Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 13 жніўня: дзень памяці Коласа, прэзэнтацыя прамысловай самагонкі, дзень леўшуноў


ФОТА ДНЯ: Горадня. Яўген Здановіч

ФОТА ДНЯ: Горадня. Яўген Здановіч

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Дзень памяці Якуба Коласа. У 13:30 у Коласаўскім музэі (Акадэмічная, 5, Менск) міні-экскурсія «Апошні дзень паэта», у 15:00 памінальны мітынг і ўскладаньне кветак на Вайсковых могілках.

У Нацыянальным прэс-цэнтры прадстаўнікі міністэрства культуры праводзяць прэс-канфэрэнцыю пра захаваньне нацыянальна-культурнай спадчыны Беларусі. Пачатак а 11-й.

У Браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музэі а 14-й адкрыцьцё выставы «10 вякоў гісторыі Браслава».

У бары «Хуліган» (вул. Кастрычніцкая, 16 у Менску) прадстаўнікі Слонімскага вінзаводу будуць прэзэнтаваць новую прамысловую сэрыю сваёй прадукцыі — самагону. Пачатак а 16-й.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1654 — пасьля працяглае аблогі горад Гомель быў захоплены казакамі Івана Залатарэнкі. Залатарэнка прывёў у Беларусь сваё 20-тысячнае войска пры падтрымцы маскоўскага цара. Для беларускіх гарадоў казацкая навала несла спусташэньне і разбурэньне, а бясчынствы захопнікаў над мірным насельніцтвам былі бесчалавечнымі.

1812 — нарадзіўся нямецкі бізнэсовец і вынаходнік Альфрэд Круп, найбуйнейшы пастаўшчык зброі сваёй эпохі, што дало яму мянушку «гарматны кароль». На заводзе фірмы Крупа зроблены флагшток над сёньняшняй прэзыдэнтурай Беларусі.

1899 — нарадзіўся клясык амэрыканскіх фільмаў жаху Альфрэд Хічкок.

1913 — нарадзіўся беларускі кампазытар Анатоль Багатыроў, адзін з заснавальнікаў беларускай опэры. Сярод іншага, ён напісаў музыку для опэры «У пушчах Палесься», абапёртай на аповесьці «Дрыгва» Якуба Коласа (пастаноўка ў 1939).

1920 — у польска-савецкай вайне пачалася гэтак званая Варшаўская бітва, у якой польскія сілы пад камандаваньнем Юзэфа Пілсудзкага затрымалі бальшавікоў каля Варшавы, а потым разьбілі іх і прымусілі да адступленьня. Шэраг польскіх перамогаў, якія адбыліся пасьля Варшаўскай бітвы, прывялі да мірнай польска-савецкай дамовы 1921 году ў Рызе. У выніку гэтай дамовы Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы.

Фідэль Кастра

Фідэль Кастра

1926 — нарадзіўся камуністычны дыктатар Кубы Фідэль Кастра. Ён кіраваў краінай з 1959 па 2006 год, калі перастаў зьяўляцца на публіцы і перадаў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы малодшаму брату Раўлю.

1942 — фашысты зьнішчылі Мірскае гета. Створана яно было на тэрыторыі славутага Мірскага замку. Пасьля таго, як акупанты загубілі паўтары тысячы мірскіх габрэяў, астатніх 850 чалавек сагналі ў замак. Некаторым вязьням удалося ўцячы ў лес, але большасьць людзей была расстраляная на месцы, у замку. Кіраваў расстрэлам нямецкі камэндант Фэст.

1942 — нарадзіўся беларускі кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, які зьняў фільмы «Душа мая Марыя», «Фруза», «Ціхія троечнікі», «Бацькі і дзеці» ды іншыя.

1956 — пакінуў гэты сьвет народны паэт Беларусі Якуб Колас. На разьвітаньне з клясыкам у менскі Палац прафсаюзаў прыйшлі дзясяткі тысяч людзей.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Сусьветны дзень леўшуноў. Адзначаеццца з 1990 году па ініцыятыве Брытанскага клюбу леўшуноў. Лічыцца, што на Зямлі кожны дзесяты чалавек леварукі. Урачы і пэдагогі прыйшлі да высновы, што леўшуноў нельга перавучваць, гэта падаўляе іх здольнасьці. Сярод леўшуноў шмат вядомых талентаў і дзяржаўных дзеячоў — Альберт Эйнштэйн, Леанарда да Вінчы, Пол Макартні, Уінстан Чэрчыль, Барак Абама ды інш.

Барак Абама падпісвае дакумэнт левай рукой

Барак Абама падпісвае дакумэнт левай рукой


XS
SM
MD
LG