Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пікеты на Гомельшчыне: Лябедзька абяцае зьняцца, а Караткевіч — ісьці да канца


На Гомельшчыне кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сам бярэ ўдзел у пікетах, на якіх чальцы ініцыятыўнай групы зьбіраюць подпісы за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты.

Так было ў Жлобіне, Буда-Кашалёве, Гомелі. 12 жніўня Лябедзька й ягоная каманда надзелі майкі з выявамі Міколы Статкевіча ды іншых палітвязьняў, каб зьбіраць подпісы на пікетах у Рэчыцы, Сьветлагорску, Калінкавічах. У гэты ж дзень у Гомелі на сваіх пікетах прысутнічала Тацяна Караткевіч.

«Чалавек з мэгафонам — а ці ня будзе хапаць міліцыя?»

Гамельчукі на чалавека з мэгафонам у руках глядзяць са зьдзіўленьнем, нават зь некатораю асьцярогаю: а ці не забаронены мітынг пачынаецца? А ці ня будзе хапаць міліцыя?

Лябедзька з мэгафонам: «Чаму мы пайшлі на выбары? Мы аднолькава з вамі ацэньваем наша жыцьцё. Мы прыходзім у крамы і бачым, што кошты павялічваюцца кожны дзень. Мы прыходзім на заводзкія прахадныя і заўважаем, што стала менш людзей, якія працуюць. Трэба старую каманду адправіць на адпачынак. Няхай яна адпачне — няхай яны займаюцца вырошчваньнем агуркоў і памідораў на сваіх лецішчах, няхай даглядаюць унукаў. Старая каманда ня можа вырашаць новыя праблемы. Выбараў, канечне, няма, але выбар ёсьць: мы прапануем мільён новых працоўных месцаў!»

Мінакі хутка ідуць далей альбо заварочваюць на прыпынак грамадзкага транспарту — далей ад месца, дзе гучна заяўляюць пра тое, з чым яны сутыкаюцца ў штодзённым побыце.

Гэты парадокс Анатоль Лябедзька, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, тлумачыць гэтак:

«Мы такая нацыя — селі на цьвік, нам няўтульна, але мы кажам: можа, так і трэба. Дык колькі будзем сядзець на гэтым цьвіку? Калі нязручна, то давайце дастанем гэты цьвік. Трэба на людзей крыху „наяжджаць“ — у добрым сэнсе. І хопіць сядзець на кухні і скардзіцца, што гэта ня так і тое ня гэтак. Дзеля гэта мы й пайшлі ў кампанію».

Падчас збору подпісаў каманда АГП ладзіць тэматычныя акцыі. Паколькі 12 жніўня — дзень народзінаў экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча, які ўжо амаль пяць гадоў у турме, то зьбіральнікі подпісаў надзелі майкі з партрэтамі беларускіх палітычных вязьняў, каб выбарцы ведалі, як цяперашні рэжым распраўляецца з апазыцыяй — людзьмі, якія думаюць іначай:

«Мы пачалі ў гэтай кампаніі і правялі ўжо два такія тэматычныя пікеты. Адзін нават насупраць КДБ у Менску, як кажуць, вочы ў вочы, твар у твар — у майках, прысьвечаных праблеме палітычных вяцьняў. І сёньня надзяваем гэтыя майкі, ідзём да людзей на пікеты, каб яны пыталіся — хто гэта, чаму? Будзем гутарыць на гэтую балючую тэму».

«Балючыя» тэмы, па словах палітыка, у кожнай катэгорыі грамадзянаў свае. У Жлобіне на рынку, дзе за паўтары гадзіны было сабрана 36 подпісаў, індывідуальныя прадпрымальнікі апавядалі пра здушэньне ўладамі малога бізнэсу. У іх асяродзьдзі ўжо гучаць прапановы пра стварэньне супольнага з партыяй хаўрусу.

Улады пакуль не перашкаджаюць стасункам патэнцыйных кандыдатаў з выбарцамі. Аднак рэагуюць. У Буда-Кашалёве, да прыкладу, пад прыезд актывістаў АГП чыноўнікі паставілі пікет па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Мясцовыя жыхары, калі й ставілі подпісы за вылучэньне апазыцыйнага палітыка, то зь нейкай боязьзю — толькі б ніхто ня бачыў. Таму Анатоль Лябедзька й лічыць, што калі не ісьці да людзей, то страх і паняверка будуць толькі пашырацца ў грамадзтве:

«Трэба не баяцца, трэба ісьці да людзей. Я чэрпаю энэргетыку не з сацыяльных сетак, дзе многія ляжаць на канапе й даюць парады, што трэба рабіць, а што не рабіць. Я чэрпаю энэргетыку якраз на сустрэчах зь людзьмі. Ну, а вынік працы — гэта калі спытаюць: „Што трэба вам?“. Пакуль найчасьцей скардзяцца то на дарагоўлю каўбасы, то на безграшоўе — хто на што. Вынік будзе тады, калі людзі скажуць: нам патрэбны свабодныя выбары — толькі празь іх мы можам кантраляваць уладу, рэалізоўваць праграмы — як, напрыклад, новыя працоўныя месцы. Гэтага пакуль не хапае».

