Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каложа і «Будслаўскі фэст» — на чарзе ў сьпіс ЮНЭСКА


Міністэрства культуры накіравала на разгляд у ЮНЭСКА папярэдні сьпіс нацыянальных каштоўнасьцяў для ўнясеньня ў пералік усясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны.

Гэта Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, Аўгустоўскі канал на беларуска-польскім памежжы, Калоская (Барысаглебская) царква ў Гародні, абарончыя храмы ў Сынкавічах, Мураванцы, Камаях, а таксама культавыя драўляныя збудаваньні на памежжы Беларусі з Украінай і Польшчай.

Што да нематэрыяльных каштоўнасьцяў, то на разгляд ЮНЭСКА накіраваныя матэрыялы аб тым, каб уключыць у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА Будслаўскі фэст.

У сьпіс усясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА цяпер уключаны Нясьвіскі палац Радзівілаў, замкавы комплекс у Міры, Белавеская пушча, геадэзычная дуга Струвэ. Калядны абрад «Цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёну ўключаны ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў ЮНЭСКА, якія маюць патрэбу ў тэрміновай абароне.

Агулам дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі налічвае больш за 5500 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Зь іх помнікаў архітэктуры — 1759, горадабудаўніцтва — 11, археалёгіі — 1200, мастацтва — 60, заказьнікаў — 4.

XS
SM
MD
LG