Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі «белы сьпіс» расейцаў: Еўтушэнка, Макарэвіч, Шандаровіч, Арбеніна... Хто яшчэ?


Канцэрт Андрэя Макарэвіча і гурту "Машина времени" ў Менску, 3 верасьня 2014 году

Канцэрт Андрэя Макарэвіча і гурту "Машина времени" ў Менску, 3 верасьня 2014 году

Міністэрства культуры Ўкраіны пачало фармаваньне «белага сьпісу» дзеячаў культуры, якім варта спрыяць як найбольш. Як бы выглядаў такі сьпіс у Беларусі?

«Высока шануючы пазыцыю неабыякавых да Ўкраіны людзей, вядомых на ўвесь сьвет, Міністэрства культуры пачынае фармаваць белы сьпіс дзеячаў культуры, мастакоў, якія сказалі „так“ цэласнай, сувэрэннай і дэмакратычнай Украіне, і „не“ — агрэсіі, акупацыі і анэксіі», — гаворыцца ў паведамленьні Мінкультуры Ўкраіны. Цяпер у гэтым сьпісе 34 чалавекі.

У першую рэдакцыю «Белага сьпісу» ўвайшлі музыкі Андрэй Макарэвіч, Юры Шаўчук, Зэмфіра, акторы Лія Ахеджакава, Валянцін Гафт, Алег Басілашвілі, Сяргей Юрскі, Міхаіл Яфрэмаў, Андрэй Мягкоў, пісьменьнікі Міхаіл Жванецкі, Барыс Акунін, Віктар Шандаровіч, рэжысэры, тэлевядоўцы.

Калі б такі сьпіс складаўся ў Беларусі, каго з выбітных расейскіх дзеячаў літаратуры, мастацтва, культуры туды варта было б уключыць? Хто зь вядомых расейцаў падтрымлівае незалежнасьць, сувэрэнітэт Беларусі?

Літаратары

Беларускі паэт і палітык Уладзімер Някляеў распавёў пра падзеі пачатку 1990-х, калі разваліўся Савецкі Саюз, і Беларусь была абвешчаная незалежнай, сувэрэннай краінай:

«Толькі была прынятая незалежнасьць. І мы з Васілём Быкавым хацелі згуртаваць тых літаратараў, хто мог бы падтрымаць незалежнасьць, дзяржаўнасьць Беларусі. І што вы думаеце? З усіх, каго мы хапалі за руку і прасілі падпісаць, у мяне з паэтаў падпісаўся толькі Яўген Еўтушэнка. А ў Васіля Быкава, які апытваў празаікаў, падпісаўся толькі ягоны даўні сябрук Віктар Астаф’еў. Астатнія ў лепшым выпадку жартавалі, што, маўляў, «якая ў вас там незалежнасьць, якая мова?». Так што калі сёньня паспрабаваць назваць людзей, якія падтрымаюць нашу незалежнасьць, цяжка — я нікога, акрамя Еўтушэнкі, не ўзгадаю. Астаф’ева ўжо няма на гэтым сьвеце... Я не скажу, што такіх людзей няма, але іх значна менш, чым тых, хто выступае за «русский мир»...

Дарэчы, у сьнежні 2010 году, калі тагачасны кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў быў моцна зьбіты невядомымі і кінуты ў турму КДБ, менавіта Яўген Еўтушэнка ініцыяваў зварот у абарону паэта:

Яўген Еўтушэнка

Яўген Еўтушэнка

«У краіне, у якой быў забіты кожны чацьвёрты, так страшна чуць цяпер, што ледзь не забілі аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў. Хочацца проста крычаць, каб пачулі мяне. Каб усе невінаватыя людзі, якія былі затрыманыя ў Менску, былі вызваленыя...»

Расейскія літаратары, якія далучыліся да гэтага звароту, таксама зрабіліся непажаданымі для дзяржаўнай прэсы і трапілі ў сакавіку 2011 году ў так званы «чорны сьпіс» Міністэрства інфармацыі Беларусі. У тым сьпісе — Андрэй Бітаў, Віктар Ерафееў, Леанід Жухавіцкі, Аляксандар Гельман ды нават дзіцячы пісьменьнік Эдуард Усьпенскі.

Дарэчы, Яўген Еўтушэнка нядаўна наведаў Беларусь, сустрэўся зь Някляевым, сябры ўсю ноч прагаварылі. Прыняў расейскага паэта і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка...

27 сьнежня 2010 году «Новая газета» правяла пад амбасадай Беларусі ў Маскве пікет з патрабаваньнем вызваліць палітзьняволеных. На пікет прыйшлі вядомыя расейскія журналісты Аляксей Сіманаў, Павал Гутыёнаў, Лідзія Графава, Аляксандар Рыклін, Павал Селін ды іншыя.

У сакавіку 2011 году расейскі ПЭН-цэнтар выказаў салідарнасьць з затрыманымі беларускімі літаратарамі і журналістамі і заклікаў калегаў па міжнародным ПЭН-руху «падзяліць трывогу з нагоды падзеяў у Беларусі і далучыцца да пратэстаў». Заяву падпісалі Андрэй Бітаў, Аляксей Сіманаў, Юна Морыц, Леў Цімафееў, Людміла Ўліцкая, Віктар Ерафееў, Барыс Яўсееў, Канстанцін Кедраў, Вадзім Рабіновіч, Вячаслаў П’ецух.

Трапіўшы ў беларускі «чорны сьпіс», расейскі пісьменьнік Віктар Ерафееў адрэагаваў такім чынам:

Віктар Ерафееў

Віктар Ерафееў

«З аднаго боку, мяне яно зьдзівіла, паколькі да Беларусі я стаўлюся выдатна і нічога не рабіў, каб такое рашэньне было прынята. Зь іншага боку, я ніколі не хаваў свайго стаўленьня да рэжыму Лукашэнкі. Але калі палітычны рэжым стварае „чорныя сьпісы“ дзеячаў культуры — гэта значыць, ён у агоніі».

А вось яшчэ адно выказваньне Віктара Ерафеева: «Я не люблю рэжым Лукашэнкі. Гнюсны рэжым. Надзеў каўпак на цудоўную краіну лясоў і азёр — душыць. Ня дзіва, што яны мяне таксама ня любяць. Зразумела: забараняць пісьменьнікаў — паказваць сваю імпатэнцыю...»

З расейскіх пісьменьнікаў і журналістаў трапіць у «белы сьпіс» вартыя, на думку беларускіх літаратараў, Віктар Шандаровіч, Арцемій Троіцкі.

Музычны крытык і журналіст Арцемій Троіцкі ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў такое меркаваньне:

Арцемій Троіцкі

Арцемій Троіцкі

«Заўсёды лічыў, што рана ці позна, так ці інакш, але Беларусь абавязкова выйдзе на прамую эўрапейскую дарогу».

У Арцемія Троіцкага жонка — беларуска, і ён параіў ёй пакінуць беларускае грамадзянства, каб потым «не было сорамна».

Сатырык і журналіст Віктар Шандаровіч «неўязны» ў Беларусь ужо 12 гадоў. На пачатку 2015 году яму патэлефанавалі зь Менску і запрасілі выступіць. Але ідэалягічны аддзел Менгарвыканкаму ня даў дазволу: маўляў, Шандаровіч — непажаданы артыст у Беларусі. На адрас беларускіх уладаў ён ня раз выказваўся даволі рэзка.

Музыкі

Пад нумарам адзін у белым сьпісе музыкаў можа быць Андрэй Макарэвіч, у якога ёсьць беларускія карані. Ён сам прызнаецца, што зь дзяцінства добра памятае дыялект сваёй бабулі з Заходняй Беларусі (цяпер гэта вёска Паўловічы Бярозаўскага раёну). Ён рэгулярна выступае ў Беларусі з канцэртамі. Апошні вялікі канцэрт быў 3 кастрычніка 2014 году ў Палацы спорту. А 11 лютага 2015 году на закрытым канцэрце ў Менску ён засьпяваў па-беларуску сваю кампазыцыю «Сьнег» (пераклад Юрыя Несьцярэнкі).

16 верасьня 2004 году ў Менску на плошчы Бангалор выступіў вядомы рок-музыка Вячаслаў Бутусаў з гуртом «Ю-Піцер». Канцэрт быў прымеркаваны да 10-годзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Меркавалася, што на сцэну выйдуць забароненыя беларускія гурты з аднаго зь першых «чорных сьпісаў» — «Палац», Drum Ecstasy, Neuro Dubel, Зьміцер Вайцюшкевіч, N.R.М, «Крама». Але яны выступаць ня сталі. А вось Вячаслаў Бутусаў добрасумленна адыграў канцэрт.

А ў 2011 годзе ў «чорны сьпіс» Міністэрства інфармацыі Беларусі трапілі разам з расейскімі літаратарамі і музыкі — гурты «ДДТ», «Наив», «Тараканы», сьпявак Дзьмітры Сьпірын.

Лідэр ДДТ Юры Шаўчук тады казаў, што ставіцца да гэтага з гумарам:

Юры Шаўчук

Юры Шаўчук

«А як да гэтага яшчэ можна ставіцца?.. Я хачу сказаць, што вельмі люблю Беларусь, і заўсёды там праходзілі вельмі добрыя, цёплыя, чалавечыя канцэрты», — адзначыў ён, выказаўшы надзею, што калі-небудзь «жыцьцё возьме сваё».

Жыцьцё і сапраўды «ўзяло сваё»: у лютым 2015 году «ДДТ» праехалася з трыюмфальным турам па Беларусі — Віцебск, Гомель, Берасьце, Менск. На адным з канцэртаў Юры Шаўчук сказаў, што ня супраць засьпяваць па-беларуску.

Лідэр гурту «Наив» Аляксандар «Чача» Іваноў такім чынам пракамэнтаваў зьяўленьне «чорнага сьпісу» і тое, што сам у ім апынуўся:

Аляксандар «Чача» Іваноў

Аляксандар «Чача» Іваноў

«Вы ведаеце, я паглядзеў прозьвішчы людзей і групы, якія трапілі ў гэты сьпіс. Я бачу там годныя імёны і ганаруся тым, што трапіў у гэты сьпіс. Я ў добрай кампаніі. Я мяркую, гэта за тое, што я быў адным з тых людзей, якія падпісалі патрабаваньне да ўладаў Беларусі пра вызваленьне людзей, затрыманых пасьля выбараў...»

У 2011 годзе «Тузін гітоў» разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі» арганізавалі музычны праект «Перазагрузка-2», дзе вядомыя замежныя выканаўцы засьпявалі па-беларуску.

З расейскіх музыкаў тут варта адзначыць гурт «Мумий Тролль» і Ільлю Лагуценку з кампазыцыяй «Кантрабанды» (музыка і словы Ільлі Лагуценкі, беларускі тэкст Андрэя Хадановіча).

Гурт «Смысловые галлюцинации» прадставіў песьню «Апошні дзень Зямлі» (музыка Сяргея Бабунца, словы Алега Генэнфэльда, беларускі тэкст — Уладзя Лянкевіча).

Расейская сьпявачка Алёна Сьвірыдава выканала ў праекце сваю ўласную кампазыцыю «Пакуль» (музыка і словы Алены Сьвірыдавай, беларускі тэкст Андрэя Хадановіча). Дарэчы, Сьвірыдава нарадзілася ў Керчы, а ў Беларусі пэўны час жыла, вучылася і працавала ў Рускім тэатры імя Горкага.

Праўда, музычны крытык і журналіст Зьміцер Падбярэзскі заўважыў, што адно толькі выкананьне песень на беларускай мове — само па сабе не паказьнік прыязнасьці сьпевака да нашай краіны. І прывёў прыклад, што Іосіф Кабзон некалі сьпяваў знакамітую песьню «Бацька Нёман» (музыка Міколы Сакалоўскага на верш Анатоля Астрэйкі), а таксама "«Вы шуміце, бярозы» (музыка Эдуарда Ханка, верш Ніла Гілевіча). Але ў беларускі «белы сьпіс» спадар Падбярэзскі ніколі б не ўключыў Кабзона.

Музычны крытык Сяргей Будкін параіў уключыць у такі «белы сьпіс» Дыяну Арбеніну и Зэмфіру.

Дыяна Арбеніна ў лістападзе 2014 году на канцэрце ў Менску сьпявала па-беларуску народную песьню «Што пасееш, тое i пажнеш».

А ў чэрвені 2015 году яна адзначыла свой дзень народзінаў канцэртам у беларускай сталіцы. Сьпявачка распавяла:

Дыяна Арбеніна

Дыяна Арбеніна

«Гэта быў ня проста год, а адзін з самых цікавых гадоў жыцьця, і я наўмысна наважыла зрабіць гэта на сваёй роднай зямлі. Калі вас зьдзівіць, я нарадзілася ў Беларусі амаль 41 год таму, і цяпер з кожным годам я адчуваю зямлю, адкуль мяне вывезьлі на поўнач, усё глыбей і глыбей. Мне вельмі прыемна прыяжджаць у Менск, а таксама ў Бабруйск, Горадню, Берасьце, Магілёў, Віцебск — выконваць тую музыку, якая, па вялікім рахунку, дзесьці ў самым-самым пачатку нарадзілася, вядома ж, тут, разам са мной. Вялікі дзякуй маме і тату».

У канцы выступу, падзякаваўшы беларускім гледачам за падтрымку, Арбеніна сказала «дзякуй».

Ня раз прызнавалася ў любові да Беларусі і Зэмфіра, яна казала, што ёй падабаецца прыяжджаць у Менск, гэты горад ёй нагадвае дзяцінства. «Тут няма хуткасьці, цынізму і грошай», — сказала расейская зорка.

Радыё Свабода не прэтэндуе на паўнату «белага сьпісу». Каго б прапанавалі ўключыць у яго вы? Далучайцеся!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG