Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы чакаюць эскаляцыі канфлікту на ўсходзе


Украінскія вайскоўцы (архіўнае фота)
Украінскія вайскоўцы (архіўнае фота)

Узнаўленьне маштабных баёў яшчэ летам?

Меркаваньні экспэртаў адносна магчымай эскаляцыі падзей на ўсходзе Ўкраіны падзяліліся — некаторыя лічаць, што жнівень найбольш зручны для Расеі месяц, каб узмацніць ваенны націск, а некаторыя — што верхаводы баевікоў могуць з уласнай ініцыятывы расхістваць сытуацыю, каб пра іх не забывалі.

Сяргей Згурэц
Сяргей Згурэц

Да канца лета расейская армія найбольш гатовая для патэнцыйнай эскаляцыі канфлікту на ўсходзе Украіны. Да такой высновы прыйшоў вайсковы экспэрт, дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц.

Ён сказаў Радыё Свабода, што гэта зьвязана з характарыстыкамі любой арміі савецкага тыпу.

Ліпень-жнівень — гэта пэрыяд такой сьціснутай спружыны, у гэты пэрыяд любая постсавецкая армія прызыўнога тыпу мае самы вялікі патэнцыял

«Паблізу тэрыторыі Ўкраіны разьмешчаны палігон „Кузьмінскі“, адзін з найбуйнейшых у Расеі. Апошнія здымкі, якія былі зробленыя 20 ліпеня, паказваюць, што палігон пусты, уся тэхніка засталася, войскі пайшлі ў месцы дыслякацыі. Гэта трывожны сымптом, таму што ліпень-жнівень — гэта пэрыяд такой сьціснутай спружыны, у гэты пэрыяд любая постсавецкая армія прызыўнога тыпу мае самы вялікі патэнцыял» — адзначыў Згурэц.

Ён таксама адзначыў, што Украіна, каб супрацьстаяць гэтаму — крыху адкладвае свой наступны прызыў і адпаведную дэмабілізацыю.

Як сьведчаць спадарожнікавыя здымкі, у апошнія месяцы палігон актыўна выкарыстоўвалі для падрыхтоўкі падразьдзяленьняў расейскай арміі, а частку тэхнікі потым перадавалі баевікам, адзначыў Згурэц.

Аляксей Мельнік
Аляксей Мельнік

На думку экспэрта па пытаньнях бясьпекі Цэнтру Разумкова Аляксея Мельніка, паняцьце вяршыні магчымасьцяў прызыўной арміі досыць умоўнае.

«Калі кожныя 6 месяцаў ідзе прызыў і звальненьні, якраз пасярэдзіне будзе найбольшая колькасьць навабранцаў. Яны пасьпелі нечаму навучыцца, але гэта не зьяўляецца паказьнікам нейкай высокай прафэсійнасьці» — лічыць Мельнік.

12 жніўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў пасяджэньне Савету бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, якое прысьвяціў, паводле яго вызначэньня, абстрэлам «украінскімі вайскоўцамі населеных пунктаў Данецкай вобласьці і назіральнікаў АБСЭ», хоць самі прадстаўнікі гэтай арганізацыі не абвінавачвалі ўкраінскіх вайскоўцаў у абстрэлах.

Мікалай Патрушаў
Мікалай Патрушаў

Пасьля пасяджэньня сакратар Савету бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў адзначыў, што стратэгія нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны нацэлена на доўгатэрміновую канфрантацыю з Расеяй і што гэта ня можа іх не турбаваць.

Па словах Патрушава, «Украіна працягвае непатрэбны насельніцтву курс на мілітарызацыю, дае магчымасьць ЗША і НАТО карыстацца рэсурснай базай Украіны і ўзмацняе канфлікт на поўдні і ўсходзе краіны».

Асудзіла дзеяньні Кіева і расейскае Міністэрства замежных справаў.

«Заклікаем ўкраінскі бок праявіць стрыманасьць і не парушаць сваімі безадказнымі дзеяньнямі выкананьне менскіх дамоўленасьцяў у сфэры бясьпекі» — заявіла прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава.

Паўло Клімкін
Паўло Клімкін

У сваю чаргу кіраўнік украінскага МЗС Паўло Клімкін абвінаваціў у эскаляцыі канфлікту менавіта Расею і групоўкі «ДНР» і «ЛНР», якія прызнаныя ва Украіне тэрарыстычнымі.

«Апошнія прыклады эскаляцыі сытуацыі — гэта была сьвядомая, выразна сплянаваная апэрацыя, як у Шырокіне, так і ў Старагнатаўцы» — заявіў міністар падчас сумеснага брыфінгу зь беларускім калегам Уладзімірам Макеем, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».

Камэнтуючы правядзеньне асобнага пасяджэньня расейскага Савету бясьпекі па пытаньнях Данбасу, экспэрт Мельнік выказаў здагадку, што эскаляцыя канфлікту, у прыватнасьці ў раёне Марыюпалю — гэта ініцыятыва ўласна завадатара групоўкі «ДНР» Аляксандра Захарчанкі.

Калі ініцыятыва зыходзіць з Расеі, адтуль павінны пайсьці эшалёны зброі і боепрыпасаў.

«Гэта спроба баевікоў прыцягнуць да сябе ўвагу і спроба, груба кажучы, раскруціць Расею на грошы. Гэта стане ясна ў бліжэйшыя тыдні. Калі ініцыятыва зыходзіць з Расеі, адтуль павінны пайсьці эшалёны зброі і боепрыпасаў» — адзначыў Мельнік. Уласных рэсурсаў Захарчанкі хопіць толькі на два тыдні, лічыць экспэрт.

Няма грошай на мапы для ўкраінскай арміі

Між тым украінцам прапануюць фактычна купіць ўласнай арміі новыя тапаграфічныя карты — зь бюджэту грошы на іх ня выдзелілі.

Каб павысіць гатоўнасьць украінскай арміі, ініцыятыўная група, у якую ўваходзяць экспэрты, валянтэры і прадстаўнікі галіны спадарожнікавых здымкаў, прапануюць дапамагчы вайскоўцам у абнаўленьні апэратыўных мапаў — для гэтага трэба набыць у францускага канцэрну AIRBUS спадарожнікавую фатаграфічную інфармацыю пра тэрыторыю агульнай плошчай 48 000 квадратных кілямэтраў — зону АТО і часткі суседніх абласьцей.

Паводле аднаго з ініцыятараў праекту, дырэктара кампаніі «ТВІС» Алеся Ясінскага, дадзеныя ўжо сабраныя францускімі спадарожнікамі. Іх можна выкарыстоўваць для абнаўленьня мапаў маштабам 1:25000 — такіх, якімі карыстаюцца падразьдзяленьні на полі бою.

"Мы шукаем фінансаваньне на гэтыя 48 000 квадратных кілямэтраў, каб выкупіць іх з архіву. Пастаўка зойме каля 2 дзён, і пасьля таго, як мы ўсё паставім, а гэта будзе канец верасьня-пачатак кастрычніка, тапаграфічная служба атрымае сучасны матэрыял для вырабу актуальных мапаў і перадачы іх салдатам і афіцэрам на перадавую«— заявіў Ясінскі.

Спадарожнікавыя дадзеныя каштуюць каля 4 мільёнаў грыўняў і, нягледзячы на афіцыйнае заданьне вайсковага кіраўніцтва, сродкі на іх ня выдзеленыя. Таму ініцыятыўная група і зьвярнулася да грамадзян.

Сёньня тапаграфічная служба Ўзброеных сілаў Украіны забясьпечвае армію мапамі канца 1970-х і пачатку 1980-х гадоў, паведаміў начальнік групы электронных мапаў тапаграфічнай службы Аляксандр Краўчанка.

«Калі мы будзем мець новыя дадзеныя з касьмічных здымкаў і будзе магчымасьць дэшыфроўкі аб’ектаў, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, будуць прыцягнутыя палявыя падразьдзяленьні, якія змогуць выехаць на мясцовасьць, калі гэта не ў зоне баявых дзеяньняў, і абнавіць гэтыя характарыстыкі» — адзначыў картограф.

Кампанія «ТВІС» даўно супрацоўнічае зь сілавымі структурамі Ўкраіны — у прыватнасьці падае і расшыфроўвае дадзеныя з камэрцыйных спадарожнікаў, часьцей за ўсё амэрыканскіх і францускіх, па замове Міністэрства абароны.

Забесьпячэньне вайскоўцаў мапамі да гэтага часу зьяўляецца вострай праблемай, кажа актывіст валянтэрскага аб’яднаньня «МАП 100» Грыгорый Гарадзіскі. За тыдзень іх арганізацыя атрымлівае ў сярэднім дзесяць заявак ад войска і Нацыянальнай гвардыі, а кожная заяўка — гэта ад дзесяці да сотні мапаў.

«Яны не зьяўляюцца мапамі ў традыцыйным разуменьні, мы робім іх вельмі хутка. Графічныя дадзеныя выкарыстоўваем ад Open Street Map, гарызанталі нам бязвыплатна падала кампанія Luxena, а касьмічныя здымкі бярэм у Google Maps» — адзначыў валантэр.

Паводле яго, інфармацыя Google вельмі састарэлая — сустракаюцца ўчасткі, сфатаграфаваныя нават у 2004 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG