Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана нафты ў ЗША ўпала да шасьцігадовага мінімуму


Нью-Ёркская фондавая біржа, ілюстрацыйнае фота

Нью-Ёркская фондавая біржа, ілюстрацыйнае фота

Асьцярогі з нагоды «вайны валют» і запаволеньне эканамічнага росту ў Кітаі выклікалі пэсымізм на фінансавых рынках.

Цана нафты, якая здабываецца ў ЗША, упала ў аўторак да самага нізкага за шасьцігодзьдзе ўзроўню. Да закрыцьця таргоў на Нью-Ёркскай таварнай біржы за барэль заходнетэхаскай нафты давалі 43 даляры 8 цэнтаў, што на чатыры адсоткі менш, чым на дзень раней.

Рэзкае патаньненьне нафты рушыла ўсьлед за паведамленьнем Арганізацыі краінаў-экспарцёраў нафты аб тым, што здабыча вуглевадароднай сыравіны дасягнула рэкорднага за апошнія тры гады паказчыка, і дэвальвацыяй кітайскай валюты, успрынятай на фінансавых рынках як адлюстраваньне трывогі Пэкіна з нагоды пагаршэньня эканамічных пэрспэктываў Кітая.

Гэта азначае, што тэндэнцыя павелічэньня прапановы нафты захоўваецца ў той час, як чаканы рост попыту, хутчэй за ўсё, не матэрыялізуецца з-за запавольваньня эканамічнага росту ў Кітаі і больш эканомнага расходаваньня нафты ў разьвітых краінах.

Падзеньне цэнаў на нафту суправаджалася падзеньнем рынкавых індэксаў на Нью-Ёркскай фондавай біржы, якія ў сярэднім страцілі каля аднаго працэнта. Амэрыканскія аналітыкі тлумачаць падзеньне асьцярогамі з нагоды глябальнага эканамічнага росту і пэрспэктывай «валютнай вайны», калі іншыя краіны вырашаць рушыць услед за прыкладам Кітая, каб дапамагчы сваім вытворцам.

XS
SM
MD
LG