Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жонка-беларуска схіляе экс-вакаліста «Rainbow» і «Deep Purple» пераехаць у Беларусь


Джо Лін Тэрнэр і ягоная беларуская жонка Мая

Джо Лін Тэрнэр і ягоная беларуская жонка Мая

Амэрыканскі сьпявак Джо Лін Тэрнэр (Joe Lynn Turner) сказаў журналістам у Сімфэропалі, што зьбіраецца пасяліцца ў Беларусі.

«Я пляную пераехаць у Беларусь, калі Лукашэнка дазволіць. На жаль, я некамфортна адчуваю сябе ў ЗША, я ня згодны з палітычнымі рашэньнямі. Гэтая краіна цяпер ня тая, у якой узгадаваў мяне мой бацька. Я знайшоў для сябе дом у другой частцы сьвету», — цытуе Тэрнэра ТАСС.

Паводле ТАСС, у Джо Лін Тэрнэра «руская жонка», і менавіта яна схіліла яго зьмяніць ЗША на Беларусь.

Аднак Джо Лін Тэрнэр прызнаваўся раней журналістам, што ягоная жонка Мая зь Беларусі і што яна — «юрыст-міжнароднік з унівэрсытэцкім дыплёмам».

«Мáя — найбольшы мой скарб у жыцьці. Яна — мой анёл. Цяпер я ўсё раблю правільна, і гэта важна. Я не рабіў так раней, я быў нешчасьлівы, я не паступаў правільна, ніхто вакол мяне не паступаў правільна, і мяне тады засмоктвала ў балацявіну. Яна выратавала мяне, і я ёй удзячны. Ня кожнаму трапляецца анёл, які трапіўся мне», — казаў Джо пра сваю жонку ў адным з інтэрвію.

64-гадовы Джо Лін Тэрнэр цяпер знаходзіцца ў Крыме, дзе ў яго заплянаваныя тры канцэрты з расейскімі музыкамі.

Як паведамляе ТАСС, на думку Тэрнэра, інфармацыя пра Крым, якая праз СМІ даходзіць да жыхароў заходніх краінаў, зьяўляецца няпраўдай.

Як вакаліст, Джо Лін Тэрнэр у 1981-1983 гг. запісаў тры альбомы з гуртом Рычы Блэкмара «Rainbow», а ў 1990 г. — альбом «Slaves and Masters» з гуртом «Deep Purple».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG