Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы шакаваныя надпісамі «На Бэрлін!» і «За Сталіна!» на расейскіх бомбах


Нямецкі часопіс Bild паведамляе, што менавіта такія надпісы былі на бомбах расейскіх ваенных самалётаў падчас нядаўніх вучэньняў у Калінінградзкай вобласьці.

Часопіс спасылаецца на расейскі ваенна-марскі партал flot.com, паводле якога напачатку жніўня у Калінінградзкай вобласьці прайшлі манэўры, ў якіх ўзялі ўдзел прынамсі 20 бамбавікоў, баявыя верталёты і транспартныя самалёты. Падчас вучэньняў, апроч іншага, адпрацоўваліся авіяцыйныя бомбавыя ўдары.

На некаторых з бомбаў былі надпісы «На Бэрлін!» і «За Сталіна!», якія шырока выкарыстоўваліся Чырвонай арміяй падчас вайны СССР з нацысцкай Нямеччынай.

У пуцінскай Расеі на працягу некалькіх гадоў адбываецца ўслаўленьне былых савецкіх часоў, піша Bild. Адраджаецца культ Сталіна, праводзяцца паралелі паміж барацьбой з фашызмам і цяперашнім канфліктам паміж Расеяй і Захадам у сувязі з Украінай.

Напісы «На Бэрлін» і «За Сталіна» на бомбах баявых самалётаў можа разглядаць як чыстую настальгію, але яны дэманструюць небясьпечныя тэндэнцыі ў расейскім кіраўніцтве і ў арміі, лічыць аглядальнік нямецкага выданьня.

У ліпені прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін наведаў Калінінградзкі эксклаў у дзень ВМФ РФ, там ён прыняў ваенна-марскі парад у горадзе Балтыйск. Тады ж на службу ў расейскіх ВМФ уступіў новы ваенны карабель-шпіён. Неўзабаве пасьля гэтага пачаліся вучэньні з бомбамі з пагрозьлівымі надпісамі.

Як паведаміў віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Рагозін, новая ваенна-марская дактрына РФ арыентаваная супраць НАТО. Зьяўленьне бомбаў з адпаведнымі надпісамі сьведчыць пра агрэсіўнасьць, зь якой Расея праводзіць у жыцьцё гэтую дактрыну, піша Bild.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG