, на якой забудова дазволена, і іх існаваньне стала законным. Зьмененыя гэткім чынам зоны аховы Курапатаў 1 красавіка і былі зацьверджаныя, атрымаўшы статус праекту.

Ігар Чарняўскі з гэтай нагоды сказаў:

«Калі рыхтавалася схема зоны аховы, то я рыхтаваў яе сам, асабіста. Ніхто тады ня выйшаў у лістападзе, каб хаця б патрымаць рулетку. Таму гэта была прыблізна вылічаная тэрыторыя, якая вымяралася крокамі. І тыя мэтры, якія там былі прапісаныя, — гэта даўжыня майго кроку.

Сёньня гэта вызначана нармальна на матэрыялах геападасновы, з добрым вымярэньнем. І я думаю, што вызначаныя ахоўныя зоны, і зона рэгуляванай забудовы, і аховы ляндшафту — яны дастатковыя для таго, каб абараніць Курапаты.

Больш за тое — матэрыялы дэталёвага пляну, які часткова рыхтаваўся па частцы прылеглай тэрыторыі ўнітарным прадпрыемствам „Мінскграда“, прадугледжваюць добраўпарадкаваньне, у тым ліку стаянкі, каб можна было наведваць Курапаты. Гэтае пытаньне ўвесь час дыскутуецца, і хачу сказаць таксама, што і ў грамадзкім асяродзьдзі няма адзінага погляду ў гэтым пытаньні.

Мы сустракаемся і з аднымі, і з другімі, і з трэцімі, і часам выказваюцца самыя розныя погляды на разьвіцьцё Курапатаў. Праект зоны аховы існуе, і ён дастатковы для таго, каб абараніць і самі Курапаты, і тыя гістарычныя элемэнты, якія прысутнічалі ў Курапатах і якія можна аднавіць. Да прыкладу, тую ж саму дарогу на вёску Драздова, якая знаходзіцца ў межах ахоўнай зоны».

Грамадзкія актывісты ініцыявалі тры судовыя працэсы ў справе абароны Курапатаў, у тым ліку супраць будоўлі на тэрыторыі ахоўнай зоны ўрочышча дамоў «Бульбаш-холу». Пазыцыю Міністэрства культуры ў гэтым пытаньні адзін з актывістаў у справе абароны Курапатаў, сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі пракамэнтаваў гэтак:

«За пятнаццаць гадоў, празь якія я асабіста клапачуся пра Курапаты, я ніколі ня быў на перамовах у Міністэрстве культуры і ня чуў, каб такія грамадзкія абмеркаваньні праводзіліся з кім-небудзь яшчэ. І больш за тое — ва ўмовах гэтай улады ніякіх абмеркаваньняў з грамадзкасьцю, якія б мелі канструктыўны вынік, быць ня можа.

З пункту гледжаньня ўжо таго, што ў Курапатах парушана ўсё, што можна. Тэрыторыя вакол была па 300 мэтраў з усіх бакоў, і тады сапраўды нічога не пагражала. А калі яна зьменшаная да 50 мэтраў, то гэта паўторыцца ізноў, і ў гэтую шчыліну, як кажуць, палезе і жук, і жаба.

І мы ўжо ведаем, што небясьпека існуе і з усходняга боку, дзе плянуецца забудова тэрыторыі ад выставачнага комплексу. І таму ня трэба казаць, што нічога не пагражае.

Сам забаўляльны комплекс у такім трагічным месцы — гэта ўжо зьнявага і пагроза. Бізнэс на крыві сотняў тысяч людзей ня робіцца. І тое, што пры гэтай уладзе такі бізнэс магчымы, то гэта і ёсьць пагроза, і гэта абсалютна амаральна. Але скончыцца пэрыяд гэтай сыстэмы, і будуць іншыя рашэньні: бізнэсу на касьцях ня будзе».

Курапаты — урочышча на паўночным усходзе Менску. Гэта лясны масіў, дзе ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя адбываліся масавыя расстрэлы людзей. У выніку эксгумацыяў, праведзеных дзяржаўнымі камісіямі ў 1988 і 1997 гадах, вядома, што масавыя рэпрэсіі праводзілі органы НКУС адносна працоўных, сялян, пісьменьнікаў і паэтаў, навукоўцаў. Паводле ацэнак навукоўцаў, у 510 ямінах пахаваныя каля 250 тысяч чалавек. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі, што азначае міжнародны статус. Згодна з пастановай ураду Беларусі ад 1989 году тут мае быць усталяваны мэмарыял у памяць бязьвінна закатаваных. Дзяржаўны мэмарыял дагэтуль не паўстаў, але створаны народны мэмарыял крыжоў. Грамадзкасьць клапоціцца пра ўпарадкаваньне Курапатаў і бароніць іх ад наступу бізнэсу і дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG