Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасаваньне за мяжой: больш участкаў — менш актыўнасьці


На прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году будуць адкрытыя 49 выбарчых участкаў па-за межамі Беларусі — ад Аўстрыі да Японіі.

Пра гэта Свабодзе паведамілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь. Найбольш участкаў — па чатыры — разьмесьціцца на тэрыторыі Польшчы (Варшава, Гданьск, Беласток і Бяла-Падляска) і Расеі (у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе і Растове).

Колькасьць участкаў для галасаваньня за мяжой ад выбараў да выбараў павялічваецца. А колькасьць людзей, якія ў выбарах удзельнічаюць, наадварот, зьмяншаецца.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Гэты парадокс тлумачыцца тым, што бальшыня беларусаў, якая жыве за мяжой, ня верыць у сапраўднасьць падліку бюлетэняў, яны ня вераць, што іхні голас сапраўды запішуць у выніковы пратакол, не скажаючы», — кажа намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, які пэўны час вучыўся і жыў у Францыі:

«Невялікі давер у тых беларусаў, што выехалі за мяжу, да Рэспублікі Беларусь. Таму яны часта ня хочуць сябе зьвязваць з гэтай дзяржавай. І яны ведаюць, як адбываюцца выбары ў Беларусі.

Больш за тое, у руху „За свабоду“ ёсьць канкрэтныя доказы таго, што за мяжой толькі робяць выгляд, што па-сапраўднаму лічаць галасы. Насамрэч там лічаць, як і ў Беларусі.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году мы паспрабавалі арганізаваць назіраньне на ўчастках, якія былі адкрытыя ў амбасадах. І ў бальшыні дыппрадстаўніцтваў у нас былі праблемы. Першая — назіральнікаў ня ўсюды нават рэгістравалі. Другая — нават тыя нашы назіральнікі, якія здолелі зарэгістравацца, рэальна не змаглі назіраць падлік бюлетэняў. Гэта працэдура нагадвала тую, што і ўнутры нашай краіны — тая самая непразрыстасьць.

Я думаю, гэта асноўная прычына, чаму беларусы, якія і жывуць за мяжой, і тыя, якія трапляюць туды падчас выбараў, ня хочуць ісьці галасаваць».

Падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў, якія праходзілі ў сьнежні 2010 году, за мяжой было 44 участкі для галасаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG