Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абыход кватэраў можа быць небясьпечным для зборшчыкаў подпісаў


Сябра партыі БСДП(Г) і кампаніі «Гавары праўду» Леанід Дубаносаў быў затрыманы міліцыянтамі ў часе збору подпісаў па кватэрах у Мікашэвічах. Яго даставілі ў аддзел міліцыі.

Аб гэтым Свабодзе распавёў намесьнік старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў:

«Каля 20-й гадзіны сябра нашай партыі Леанід Дубаносаў быў затрыманы ў часе абходу кватэр дзеля збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Тацяны Караткевіч. Падстава, паводле міліцыянтаў — званок невядомага, што Леанід Дубаносаў ходзіць па кватэрах у стане алькагольнага ап’яненьня. Леанід Дубаносаў сьцьвярджае, што ён абсалютна цьвярозы. На дадзены момант ён знаходзіцца ў Мікашэвіцкім ГАУС. Спадар Дубаносаў чакае таго чалавека, які абвінаваціў яго, што той нецьвярозы. Леанід патрабуе складаць на яго пратакол аб затрыманьні і везьці на экспэртызу на наяўнасьць алькаголю. Леанід Дубаносаў кажа, што будзе абскарджваць гэтае незаконнае затрыманьне».

Валянцін Лазарэнкаў зьвязвае затрыманьне з тым, што ў Мікашэвічах ды Лунінецкім раёне сябры каманды Тацяны Караткевіч актыўна зьбіраюць подпісы. Палітык распавёў, што напярэдадні актывісты гэтага рэгіёну здалі першыя 500 подпісаў.

Валянцін Лазарэнкаў дадаў, што абласная арганізацыя партыі паведаміць аб здарэньні ў ЦВК і складзе скаргу ў абласны аддзел МУС.

Праз паўтары гадзіны знаходжаньня ў ГАУС Леанід Дубаносаў распавёў па тэлефоне карэспандэнту Свабоды, што на яго склалі пратакол і павязуць на мэдычнае асьведчаньне на наяўнасьць алькаголю ў крыві.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG