Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: «Рэпрэсіўны апарат стаіць на нізкім старце, яны гатовыя паўтарыць 2010 год»


У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адказвае на пытаньне, ці сапраўды ў сьвеце зьменшылася ўвага да праблемы правоў чалавека ў Беларусі, тлумачыць, чаму ў Беларусі перапоўненыя турмы і дае прагноз, ці вызваляць Міколу Статкевіча да даты прэзыдэнцкіх выбараў. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: За апошнія месяцы у многіх беларусаў складваецца ўражаньне, што ў сьвеце зьменшылася ўвага да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і што цяпер большую вагу набываюць геапалітычныя матывы. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?

Бяляцкі: На жаль, я вымушаны пагадзіцца, што такая чысьціня і фатаграфічная рэзкасьць у ацэнцы сытуацыі ў Беларусі зараз відавочна размылася. Гэта адбылося, сапраўды, у апошнія месяцы пасьля візыту сюды высокіх эўрапейскіх палітыкаў — у прыватнасьці, кіраўнікоў Францыі і Нямеччыны. Пасьля гэтага, візыты пайшлі адзін за адным, і беларускі бок, натуральна, зацікаўлены ў гэтым, бо жадае паляпшэньня палітычных і найперш эканамічных стасункаў з Эўразьвязам. А ЭЗ, улічваючы агульную геапалітычную сытуацыю, вымушаны «змазваць» свае ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі ў Беларусі.

Цыганкоў: А можа ў гэтым ня вярта бачыць толькі нэгатыўныя наступствы? Бо працэс «уцягваньня» Беларусі ў супольныя праекты можа прывесьці да таго, што афіцыйны Менск будзе баяцца занадта парушаць правы чалавека, бо гэта пазбавіць яго тых патэнцыйных выгодаў, да якіх ён імкнецца?

Бяляцкі: Працэс «уцягваньня» такіх аўтарытарных рэжымаў, як беларускі, абсалютна неэфэктыўны. 20 гадоў Эўропа спрабуе

Працэс «уцягваньня» такіх аўтарытарных рэжымаў, як беларускі, абсалютна неэфэктыўны

ўцягнуць Беларусь у нейкія агульныя праекты. І звычайна гэта заканчваецца «крокам наперад, два назад». Больш за тое, калі паглядзець на Ўкраіну, якую актыўна ўцягвалі пры былым прэзыдэнце Януковічы ў інтэграцыйныя эўрапейскія працэсы — і чым гэта скончылася, калі надыйшла «гадзіна Х»?

У нашай сытуацыі я веру словам Лукашэнкі, што стратэгічным партнэрам для беларускіх уладаў зьяўляюцца расейскія ўлады. І эканамічныя, вайсковыя і палітычныя саюзы з Расеяй безумоўна пераважаюць над гэтым невялікім пацяпленьнем адносінаў паміж уладамі Беларусі і Эўразьвязам.

Цыганкоў: Перад выбарчай кампаніяй 2010 году адбывалася пэўная лібэралізацыя, але яна скончылася вядомымі драматычнымі падзеямі пасьля 19 сьнежня. Ці ёсьць падставы меркаваць, што цяперашняе зьмякчэньне нораваў можа скончыцца большай жорсткасьцю пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?

Бяляцкі: Абсалютна. Можа паўтарыцца сытуацыя 2010 году, але гэта залежыць ад актыўнасьці, упартасьці беларускага грамадзтва, узроўню палітычнай, грамадзкай, сацыяльнай актыўнасьці. Мы чуем зараз мяккія словы, калі сьцеляць мяккую саломку — але ў той самы час адбываецца перасьлед пэўных моладзевых групаў. Гэта датычыць і анархістаў, і футбольных заўзятараў. Спэцслужбы, мліцыя, пракуратура, ня гледзячы на ласкавыя словы, працягваюць сваю жорсткую палітыку процідзеяньня тым групаў, якія, на іхнюю думку, зьяўляюцца небясьпечнымі для гэтай улады. І гэта сытуацыя можа быць у любы момант распаўсюджаная на шырэйшыя колы грамадзкіх і палітычных колаў.

Цыганкоў: То бок яны зьмянілі тактыку — і імкнуцца не ствараць выпадкаў, якія могуць выклікаць вялікі рэзананс у СМІ, не чапляць, напрыклад, вядомых палітыкаў?

Бяляцкі: Тое самае было ў 2010 годзе. Мы памятаем, калі перад выбарамі ў турме апынуліся анархісты — Аліневіч, Дзядок — а потым ужо адбылася 19 сьнежня. І зараз мы бачым тую самую карціну — -рэпрэсіўны апарат гатовы, змазаны, стаіць на нізкім старце, і ў любы момант пасьля загаду яны зробяць тое, што зрабілі ў 2010 годзе.

Цыганкоў: Што зьмянілася ў беларускіх турмах за апошнія 10-15 гадоў?

Бяляцкі: Няздарма кажуць, што турма — гэта маленькая копія самой дзяржавы. У беларускай турме адбываецца тое самае што і ў беларускай дзяржаве — але ў больш канцэнтраваным, згушчаным

Яны па-ранейшаму накіраваныя на тое, каб зьнішчыць індывідуальнасьць, прынізіць гонар чалавека

выглядзе. І апошні ліст, які перадаў на волю палітзьняволены Ігар Аліневіч, выдатна апісвае атмасфэру страху, недаверу, падаўленьне асабістага гонару, які існуе ў беларускіх турмах. Яны па-ранейшаму накіраваныя на тое, каб зьнішчыць індывідуальнасьць, прынізіць гонар чалавека, гэтая спадчына савецкіх турмаў прасочваецца і ў сёньняшніх турмах. Хаця пакаленьні мяняюцца, і калі яшчэ 15 гадоў таму ў турмах спрэс зьбівалі палітычных зьняволеных, то цяпер гэта адбываецца ў кропкавым парадку. Але мэта тая самая — -трымаць зьняволеных пад поўным кантролем.

Цыганкоў: Афіцыйныя ўлады часам заяўляюць, што жадаюць зьменшыць колькасьць зьняволеных у краіне, кажуць пра гуманізацыю Крымінальнага кодэксу. Але выходзіць так, што пасьля кожнай амністыі праз нейкі час колькасьць зьняволеных зноў вяртаецца да ранейшай лічбы. Гэта беларусы настолькі злачынныя людзі ці такое заканадаўства?

Бяляцкі: Безумоўна, заканадаўства ў нас значна больш суворае, чым патрэбна. Багата людзей, якія знаходзяцца ў турмах, не павінны там сядзець. Іх трэба прыцягваць да адказнасьці, але не зьвязанай са зьняволеньнем. Гэта тычыцца і алімэнтшчыкаў, і нейкіх дробных крадзяжоў, калі чалавек мог адпрацаваць на працы.

Цыганкоў: Але ці тут вінаватая толькі палітычная сыстэма ці самы людзі ў Беларусі патрабуюць больш строгіх пакараньняў, «больш саджаць», не даваць спуску і гэтак далей?

Бяляцкі: Не зусім згодны. Бо такія самыя грамадзтвы побач ёсьць, напрыклад, у Літве, дзе рэформы прывялі да рэзкага зьмяншэньня людзей, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. І там не прыніжаецца чалавечая годнасьць зьняволеных у такіх маштабах, як у Беларусі. І я сам асабіста вітаю амністыі — хаця б такім чынам людзі, якія не зрабілі цяжкіх парушэньняў, апыньваюцца на свабодзе. Але саму сыстэму пакараньня трэба сур’ёзна пераглядаць і мяняць.

Цыганкоў: На сёньня самы вядомы вязень у Беларусі — гэта палітычных зьняволены, былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч. Які ваш прагноў — ці вызваляць яго да прзыдэнцкіх выбараў?

Бяляцкі: На жаль, Лукашэнка працягвае гуляць з лёсам палітзьняволеных як кошка з мышкай. Адзінае, што ён сказаў напэўна — -тое, што лёс Статкевіча знаходзіцца ў ягоных руках. І гэта вельмі абуральна, бо паказывае, што прававая сыстэма ў нас замкнёна на адным чалавеку. Але я спадзяюся, што Мікола Статкевіч выйдзе на волю. Бо калі адбудуцца выбары, і Статкевіч будзе заставацца ў турме, то гэта ставіць вельмі вялікія пытаньні пра сумленасьць і шчырасьць таго чалавека, які на сёньня ў нас зьяўляецца кіраўніком дзяржавы.

Цыганкоў: Сёньня Дзень нараджэньня Статкевіча. Што б вы хацелі яму пажадаць?

Бяляцкі: Сёньня адзін з самых сьпякотных дзён. Я б пажадаў, каб гэтая сьпякота хутчэй скончылася. І каб пасьля гэтага Міколы было прасьцей пераносіць тыя цяжкасьці зьняволеньня, якія прыпалі на ягоную долю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG