Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік «ДНР»: Сытуацыя можа абвастрыцца аж да трэцяй сусьветнай вайны


Дзяніс Пушылін
Дзяніс Пушылін

Эскаляцыя канфлікту ў Данбасе: рэакцыя Кіеву і сэпаратыстаў.

Кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін заяўляе, што апошняя эскаляцыя сытуацыі ў Данбасе дэманструе спробы Масквы сарваць менскія дамоўленасьці.

«Гэта была сьвядомая, вельмі выразна сплянаваная апэрацыя, якая зьяўляецца прыкладам таго, як расейскі бок разам з Данецкам і Луганскам спрабуюць сарваць выкананьне менскіх дамоўленасьцяў», — заявіў Клімкін сёньня.

Апошнімі днямі ў штабе антытэрарыстычнай апэрацыі паведамляюць пра абвастрэньне сытуацыі ў Данбасе. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ.

Прадстаўнікі Эўразьвязу таксама заявілі, што чарговая эскаляцыя канфлікту на ўсходзе Ўкраіны парушае менскія дамоўленасьці, дасягнутыя ў лютым.

Гэтыя дамоўленасьці прадугледжваюць спыненьне агню і адвод цяжкіх узбраеньняў ад лініі разьмежаваньня ў Данбасе, аднак пагадненьні не выконваюцца, а бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню.


Адзін зь лідэраў самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін сёньня заявіў, што спыненьне менскага працэсу будзе азначаць «вялікую вайну».


«Кіеў напэўна таксама разумее, што калі „Менск“ будзе спынены, то гэта вайна ня толькі ў Данбасе, гэта можа быць вялікая вайна, яна можа абвастрыцца ажно да трэцяй сусьветнай вайны», — заявіў Пушылін на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

Ён мяркуе, што тэрмін дзеяньня менскіх дамоўленасьцяў павінен быць прадоўжаны на наступны год.

«Мы, напэўна, падтрымаем думку старшыні Эўрапарлямэнту Марціна Шульца аб неабходнасьці працягу менскіх пагадненьняў на 2016 год», — заявіў прадстаўнік ДНР.


Выкананьне менскіх пагадненьняў павіннае быць завершанае да канца 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG