Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павелічэньне маштабаў і колькасьці ваенных вучэньняў, якія праводзяць Расея і НАТО, робіць узброены канфлікт у Эўропе усё больш верагодным. Пра гэта папярэджваюць экспэрты.

Ян Кернс, дырэктар базаванай у Лёндане арганізацыі Сетка эўрапейскіх лідэраў (European Leadership Network), адзначае, што ваенныя гульні «спрыяюць атмасфэры недаверу», у якой можа зарадзіцца іскра для сутыкненьняў паміж НАТОўскімі і расейскімі вайскоўцамі.

Кернс зьяўляецца сааўтарам дасьледаваньня, у якім падрабязна аналізаваліся ваенныя вучэньні, праведзеныя сёлета Расеяй і НАТО. Гэтыя два бакі глыбока разышліся пасьля канфлікту Масквы з Украінай.

Кернс знайшоў прыкметы таго, што «Расея рыхтуецца да канфлікту з НАТО, а НАТО рыхтуецца да магчымай канфрантацыі з Расеяй».

Вучэньні «могуць падтрымліваць нявызначанасьць» і павышаць рызыку «небясьпечных ваенных сутыкненьняў», — гаворыцца ў дасьледаваньні.

Вучэньні «могуць падтрымліваць нявызначанасьць» і павышаць рызыку «небясьпечных ваенных сутыкненьняў»

Адносіны паміж Расеяй і Захадам сталі сур’ёзна напружанымі пасьля далучэньня Крыму да Расеі ў сакавіку 2014 г. НАТО лічыць, што Расея таксама наўпрост падтрымлівае сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, дзе ўжо загінула больш за 6500 чалавек.

Асьцерагаючыся расейскіх крокаў, НАТО плянуе разгарнуць шэсьць камандных цэнтраў ва Ўсходняй Эўропе, мадэрнізаваць свае сілы хуткага рэагаваньня і мець 5-тысячнае падразьдзяленьне, якое ў выпадку неабходнасьці будзе разгорнутае на працягу двух дзён.

Расея мае сваю ваенную стратэгію адносна трансатлянтычнага альянсу, які яна абвінавачвае ў набліжэньні да сваіх межаў.

У дасьледаваньні Сеткі эўрапейскіх лідэраў гаворыцца, што НАТО плянуе сёлета каля 270 вучэньняў, у той час як Расея абвясьціла пра 4000 вучэньняў і трэніровак усіх узроўняў.

НАТО крытыкуе гэты даклад, лічачы, што ў ім «вучэньні НАТО і Расеі памылкова ставяцца на адзін узровень».


«Маштабы і сфэра расейскіх вучэньняў выходзяць далёка за межы таго, што робіць альянс, яны павялічваюцца напружанасьць у рэгіёне», — сказала прэс-сакратарка НАТО Кармэн Рамэра.


Рамэра таксама адзначае, што «Расея задзейнічала і ядзерныя сілы ў свае вучэньні».

«НАТО не імкнецца да канфрантацыі з Расеяй, — сказала яна. — За два дзесяцігодзьдзі мы спрабавалі наладзіць з Расеяй супрацоўніцтва. Але Расея зьмяніла межы з дапамогай сілы, падтрымлівае сэпаратыстаў ва Ўкраіне і пагражае разьмясьціць ядзерныя ракеты блізка да межаў альянсу».

Паводле Рамэры, павелічэньне прысутнасьці войскаў НАТО на ўсходнім напрамку мае на мэце «не правакаваць Расею, але павысіць абарону нашых саюзьнікаў».

Лідэры думаюць, што яны могуць захаваць кантроль над падзеямі, а падзеі маюць звычку набіраць імпульс і дынаміку самастойна

У расейскіх вучэньнях у сакавіку, паводле дакладу, бралі ўдзел 80000 чалавек, у той час як на свае вучэньні ў чэрвені НАТО мабілізавала 15000 чалавек з 19 краін-членаў альянсу і трох дзяржаў-партнэраў.

Аўтары дакладу лічаць, што НАТО і Расея павінны лепш каардынаваць свае пляны вучэньняў, каб паменшыць рызыку інцыдэнтаў. Яны рэкамэндуюць абмежаваць вучэньні ў памежных раёнах. Найбольш уразьлівымі кропкамі НАТО зьяўляюцца Польшча і прыбалтыйскія дзяржавы, а асьцярогі Расеі ўключаюць Арктыку, Крым, і памежныя раёны з сябрамі НАТО Эстоніяй і Латвіяй.

«У гісторыі шмат прыкладаў, калі лідэры думаюць, што яны могуць захаваць кантроль над падзеямі, а падзеі маюць звычку набіраць імпульс і дынаміку самастойна», — папярэджвае Ян Кернс.

XS
SM
MD
LG