Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскай гарбаце, што прадавалася ў Беларусі, цьвілі ў 50 разоў больш за норму


Мэры Касат, «Філіжанка гарбаты» (1880)

Мэры Касат, «Філіжанка гарбаты» (1880)

Выдадзена распараджэньне канфіскаваць чай з абароту і вярнуць пастаўшчыку ў Расею.

У часе праверкі ўнітарнага прадпрыемства «Караван» у Менску было ўстаноўлена, што яно рэалізуе чорны байхавы чай першага гатунку (Расейская Фэдэрацыя), які не адпавядае патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу «Аб бясьпецы харчовай прадукцыі» па мікрабіялягічных паказчыках, паведамляе Дзяржстандарт.

Так, вынікі экспэртызы паказалі, што ў адабраных узорах гарбаты ўтрыманьне цьвілі перавысіла норму ў 49 разоў. Не адпавядала патрабаваньням рэглямэнту і маркіроўка прадукцыі: адсутнічала абавязковая інфармацыя аб месцы збору чайнага ліста.

Інспэкцыя Дзяржстандарту па Менскай вобласьці і Менску выдала ўнітарнаму прадпрыемству «Караван» прадпісаньне аб канфіскацыі прадукту з абароту. Пакупнікі могуць тавар вяртаць. У выніку больш як 11,5 тыс. пачкаў гарбаты з цьвільлю было канфіскавана для адпраўкі яго пастаўшчыку назад у Расею.

Акрамя таго, ва ўнітарным прадпрыемстве «Караван» знаходзіўся на рэалізацыі цэйлёнскі чай маркі Riston з водарам кляновага сыропу, вяршкоў, карамелі без дэклярацый аб адпаведнасьці патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту. Інспэктары забаранілі і яго рэалізацыю.

Высновы беларускіх санітарных інспэктараў абнародаваныя на тле змаганьня Расеі за «чысьціню» свайго харчовага рынку. Беларусь вяртае гарбату пасьля неаднаразовых выпадкаў бракоўкі Расеяй беларускіх каўбас, мяса, малака, бульбы і іншых прадуктаў. Расейскія чыноўнікі таксама выказваюць спадзяваньні, што Беларусь пачне больш актыўна бараніць расейскі рынак ад санкцыйных заходніх прадуктаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG