Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да заканчэньня збору подпісаў у патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі засталося дзесяць дзён. Ужо тры прэтэндэнты паведамілі, што пераадолелі рубеж у 100 тысяч подпісаў. Аднак многія экспэрты называюць гэтыя сьцьвярджэньні сумнеўнымі.

Праверыць сапраўднасьць лічбаў, якія агучваюць патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта альбо прадстаўнікі іх штабоў, пакуль немагчыма. Гэты прызнае і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

«Ініцыятыўныя групы нам нічога не паведамляюць. Яны абавязаныя паведамляць гэта мэдыям, у прынцыпе. Падпісныя лісты яны здаюць у тэрытарыяльныя камісіі. Тое, што яны здалі, і зьяўляецца даступнай інфармацыяй для Цэнтральнай выбарчай камісіі».

Аднак на сёньняшні дзень подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі аднесьлі прадстаўнікі толькі трох прэтэндэнтаў — Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча. Прычым ва ўсіх трох ініцыятыўных групах кажуць, што здадзеная толькі частка подпісаў.

Лукашэнка — больш за паўмільёна

Як сьцьвярджае кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, за вылучэньне дзейнага прэзыдэнта сабрана больш за 500 тысяч подпісаў.

Цярэшчанка — больш за 100 тысяч

Гэтую лічбу Свабодзе назваў кіраўнік ініцыятыўнай групы эканаміста Віктара Цярэшчанкі Алег Несьцяркоў:

«Гэтую інфармацыю мы сабралі з улікам рэгіянальных тэлефанаваньняў. Паводле яе, мы сабралі ўжо больш за 100 тысяч подпісаў. Калі мы будзем прытрымлівацца набранай дынамікі, а яна зь нейкіх прычынаў не абваліцца, то мы можам выйсьці і на чвэрць мільёна. Аднак самае галоўнае гэта тое, што мы зараз пачнём правяраць сабраныя подпісы. Зразумела, што будзе нейкая выбракоўка. І толькі пасьля гэтага мы будзем бачыць, як усё пойдзе».

Гайдукевіч — больш за 100 тысяч

Першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, сын Сяргея Гайдукевіча, прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду ад партыі, кажа:

«Мы ўжо сабралі больш за 100 тысяч. Ужо два дні здаём іх у тэрытарыяльныя камісіі. У Менску здалі 15 тысяч, у Віцебску —11 тысяч. А Цярэшчанку я спытаў бы: дзе подпісы? Мы ўсе подпісы ксэракапіюем. Любы журналіст можа да нас прыйсьці і праверыць. Наша партыя падтрымлівае прапанову Губарэвіча пра незалежную экспэртызу сабраных подпісаў. Правільная прапанова. Навошта выбары ператвараць у клаўнаду?»

Караткевіч — пра 100 тысяч абвесьцяць 14-га жніўня

Кіраўнік выбарчага штабу кандыдаткі на прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў запрасіў карэспандэнта Свабоды 14-га жніўня прыйсьці на пікет

«У гэтую пятніцу ў 12.00 запрашаем вас у пікет ля ўнівэрсаму „Цэнтральны“, дзе, я думаю, мы абвесьцім пра 100 тысяч сабраных подпісаў».

Улаховіч — 79 тысяч

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мікалая Ўлаховіча, заснавальніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» — Міхаіл Образаў сказаў Свабодзе, што ўжо сабрана 79 тысяч подпісаў:

«Я асабіста здаў на праверку частку зь іх у трох раёнах Менску. Будзем змагацца за 100 тысяч. Як кажуць, даў слова сабраць — трымай яго».

Калякін — 62 тысячы

Кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна Валер Ухналёў паведаміў Свабодзе, што гэта дадзеныя ад пачатку збору подпісаў па 10-га жніўня ўключна:

«Езьдзім па абласьцях. Учора былі ў Гомельскай вобласьці. На жаль, тэмпы збору подпісаў падаюць. Мабыць, сьпякота выбівае людзей з каляіны».

Лябедзька — каля 50 тысяч

Такую лічбу называе Віктар Карняенка, кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

«Складана сказаць, ці здолеем мы ўзяць рубеж у 100 тысяч. У любым выпадку будзем працаваць Будзем пашыраць геаграфію, будзем езьдзіць у новыя гарады, дзе подпісы раней не зьбіраліся. І таксама пакінем тыя пікеты, якія стаяць у Менску ды іншых вялікіх гарадах. Застаецца 10 дзён, і бачна, што зьбіраць подпісы вельмі і вельмі цяжка. Учора мы абвясьцілі партыйную мабілізацыю. Сутнасьць у тым, каб падключыць усе рэзэрвы, каб кожны з тысячы чальцоў ініцыятыўнай групы працаваў актыўна».

Раманоўская — колькасьць невядомая

У пэдагога Жанны Раманоўскай, якая часова не працуе, у ініцыятыўнай групе толькі 110 чалавек. Ва ўсіх астатніх прэтэндэнтаў — болей за тысячу. Кандыдатка па-ранейшаму адмаўляецца агучваць лічбу сабраных за яе подпісаў.

_______________________________________________-

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец лічыцца адным з лепшых у краіне зьбіральнікаў подпісаў. За чатыры прэзыдэнцкія кампаніі, пачынаючы ад 1994 году, калі ён агітаваў за Зянона Пазьняка, спадар Знавец адзін сабраў каля 20 тысяч подпісаў. Сёньня ён заявіў Свабодзе, што лічбы, якія называюць мэдыям прадстаўнікі патэнцыйных кандыдатаў, завышаныя ў разы — ад трох разоў да дзесяці:

Павал Знавец

Павал Знавец

«Можна выказаць нейкую, так скажам, павагу да Лябедзькі і Калякіна, якія павялічылі свае рэальныя лічбы толькі ўтрая. То бок, сабраўшы рэальна па 17–20 тысяч, яны іх павялічваюць, каб не выглядаць ужо зусім няўдала. А што тычыцца іншых, то ў іх, мабыць, памножана на 10. Бо і пікетаў амаль няма, і амаль ніхто не падпісваецца. Што тычыцца Караткевіч, то, я думаю, там рэальныя паказьнікі — 10–12 тысяч. Я не магу паверыць у тое, што ў такіх умовах, калі ніхто ня мае вялікага актыву, у сьпякоту за 30 градусаў нехта панясе пашпарт. А па кватэрах цяпер ніхто наагул ня ходзіць...»

Калі параўноўваць сёлетнюю сытуацыю з той, якая была на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, таксама за 10 дзён да заканчэньня збору подпісаў, то тады рубеж 100 тысяч перайшлі толькі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Някляеў. У Цярэшчанкі было 75 тысяч, у Яраслава Раманчука — 91,5, у Рыгора Кастусёва — 67,5, у Алеся Міхалевіча — 72, у Міколы Статкевіча — 70, у Віталя Рымашэўскага — больш за 60 тысяч, у штабе Андрэя Саньнікава на той час лічбу наагул не называлі.

На збор подпісаў ініцыятыўным групам паводле Выбарчага кодэксу даецца 30 каляндарных дзён. Дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты могуць сабраць апошнія подпісы, — 21 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG