Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта самая незразумелая выбарчая кампанія, — гарадзенцы


Мікола Воран зьбірае подпісы за Анатоля Лябедзьку

Мікола Воран зьбірае подпісы за Анатоля Лябедзьку

Некаторыя зьбіральнікі подпісаў на Гарадзеншчыне мяркуюць, што сто тысяч за апазыцыйных кандыдатаў ім сабраць ня ўдасца.

У Горадні працягваюць зьбіраць подпісы за апазыцыйных кандыдатаў Тацяну Караткевіч і Анатоля Лябедзьку. Побач зь пікетам, дзе зьбіраюць подпісы за Лябедзьку, людзі чытаюць інфармацыю пра яго, часам спрачаюцца, нехта задае пытаньні, а вось нехта аддаў пашпарт, каб запісалі яго дадзеныя.

Малады чалавек паставіў свой подпіс за Лябедзьку і тлумачыць: гэтага палітыка ён ведае даўно, сочыць за ягонай дзейнасьцю і лічыць вартым, каб стаць прэзыдэнтам. Я ж цікаўлюся ягонай думкай — чаму так шмат людзей папросту прамінаюць пікет і не зьвяртаюць нават увагі?

— Ведаеце, цяпер у СМІ сустракаецца шмат інфармацыі пра тое, што на прадпрыемствах вядуцца недзе масавыя скарачэньні або скарачэньні працоўнага тыдня. І кожны баіцца, што калі пра ягоны подпіс даведаецца адміністрацыя, то ён можа пад такое скарачэньне трапіць першым.

Мікола Воран, які зьбірае подпісы, пацьвярджае словы маладога чалавека і дадае: шмат хто ім казаў, што на прадпрыемствах рабочым сапраўды «рэкамэндуюць» ставіць подпісы толькі за Лукашэнку.

Ён кажа, што гэтая падпісная кампанія як ніколі незразумелая. Людзі чамусьці сталі вельмі апатычныя. І як ніколі шмат даводзіцца чуць абразаў на адрас апазыцыі. Воран нават перакананы, што наўрад ці ўдасца апазыцыйным кандыдатам сабраць 100 тысяч подпісаў.

— Гэта папросту нерэальна. Нейкі паталягічны страх у людзей прысутнічае, а адкуль ён — ня ведаю. Несвабоднае грамадзтва? Магчыма. Зь іншага боку, кожны чалавек у цяперашніх умовах хоча ўтрымацца на працы. Многія наагул кажуць, што гэта лішняя праца, нічога выбары гэтыя не дадуць і ўсё даўно зразумела...

Тым часам побач зь пікетам прадстаўнікі электарату выказваюць свае думкі:

— Ня ставіла свой подпіс і ня буду ні за кога ставіць. А вось так...

— Я пакуль ня ставіла подпіс, але прыйду з пашпартам. У чалавека добрая праграма — гэта галоўнае. І сам добры чалавек, ведае наша жыцьцё, і добры палітык.

— Гэта пакуль выберуць, то праграма добрая, а як выберуць — фігу дастанеце.

Мікалай Уласевіч з Астраўца зьбіраў подпісы ў Астравецкім і Смаргонскім раёнах за Анатоля Лябедзьку. Ён таксама пэсымістычна глядзіць на тое, ці зьбяруць апазыцыйныя прэтэндэнты па сто тысяч подпісаў. І прычынай таму, паводле яго, апатыя выбарцаў.

Мікалай Уласевіч

Мікалай Уласевіч

— Людзі зьняверыліся ўва ўсім, няма ніякай надзеі на будучыню, людзі баяцца ўсяго, асабліва тых наступстваў, якія адбываюцца ў нашых суседзяў. Я ня ведаю, чым яшчэ можна тлумачыць, але роспач, адчай і нежаданьне наагул мець хоць якое дачыненьне да палітыкі сёньня папросту відавочныя.

А вось Зьміцер Бандарчук, які зьбірае подпісы за Тацяну Караткевіч, сказаў мне, што да 21 жніўня яны здадуць больш як сто тысяч подпісаў. Праўда, ён кажа, што вельмі значная частка людзей, прычым самага рознага ўзросту, мінаюць пікеты і нават не глядзяць у іх бок.

Зьміцер Бандарчук

Зьміцер Бандарчук

— Іх наагул не цікавіць беларуская палітыка, яны ня хочуць браць на сябе адказнасьць за тое, што ад людзей наагул залежыць сытуацыя ў краіне. І пэсымізм, і апатыя існуюць. Але зь людзьмі трэба працаваць і даваць ім гэтую надзею, каб яны ведалі, што заўсёды ёсьць шанец, ёсьць за каго трымацца і чакаць гэтых пераменаў

XS
SM
MD
LG