Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень народзінаў у турме: досьвед былых палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У 59-ты дзень народзінаў палітвязьня Мікалая Статкевіча былыя беларускія палітычныя зьняволеныя Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч і Мікалай Аўтуховіч распавядаюць Свабодзе, як яны адзначалі свае дні нараджэньня за кратамі.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ў турме адзначыў тры дні народзінаў, у тым ліку і 50-гадовы юбілей. У 2011 годзе, у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску, ён чуў праз вакно салютныя выбухі, але падумаў, што гэта з суседняга рэстарану, дзе часта адзначаюць вясельлі. Празь некалькі дзён зь перапіскі зь сябрамі Алесь Бяляцкі даведаўся, што тое быў салют у ягоны гонар — калегі-праваабаронцы прыйшлі да турмы і запускалі ў неба ракеты.

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

«На наступны дзень народзінаў, калі я адзначаў 50 год у Бабруйскай калёніі, адбылося амаль неверагоднае — я змог сустрэцца і пагаварыць з арцыбіскупам Кляўдыё Гуджэроцьці, адзіным чалавекам, якога дапусьцілі да мяне, апроч адвакатаў. Гэта быў нечаканы падарунак», — распавядае праваабаронца.

Алесь Бяляцкі сказаў, што з боку адміністрацыі калёніі быў вельмі пільны кантроль, каб у яго не было ў дзень народзінаў ніякіх кантактаў зь іншымі зьняволенымі:

«У гэты дзень я ня мог нават выпіць гарбаты зь іншымі людзьмі, як гэта звычайна робіцца. Тым ня менш мяне віншавалі — вядома, вельмі каротка, бо баяліся. А даведваліся пра мой дзень народзінаў з радыё, дзе мае сябры і родныя па радыёсетцы „Магілёў-1“ замаўлялі віншаваньні. Агулам такія дні народзінаў праходзілі досыць сумна, бо мне даводзілася самому з сабой піць гарбату з шакалядкай, узгадваючы родных і знаёмых, якія да гэтай даты дасылалі вельмі шмат паштовых віншаваньняў».

Алесь Бяляцкі прызнаўся, што сёньня з самага ранку ня раз успамінаў Міколу Статкевіча, турбуючыся, як той маецца ў зачыненай камэры ў такую сьпёку:

«Сёньня вельмі сьпякотны дзень — дзень нараджэньня Міколы Статкевіча, які сядзіць у зачыненай камэры і ня мае доступу да сьвежага паветра. Мне б хацелася яму пажадаць стойкасьці духу і вытрымкі, каб перажыць наканаванае, якое ён цярпіць дзеля дэмакратычнай будучыні Беларусі. Адназначна, ён палітычны зьняволены. Перакананы, што тысячы людзей будуць памятаць пра Міколу Статкевіча ў ягоны дзень народзінаў», — сказаў Алесь Бяляцкі.

Мікалай Аўтуховіч зазначыў, што адзінае, чым адрозьніваліся яго дні народзінаў у турме, ад звычайных дзён — мноства паштовак:

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

«Гэта вельмі прыемна, гэта ўздымае настрой. Да гэтага дня можна падрыхтавацца, атаварыўшыся ў лаўцы і купіўшы нешта смачнае да гарбаты. На жаль, у мяне не было асяродзьдзя, каб запрасіць каго на сымбалічны пачастунак, бо большасьць тых, хто сядзеў са мной, працавалі на адміністрацыю. Міколу ў гэтым пляне прасьцей — ён сядзіць адзін. Я жадаю яму здароўя і свабоды як мага хутчэй. Што яшчэ можна пажадаць чалавеку ў такіх умовах? Толькі вытрымкі. Я думаю, ён вытрымае. У яго проста няма іншага выйсьця, бо за ім назірае ўвесь сьвет».

Павал Севярынец, які адзначае дзень народзінаў пад новы год, 30 сьнежня, кажа, што яму пашанцавала, бо гэта той час, калі ўсе так ці інакш рыхтуюцца да сьвята. Праўда, тут ёсьць і праблема: на «хіміі» сёй-той са зьняволеных мог выпіць лішняга.

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Унутрана свабодны чалавек свабодны і ў турме. І адзначыць сьвята — Боскае ці чалавечае — для яго не складае праблемы. Я добра памятаю, як адзначаў у бараку ў Малым Сітне, у „амэрыканцы“, на „хіміі“ ў Купліне, хоць ня кожны дзень народзінаў на волі памятаецца. Маленькае сьвята заўсёды можна зрабіць і ў зьняволеньні, памаліўшыся, паставіўшы на стол самую простую страву.

Мікалаю Статкевічу пажадаў бы вытрымкі, цярплівасьці і, безумоўна, волі — як найхутчэй. Годнасьць у яго ёсьць, мужнасьць у яго ёсьць — гэта бачыць уся краіна. Молімся за тое, каб выйшаў на волю і сустрэўся з блізкімі і сябрамі».

Далучаецца да гэтых словаў Зьміцер Дашкевіч, жадаючы Міколу Статкевічу трываласьці, мужнасьці і моцнага здароўя, каб на абраным шляху ён быў пераможцам.

Сам Зьміцер ня меў магчымасьці адзначаць у турме дні народзінаў, але вельмі радаваўся мноству паштовак, якія прыходзіла ў гэты дзень:

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«Як я адзначаў? Ну вось ляжу на падлозе ў ізалятары, падымаюся — о, дзень народзінаў. Ну, клясна. Вось і ўсё адзначэньне. Калі ёсьць доступ да пошты, то прыходзіць шмат паштовак, што ўражвае, добра падмацоўвае і сьведчыць іншым асуджаным, што ў апазыцыі ня дзесяць чалавек, бо яны бачаць тысячы віншаваньняў».

XS
SM
MD
LG