Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За беларускамоўныя графіці пачалі крымінальную справу


У Менску праваахоўныя органы пачалі крымінальную справу за беларускамоўныя графіці і за расфарбоўку сацыяльнага бігборда.

Пасьля вобшукаў у Менску і Смаргоні на кватэрах падазраваных і іхніх бацькоў было затрымана пяць чалавек. Некаторых адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Усе хлопцы маюць статус падазраваных, ім пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага, Яраслава Ульяненкава, яшчэ аднаго хлопца, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, а таксама грамадзяніна Расеі Паўла падазраюць ва ўдзеле ў шэрагу эпізодаў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ім прыпісваюць графіці «Беларусь мае быць беларускай» з арнамэнтам, перакрэсьленымі сярпом і молатам, свастыкай, іншымі сымбалямі і выявамі. Таксама графіці на былой вайсковай часьці з надпісам «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», з сылюэтам чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумесьсю. Таксама хлопцаў падазраюць у тым, што яны запэцкалі фарбай сацыяльны банэр з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вуліцы Гарэцкага ў Менску, што пацягнула за сабой матэрыяльную шкоду на 2 мільёны 200 тысяч беларускіх рублёў. Аўтараў гэтых графіці вінавацяць у наўмысных дзеяньнях, якія суправаджаліся пашкоджаньнем чужой маёмасьці. Пачата крымінальная справа за хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў.

11 жніўня пасьля 16 гадзін у Менску людзі ў чорнай форме з аўтаматамі і ў шлемах уварваліся ў тры розныя кватэры. Маладых жыхароў паклалі тварам да падлогі. У адной з кватэраў хлопцы праляжалі на падлозе каля гадзіны, да іх беспадстаўна ўжывалі электрашокеры. Потым на кватэрах прайшлі вобшукі ў межах крымінальнай справы, пра якую маладзёнам паведамілі значна пазьней.

Паводле праваабаронцаў, вобшукі праходзілі з парушэньнямі. Некалькі сьледчых адначасова пераварочвалі ўсё ў розных пакоях так, што за імі немагчыма было сачыць. У выніку ў маладых людзей вынялі «небясьпечныя» прадметы: кнігі, балёны з фарбай, усе грошы.

Вобшукі прайшлі і ў бацькоў маладых людзей у Менску і ў Смаргоні. Былі канфіскаваныя ўсе кампутары, а таксама кніга Ігара Аліневіча «Еду в Магадан».

Пасьля вобшукаў затрымалі пяць чалавек. Іх завезьлі ў Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Там, парушаючы працэсуальныя нормы, пачалі праводзіць «неафіцыйныя» гутаркі, псыхалягічна ціснуць, правакаваць, некаторых — зьбіваць.

У гэты ж вечар Яраслава Ульяненкава і Паўла адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Максіма Пякарскага і яшчэ аднаго хлопца дагэтуль трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня. А Вячаслава Касінерава знайшлі ў шпіталі з падвойным пераломам сківіцы і пад канвоем. Хлопцы не даюць паказаньняў, таму ім пагражаюць, што возьмуць пад варту да суду.

Як распавёў Яраслаў Ульяненкаў, у той вечар ён вярнуўся дахаты з працы, і празь некаторы час да яго ў кватэру, зламаўшы дзьверы, уварваліся людзі з аўтаматамі:

«Мяне павалілі на падлогу, закавалі ў кайданкі і пачалі біць нагамі па целе, па галаве, пагражалі. Потым цягалі па ўсёй кватэры, зацягнулі ў пакой, прымусілі стаць тварам да сьцяны. Білі па нагах, каб ногі стаялі максымальна далёка адна ад адной, працягвалі зьдзекавацца і зьбіваць. Пасьля гэтага „маскі-шоў“ пачалі сыходзіць, а ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі апэратыўнай службы і пачалі ператрус».

Паводле праваабаронцаў, пазьней у Сьледчым камітэце на Ўльяненкава фізычна і псыхалягічна ціснулі, пагражалі непрыемнасьцямі і крымінальным тэрмінам, казалі, каб здаў аўтараў графіці.

Яраслаў Ульяненкаў зьвязвае гэтую справу з выбарамі. Пра гэта ён распавёў на відэа, якое зьявілася ў сацсетках.

Хлопец распавёў, што прыблізна а сёмай гадзіне дзьверы ягонай кватэры зламалі супрацоўнікі АМАПу, якія не называліся, і зрабілі вобшук.

«Невядома, якія рэчы яны спрабавалі знайсьці. Я быў у кайданках, я быў зьбіты. Мяне зьбілі, нічога не тлумачачы. Мяне затрымалі па „непасрэдна ўзьніклым падазрэньні ва ўчыненьні злачынства“. Нібыта я нешта зрабіў. Бачна, што напярэдадні выбараў усе моладзевыя рухі, якія супярэчаць ідэалёгіі, перапыняюцца і ўчыняецца ціск на людзей. Мяне адпусьцілі дадому, бо па факце нічога не даказана. Але мяне будуць цягаць. Будзем змагацца, каб перамагчы».

Сябра Праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка так пракамэнтавала сытуацыю на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

«Перадвыбарчая сытуацыя 2010 году паўтараецца. Тады за кароткі тэрмін былі затрыманыя каля 70 анархістаў, частка зь іх былі абвінавачаныя па крымінальных артыкулах, некаторыя да гэтага часу за кратамі. І вось прайшло 5 гадоў, новыя выбары і новыя затрыманьні моладзі. Зараз па крымінальнай справе аб беларускамоўных графіці — 5 падазраваных: двое пад вартай, адзін у бальніцы пад канвоем з падвойным пераломам сківіцы, двое — пад падпіскай. У 2010 годзе ніхто з удзельнікаў выбараў не хацеў зьвяртаць увагі на тое, што адбывалася — і атрымалі тое, што атрымалі. Што скажуць цяперашнія ўдзельнікі?»

Праваабаронца Наста Лойка сказала карэспандэнту Свабоды, што ў трох хлопцаў тэрмін затрыманьня сканчаецца 14 жніўня ў 18.45. Адзін зь іх знаходзіцца пад аховай у шпіталі. Яшчэ адзін сёньня схадзіў на допыт і застаецца пад падпіскай. Яраслаў Ульяненкаў на волі, ён не мае дачыненьня да графіці, але на яго ціснулі, каб ён здаў хлопцаў. Наста кажа, што ёй цяжка ўявіць, каб за графіці рабіліся такія захады:

Наста Лойка
Наста Лойка

«Цяжка ўявіць, каб за малюнкі да людзей уломваўся спэцназ у кватэру ў поўнай амуніцыі, торгаў электрашокерамі людзей, якія ляжалі на падлозе. Выглядае, што гэта вельмі сур’ёзная трэніроўка.

Відавочна, што цяпер баяцца рабіць прамыя палітычныя рэпрэсіі, але бяруцца за розныя нефармальныя групы. То бок апошнім часам узмацніўся ціск на розных сацыяльных актывістаў, актывістаў анархічнага руху, на фанатаў. А цяпер гэта вылілася ў такую абсалютна дурную крымінальную справу.

Бо расцаніць як хуліганства графіці на сьцяне — гэта абсурд. Апошні раз такое рабілі толькі з Артурам Фінькевічам у 2006 годзе, калі яго асудзілі на паўтара года зьняволеньня за палітычныя графіці „Дастаў!“ і „Мы хочам новага!“. І я спадзявалася, што такое ніколі не паўторыцца. Але атрымліваецца інакш.

Сытуацыя абсалютна абсурдная, і мэта такіх захадаў — запужаць актывістаў. І гэта не зьвязана ні зь якім здаровым юрыдычным сэнсам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG