Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мсьціслаўскі гурт «Крокі ў бокі» піша песьні на вершы беларускіх паэтаў


Музыка, прыдатная для рынгтонаў у мабільнікі, для вясельляў ды іншых сьвятаў.

Пяцёра музыкаў-аматараў з Мсьціслава лічаць, што нямала выдатных беларускіх вершаў незаслужана забытыя. У кампазыцыях гурту «Крокі ў бокі» пераважаюць простыя і вясёлыя матывы, які лёгка ўспрымае публіка. У актыве музыкаў адзін дэбютны альбом «Журавінка» зь дзесяцьцю песьнямі на вершы Рыгора Барадуліна, Максіма Танка, Якуба Коласа, Анатоля Грачанікава, Авяр’яна Дзеружынскага. Ганарацца мсьціслаўскія хлопцы і сваім пробным праектам «Баляды дзядзькі Рыгора».

Пра музычны калектыў распавядае адзін зь ягоных удзельнікаў, які назваўся Віталём. У гурце, кажа ён, не прынята раскрываць публіцы свае прозьвішчы. Які сэнс стаіць за назвай гурту, Віталь таксама ня кажа. Адзначае, што прыдумлялі яе, каб быць адметнымі і каб запамінала публіка. А кожны, хто будзе іх слухаць, няхай укладае ў назву свой сэнс.

Паводле Віталя, заснаваны музычны гурт быў у 2012 годзе «простымі хлопцамі, якія вырашылі, што яны беларусы і хочуць іграць добрую беларускую музыку».

«Яны адшукалі добрыя вершы беларускіх аўтараў: і Якуба Коласа, і Максіма Танка, і Рыгора Барадуліна, і Авяр’яна Дзеружынскага, і Міколы Маляўкі. І іхныя вершы ў лёгкай апрацоўцы прыйшліся даспадобы ўсякаму народу: і малым дзецям, і моладзі, і нават дзядулькам і бабулькам».

«Для беларуса беларуская мова прыродная, — кажа музыкант. — На ёй яму і размаўляць добра, і сьпяваць лёгка. Калі ж чытаеш вершы нашых клясыкаў, то адразу іх можна і сьпяваць, бо нараджаецца музыка».

«Спачатку, — працягвае суразмоўца, — гурт выступаў у аграгарадках і малых вёсках. За імі былі раённыя цэнтры. Запрашалі выступіць і ў Расеі.

Сёлета на «Рыцарскім фэсьце» ў Мсьціславе ладзілі прэзэнтацыю першага дыска — «Журавінка». Назвалі яго па аднайменным вершы Рыгора Барадуліна. Некаторыя знаёмцы, якія чулі гэтую песьню, паставілі яе рынгтонам на свае тэлефоны.

Тры песьні на гэтым дыску зробленыя на вершы Рыгора Барадуліна. Сам паэт слухаў, і яму спадабалася. Ёсьць на дыску і рок-баляда на верш Якуба Коласа «Вясновая ноч».

— Вы прыйшлі на гутарку зь яшчэ адным дыскам. Гэта таксама праект гурту?

— Гэта наш пробны праект, які мы назвалі «Баляды дзядзькі Рыгора». Для яго мы ўзялі вершы Рыгора Барадуліна: «Бацьку», «Добрай раніцы», «Спадарыня». Гэтыя вершы амаль кожны беларус памятае са школы, а нам хацелася на іх зрабіць добрыя песьні. І атрымаліся баляды. Яны гучалі ўжо па радыё і на шматлікіх конкурсах. Прэзэнтацыя ж гэтага дыска адбылася летась на зьезьдзе беларусаў сьвету. Там быў вялікі канцэрт. На ім мы выступілі з аўтарам музыкі Зьмітром Астаньковічам і падаравалі такі дыск дэлегацыям з кожнага кутка сьвету.

— Віталь, вы згадалі, што ваша музыка зацікавіла расейцаў, а чым яна іх так закранула?

— Напэўна, настрой вясёлы, які перадаецца кожнаму, хто слухае нашу музыку. Немагчыма не танцаваць, калі гурт «Крокі ў бокі» пачынае сьпяваць і сваім добрым настроем дзяліцца з усімі прысутнымі.

— Мсьціслаў усё ж расейскамоўны горад, а ў вашым гурце маладыя хлопцы. Чым стала прыцягальнай для вас беларушчына?

— Я сам даўно сьпяваю. Сьпяваў на ангельскай мове, на італьянскай, на расейскай. Але калі сьпяваеш песьні на вершы нашых беларускіх клясыкаў, напрыклад, Якуба Коласа тую ж «Вясновую ноч», то ў табе прачынаецца беларускасьць. Гэта тое, што сапраўды тваё. Калі ты сьпяваеш па-расейску, такога адчуваньня няма. Вось і ўсе нашы хлопцы сьпяваюць і граюць душой.

— Вы хочаце сказаць, што беларушчына генэтычная ў беларуса?

— Так. Гэта нават можна даказаць. Мы супрацоўнічаем зь некалькімі кампазытарамі. Адзін зь іх жыве ў далёкім Казахстане — Зьміцер Астаньковіч. Мы зь ім сьпісаліся праз інтэрнэт. Ён наагул ня ведаў беларускай мовы, аднак калі ён зразумеў, што ягоныя карані беларускія, і калі мы паспрабавалі зь ім рабіць песьні на беларускія вершы, то ён ухапіў вось гэтую хвалю беларускасьці. Цяпер ён сябра Саюзу кампазытараў Беларусі. Ён кіруе суполкай беларусаў у Казахстане «Радзіма». Ён стаў беларусам, як і мы. Мы, беларусы, як мне падаецца, проста павінны любіць сваю беларускую мову.

— Дык калі ж, Віталь, беларусы, на вашу думку, пачнуць гаварыць на сваёй мове?

— Мяркую, што беларуская мова будзе жыць і надалей, а вось ці будзе яна мець усеагульнае распаўсюджаньне, пакажа час. Гурт «Крокі ў бокі» спадзяецца, што гэты час надыдзе дужа хутка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG