Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уступілі ў сілу новыя санкцыі ЗША супраць Расеі


У «Фэдэральным весьніку» ўраду ЗША апублікаваны поўны сьпіс фізычных і юрыдычных асобаў, на якіх былі распаўсюджаныя пашыраныя сэктаральныя санкцыі адносна Расеі. Пра гэта паведамляе агенцтва УНІАН.

У пашыраны санкцыйны сьпіс увайшлі:

— 7 фізычных асобаў і 6 кампаніяў, якія ўхіляліся ад уведзеных санкцый (у тым ліку зьвязаных з Генадзем Цімчанкам, Барысам Ротенбэргам і канцэрнам «Калашнікаў»);

— 2 расейскія кампаніі, якія належаць да ваенна-прамысловага комплексу РФ;

— 4 былых украінскіх чыноўнікаў і іх паплечнікі, якія датычныя да выкраданьня дзяржаўных актываў і злоўжываньняў на дзяржслужбе;

— зьвязаная з Аляксандрам Януковічам (старэйшы сын чацьвёртага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча) кампанія — ЗАТ «МАКО Голдынг»;

— 5 апэратараў крымскіх партоў і 1 крымскі апэратар паромных перавозак;

— 35 кампаніяў, якія кантралююцца раней унесенымі ў пералік санкцый асобамі, а таксама тыя, ў якіх больш за палова капіталу кантралююць расейскія кампаніі «Зьнешэканомбанк» і «Раснафта».

«Шляхам пашырэньня пераліку санкцыяў у дачыненьні да асобных украінскіх чыноўнікаў часоў злачыннага рэжыму Януковіча і асобаў, якія маюць дачыненьне да незаконнай анэксіі Крыма, Злучаныя Штаты пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць раней уведзеным санкцыям і дэманструюць адзінства міжнароднай кааліцыі супраць расейскай агрэсіі на тэрыторыі Ўкраіны. ЗША пацьвярджаюць гатоўнасьць ўважліва адсочваць, прадухіляць і апэратыўна ліквідаваць усе магчымыя схемы ўхіленьня ад санкцыяў (у тым ліку спробы абысьці сыстэму SWIFT пры ажыцьцяўленьні апэрацыяў з кампаніямі, якія разьмешчаныя на тэрыторыі Крыму) » - гаворыцца ў дакумэнце.

Пасол Украіны ў ЗША Валер Чалы адзначыў у сваім Facebook , што адной з мэтаў пашырэньня санкцыйных сьпісу зьяўляецца ўзгадненьне існых абмежаваньняў зь іншымі чальцамі міжнароднай кааліцыі краінаў.

ЗША ўвялі ў дачыненьні да Расеі ўжо некалькі пакетаў эканамічных санкцыяў адносна цэлых сэктараў расейскай эканомікі, а таксама санкцыі ў дачыненьні да асобаў і прадпрыемстваў, з-за акупацыі Расеяй ўкраінскага Крыму і заявы аб яго анэксіі, а таксама з прычыны агрэсіі Расеі на ўсходзе Ўкраіны.

XS
SM
MD
LG