Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі юань падае другі дзень запар


Кітайскія банкноты ў 100 юаняў

Кітайскія банкноты ў 100 юаняў

Кітайскі Цэнтральны банк зноў дэвальваваў нацыянальную валюту юань, пасьля рэкорднай дэвальвацыі ў аўторак на 1,9%.

Гэты крок прывёў да падзеньня акцыяў на азіяцкіх фондавых рынках.

У Цэнтрабанку КНР дэвальвацыю назвалі выключным захадам, накіраваным на тое, каб курс абмену юаня больш дакладна адлюстроўваў сытуацыю на рынку.

Гэта самая вялікая дэвальвацыя юаня за 20 апошніх гадоў.

У кітайскім урадзе кажуць, што меншы курс будзе стымуляваць экспарт.

Кітайскі экспарт зьнізіўся больш чым на 8% у ліпені. У экспэртаў гэта выклікала асьцярогі, што другая эканоміка сьвету паступова запавольваецца.

Але дэвальвацыя юаня таксама выклікала здагадку аб магчымай «вайне валют» у сьвеце. Злучаныя Штаты, дзе кошты на акцыі на фондавых рынках у аўторак рэзка ўпалі, крытыкуюць такія крокі кітайскага ўраду.

Затое ў Міжнародным валютным фондзе лічаць дэвальвацыю кітайскага юаня станоўчым крокам. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай заяве МВФ.

На думку МВФ, дэвальвацыя кітайскай валюты дазволіць рынкавым мэханізмам адыграць істотную ролю ў вызначэньні яе абменнага курсу. Пры гэтым у фондзе адзначаюць, што канкрэтны вынік будзе залежаць ад таго, як новы мэханізм будзе рэалізаваны на практыцы.

Прадстаўнікі МВФ лічаць, што Кітай павінен імкнуцца да пераходу на плаўны валютны курс на працягу двух-трох гадоў. Больш за тое, у МВФ ўпэўненыя, што для гэтага існуюць усе неабходныя ўмовы, паведамляе ВВС.

XS
SM
MD
LG