«Чаму людзі жывуць добра ў Амстэрдаме і Жэнэве?»

Спроба палітыка пагаварыць з гараджанамі праз мэгафон посьпеху ня мела. Мінакі, аднак, падыходзілі наўпрост да пікету — і зьдзіўляліся, што фота на раскладным стэндзе і аблічча пікетоўца з мэгафонам супадаюць.

Маладая кабета ўзялася дыскутаваць з Анатолем Лябедзькам:

«Я не хачу, каб было так, як ва Ўкраіне — не хачу, каб у нас такое было».

Лябедзька: «І я не хачу. А хто вам сказаў такое — што я хачу?.. Давайце і я вам раскажу страшную гісторыю, як кепска жыць афрыканцам у Гарлеме».

Кабета: «Навошта мне афрыканцы? Вы лепей раскажыце, як людзі жывуць у Амстэрдаме, у Швайцарыі. Вы мне пра гэта расказвайце — за кошт чаго яны так добра жывуць?»

Лябедзька: «Во-во! Давайце да нашай сытуацыі вернемся. Першае — таму, што ў іх ёсьць зьмяняльнасьць улады. Другое — у іх просты грамадзянін уплывае на ўладу. Ні першага, ні другога ў нас няма. Трэцяе...»

Кабета: «Рыба гніе з галавы. Апрача таго, у нас такі мэнталітэт. Людзей выхоўваць трэба зь дзяцінства, каб зь дзяцінства яны далучаліся да палітыкі. Даваць свабоду, каб людзі разьвіваліся, самі расьлі».

Кожны, хто падыходзіў да пікету, лічыў патрэбным выказаць сваё бачаньне цяперашняй сытуацыі ў краіне.

Дваццацігадовы гамяльчук, які назваўся Мікітам:

«Дзе тут падпісаць? І што мне з гэтага будзе? Я нядаўна стаў працаваць — літаральна год таму. Пасьля вучэльні мяне ўладкавалі, але я там працаваць не хачу. Працаваць трэба шмат, а плацяць мала. Хачу знайсьці іншую працу, але не магу. Хацелася б зьмены ўлады. Я дваццаць гадоў жыву ў краіне, але іншага прэзыдэнта ня бачыў. Хочацца кагосьці новага».

Мікіту дапаўняе малады прадпрымальнік:

«Чым больш урад уладарыць, тым ён наглейшы. Прадпрымальнік я — душаць. Пераменаў патрабуюць нашы сэрцы».

«Калі б нанялі Ярмошыну, подпісаў было б нашмат больш»

Самыя розныя пытаньні задаюць мінакі прэтэндэнту на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Бальшыня тых, хто ўступае ў дыскусію ці задае пытаньні, пакідаюць свой подпіс у падтрымку Анатоля Лябедзькі. Але ня ўсе.

Адсюль і пытаньне да прэтэндэнта: да канца збору подпісаў засталося дзевяць дзён, а ў ініцыятыўнай групы АГП толькі 50 тысяч подпісаў?

Лябедзька: «Калі б мы на паўтара месяца нанялі Ярмошыну, то ў нас былі б высокія паказьнікі... Але мы ад гэтага прынцыпова адмовіліся. Сто тысяч подпісаў пазарэз патрэбныя таму, хто лічыць, што ў нас ёсьць выбары. Для нас, калі мы выбары разглядаем як палітычную кампанію, пажадана сто тысяч, але не абавязкова. Я сваю рэпутацыю, рэпутацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі, валянтэраў, якія працуюць за Беларусь, але бескаштоўна, на шалі класьці не зьбіраюся. Мы ня скончым кампанію, нават калі не зьбяром 100 тысяч подпісаў. Мы проста выкарыстоўваем тыя мажлівасьці, якія мусіць даваць улада. І мы не дадзім ніводнага шансу, каб улада выкарыстала нас у гэтай гульні. Гэта азначае, што калі мы рэгіструемся, то скарыстоўваем радыё і тэлебачаньне. Але ў апошні момант здымаемся. Каб не атрымліваць гэтыя 0,5 ці 0,6 ганебных адсоткаў».

Беларусаў трэба вярнуць у палітыку

Сёньня свае пікеты на Гомельшчыне наведала і Тацяна Караткевіч, яшчэ адна прэтэндэнтка на кандыдацтва ў прэзыдэнты.

На рагу вуліцы Інтэрнацыянальнай і праспэкта Леніна ў абласным цэнтры, дзе кожны дзень ладзяцца пікеты, Тацяна Караткевіч наўпрост гутарыла з гараджанамі.

Малады гамяльчук: «Пра наш „Гомсельмаш“. У нас шмат такіх хадзячых нябожчыкаў, якія трэба рэфармаваць альбо рабіць зь імі нешта іншае».

Караткевіч: «Перш чым рэфармаваць, мы як дзяржава павінны паклапаціцца пра тых, хто будзе з прадпрыемства сыходзіць альбо каго давядзецца скарачаць. Трэба, каб яны знайшлі новую працу. Гэтага чакаюць сёньня рабочыя ад дзяржавы. Яны чакаюць рэформаў, якія прывядуць да свабоды ў сэнсе разьвіцьця прадпрымальніцтва, бізнэсу. Але гэтага не адбываецца».

Тацяну Караткевіч засыпалі пытаньнямі пра неабходнасьць празрыстых выбараў, пра бясплатную мэдыцыну, якой няма, пра мізэрныя памеры сацыяльных выплат, рэформы ў эканоміцы, сыстэме адукацыі, падвышэньне прэстыжу прафэсіяў, і найперш — настаўнікаў.

Сама Тацяна Караткевіч лічыць неабходным бываць на пікетах па зборы подпісаў, каб людзі пабачылі дэмакратычнага прэтэндэнта на кандыдацтва ў прэзыдэнты, бо на дзяржаўным тэлебачаньні калі й пакажуць, то мімаходзь, каб гледачы нават прозьвішча не запомнілі. Да таго ж, на думку Караткевіч, трэба вярнуць беларускіх грамадзянаў у палітыку, адкуль улада іх мэтанакіравана й пасьлядоўна выпіхвала:

«Цяпер людзі часьцей за ўсё ня зьвязваюць тыя праблемы, якія ў іх ёсьць у жыцьці, з палітыкай. Гэтую сувязь трэба аднавіць — яна цяпер вельмі неабходная. Патрэбны дзейныя дэпутаты мясцовай прадстаўнічай улады, дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Патрэбна ўлада, якая мяняецца. Тады людзі адчуюць, што іх паважаюць, што яны ўплываюць на стан і якасьць жыцьця. І я дзеля гэтага тут ёсьць».

Караткевіч не зьбіраецца здымаць сваю кандыдатуру з выбараў, бо ня лічыць, што яе ўдзел у выбарах дадае легітымнасьці дзейнай уладзе:

«Я зьбіраюся да канца ўдзельнічаць. А канец будзе тады, калі ў краіне пачнуцца мірныя перамены. Клясычная мэта палітыка — прадстаўляць інтарэсы людзей. Сёньня ёсьць людзі, якія падтрымліваюць нашы ідэі „Народнага рэфэрэндуму“, падтрымліваюць нашу кааліцыю. Гэта азначае, што мы мусім удзельнічаць у палітыцы. Учора чытала свае паведамленьні „Ўкантакце“, адзін чалавек мне напісаў: „Тацяна, дзякуй, што вы ўдзельнічаеце, вы — сапраўдны кандыдат“. Гэтыя словы мне важныя. Лічу, што сёньня легітымізуюць уладу тыя грамадзяне й палітыкі, якія ня ўдзельнічаюць. Чаго ў такім разе патрабаваць ад улады, калі ты ня ўдзельнічаеш?»

Побач зь пікетам за Тацяну Караткевіч — пікет за Аляксандра Лукашэнку. Мінакі каля яго амаль не спыняліся. У той самы час трое зьбіральнікаў за Тацяну ледзь пасьпявалі запаўняць падпісныя лісты.

Алег Шабетнік

Алег Шабетнік

Кіраўнік рэгіянальнай ініцыятыўнай групы жанчыны-прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі Алег Шабетнік дадае:

«У гэты час людзі хочуць больш пагутарыць, чым падпісацца. Пікет тут стаіць у нас кожны дзень — і людзі ставяць свае подпісы. На гэтым пікеце ў нас у адзін дзень было сабрана 95 подпісаў. А ў сярэднім за дзень мы зьбіраем тут каля васьмідзесяці. Сёньня пасьля Гомеля кіруемся ў Добруш, а заўтра плянуем наведаць Рэчыцу, Сьветлагорск і Жлобін».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG