Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда «Вуліца Рыгора Барадуліна» зьявілася на ягонай хаце ў Вушачах


Сымбалічную шыльду зрабілі і прымацавалі мастакі — удзельнікі пленэру, які на працягу мінулага тыдня праходзіў на малой радзіме дзядзькі Рыгора.

Каля двух дзясяткаў творцаў з розных рэгіёнаў Беларусі жылі на вуліцы Школьнай — хто паставіў намёты на падворку, а хто пасяліўся і ў хаце Рыгора Барадуліна з ласкавага дазволу ўдавы паэта Валянціны Міхайлаўны. Мастакі пісалі карціны і меркавалі, як ушанаваць памяць Рыгора Барадуліна на ягонай роднай Вушаччыне.

Як вядома, яшчэ год таму на сайце Віцебскага аблвыканкаму было зьявілася паведамленьне, што вуліцу Школьную, дзе стаіць хата паэта, назавуць ягоным імем. І што мясцовая школа таксама будзе насіць імя Рыгора Барадуліна. Маўляў, калектыў школы на настаўніцкім сходзе ўхваліў гэтую ідэю, і перайменаваньне вуліцы — справа амаль вырашаная. Аднак прайшоў год, і нічога не зьмянілася — ні школе, ні вуліцы імя Рыгора Барадуліна дагэтуль не надалі. Паводле зьвестак Вушацкага райвыканкаму, пытаньне пра перайменаваньне вуліцы ўсё яшчэ «разглядаецца», а пытаньне наконт школы ўвогуле зьнятае з парадку дня — цяпер чыноўнікі кажуць, што настаўнікі не пагадзіліся, каб школа насіла імя Барадуліна, бо «гэтую ўстанову скончыла шмат вядомых і таленавітых людзей».

Вешаюць шыльду на хату Рыгора Барадуліна

Вешаюць шыльду на хату Рыгора Барадуліна

Мастакі тады выразалі з дрэва шыльду «Вуліца Рыгора Барадуліна» і прымацавалі яе на хату паэта. Пакуль ня з боку вуліцы Школьнай, а з двара — там, дзе падчас пленэру ўдзельнікі заклалі дубовую алейку ў гонар памяці гаспадара, дзядзькі Рыгора.

Арганізатарка пленэру Ада Райчонак і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў Сьвятлана Баранкоўская зьвярнуліся ў Вушацкі райвыканкам, каб абмеркаваць пэрспэктывы стварэньня музэю ў хаце Рыгора Барадуліна. Прадстаўніцы райвыканкаму завіталі на імправізаваную выставу, якой традыцыйна сканчаюцца пленэры, і такая гутарка адбылася. Паводле спадарыні Баранкоўскай, мясцовыя ўлады разумеюць важнасьць захаваньня памяці паэта і гатовыя спрычыніцца да стварэньня музэю. Але каб зрабіць яго ў барадулінскай хаце, трэба вырашыць цэлы шэраг пытаньняў.

Сьвятлана Баранкоўская (зьлева) дорыць сваю карціну прадстаўніцам райвыканкаму

Сьвятлана Баранкоўская (зьлева) дорыць сваю карціну прадстаўніцам райвыканкаму

Каб ідэя не «завісла ў паветры», як адбылося зь перайменаваньнем вуліцы і наданьнем імя Рыгора Барадуліна сярэдняй школе, мастакі вырашылі крыху зьмяніць канцэпцыю пасьляпленэрных выставаў. Цяпер там будуць экспанавацца ня толькі карціны, створаныя тут, у Вушачах, але й мастацкія творы з асабістай калекцыі дзядзькі Рыгора, прысьвечаныя і падораныя яму ў розны час рознымі мастакамі. Гэта паспрыяе захаванасьці твораў мастацтва, якія дагэтуль знаходзіліся ў вушацкай хаце Рыгора Барадуліна, што засталася без гаспадара. А для будучага музэю ўдзельнікі пленэру гатовыя падараваць цэлы шэраг сваіх сёлетніх прац.

Пакуль на вуліцы Рыгора Барадуліна толькі адна хата – ягоная

Пакуль на вуліцы Рыгора Барадуліна толькі адна хата – ягоная

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG