Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — бізнэсмэнам з Пакістану: вас ніхто тут ня будзе валакіціць


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 11 жніўня выступіў на беларуска-пакістанскім бізнэс-форуме ў Менску, у якім браў удзел і прэм’ер-міністар Пакістану Наваз Шарыф.

Лукашэнка заявіў, што бізнэсоўцы «ніколі ня будуць мець праблемаў са сваімі контрагентамі ў Беларусі».

«Мы заўсёды вам дапаможам, падкажам і будзем гарантаваць вашы інтарэсы ў Беларусі. Вы можаце быць упэўнены, што вас ніхто тут не падмане, вас ніхто тут ня будзе валакіціць. Калі вы захочаце сумленна і прынцыпова працаваць, калі мы дамовімся, то мы будзем сьвята выконваць свае дамоўленасьці», — цытуе БелаПАН Лукашэнку.

Паводле кіраўніка Беларусі, беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб чальцы пакістанскага ўраду спрыялі ў пошуках непасрэдных кантактаў у гэтай краіне:

«Мы зьнялі з прэм’ер-міністрам Пакістану ўсе пытаньні ў дыпляматыі, у палітыцы. Ідзіце адзін да аднаго, дамаўляйцеся, кажыце, у чым трэба дапамагчы. Мы заўсёды гатовыя падставіць плячо».

Ён адзначыў, што Пакістан можа стаць для Беларусі «акном у Паўднёвую Азію, роўна як Беларусь для Пакістану — акном у Эўропу».

Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь і Пакістан могуць павялічыць узаемны таваразварот да 1 млрд даляраў, а 2015 год стаў знакавым для беларуска-пакістанскіх адносін.

«Створаны трывалы падмурак для збліжэньня нашых краін у самых розных сфэрах — палітыцы, эканоміцы, навуцы, адукацыі і культуры.

Я памятаю, што мы са спадаром прэм’ер-міністрам у Ісламабадзе (візыт Лукашэнкі ў Пакістан быў у траўні 2015 году. — РС) паставілі перад сабой мэту дасягнуць таваразвароту ў мільярд даляраў. І для гэтага ёсьць усе перадумовы, ёсьць тыя тавары, у якіх маем патрэбу мы і ў якіх мае патрэбу Пакістан. Вось чамусьці сёньня мне сьціпла прапануюць цягам бліжэйшых двух-трох гадоў павялічыць таваразварот у два разы. Што, мы будзем таптацца на месцы? 100 млн даляраў — гэта хіба таваразварот для эканомік такіх краін? Таму я думаю, што прэм’ер-міністар Пакістану мяне ўжо і ў Менску падтрымае, што нам трэба паставіць перад сабой мэту павелічэньня таваразвароту да мільярда даляраў».

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што дагэтуль таваразварот паміж Беларусьсю і Пакістанам быў зусім невялікі — «50, ну, 65 млн даляраў у год».

Ён дадаў, што і Беларусь, і Пакістан зацікаўленыя ў паступовым пераходзе ад узаемнага гандлю да вытворчай каапэрацыі ў такіх сфэрах, як энэргетыка, сувязь, лягістыка, біятэхналёгіі, фармакалёгія, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналёгіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG