Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Адамчык: Беларускія жанчыны могуць пачувацца нават больш свабоднымі, чым жанчыны Манака


Выбітная амэрыканская пісьменьніца, рэжысэрка, літаратурны, мастацкі, тэатральны й кінакрытык С’юзан Зонтаг сьцьвярджала, што «найвышэйшае прызначэньне фотамастацтва — тлумачыць чалавека чалавеку».

А як тлумачыць нам чалавека, і перадусім жанчыну, вядомая беларуская фотамастачка Алена Адамчык, якая стварыла мноства партрэтаў прыгожых жанчын Эўропы, Афрыкі, Азіі?

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Вы паводле прафэсіі біёляг. Як біёляг мог стаць фотамастаком?

Алена Адамчык: Мне здаецца, што зусім натуральна. Я і цяпер займаюся тымі ж пытаньнямі, якімі займалася, калі была навукоўцам. Я абараніла дысэртацыю па праблемах геранталёгіі. І ў сваёй цяперашняй творчасьці я таксама стараюся захоўваць маладосьць і прыгажосьць жанчын.

Ракіцкі: Перадусім прыгажосьць вы бачыце ў нейкіх фізычных характарыстыках жанчын — ці ўсё ж духоўных? Дзе вы шукаеце прыгожае?

Адамчык: Прыгожае — гэта мастацтва, гэта погляд на рэчы. Пры чым тут фізычнае?

Ракіцкі: Але ж на вашых здымках мы бачым найперш жанчын з, так бы мовіць, выразнай, правільнай прыгажосьцю. Жанчыны стройныя, высокія, добра прычасаныя... Алена, вы здымалі жанчын па ўсім сьвеце...

Адамчык: Не зусім так. Я здымала жанчын у Эўропе, Афрыцы, Азіі, на Блізкім Усходзе.

Ракіцкі: Што ёсьць агульнага ў жанчын, прыкладам, Манака, Бэйруту, Беларусі?

Адамчык: Што ўсе яны ўвайшлі ў мае кнігі (сьмяецца). І нягледзячы на тое, што яны нарадзіліся ў розных месцах, што ў іх розныя рэлігіі, яны пачуваюцца ўтульна ў маім праекце, бо я стаўлюся да жанчыны як да кветкі, і мне бяз розьніцы, дзе яна квітнее.

Ракіцкі: І ня маюць значэньня раса, нацыянальнасьць, веравызнаньне?

Адамчык: Канечне. Іх аб’ядноўвае тое, што яны жанчыны.

Ракіцкі: І ў Беларусі, і ў Бэйруце, і ў Манака жанчыны аднолькава адчуваюць сябе свабоднымі? Хіба звычайная беларуска можа гэтаксама пачувацца свабоднай, як мільянэрка ці прынцэса ў Манака? Ёсьць паміж імі розьніца?

Адамчык: Вядома, ёсьць. Часам беларускі пачуваюцца нават больш свабоднымі, чым у Манака. Вось на тых апошніх здымках, якія я рабіла, я бачыла вельмі свабодных беларускіх жанчын, бо яны займаюцца тымі справамі, якія яны любяць, і жывуць на сваёй радзіме. Гэта вельмі істотна.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG