Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі ўпершыню за апошнія два гады аднавіў працу ядзерны рэактар


Японская кампанія Kyushu Electric Power ў аўторак запусьціла рэактар ​​№ 1 АЭС «Сэндай», разьмешчаны ў прэфэктуры Кагасіма на японскім востраве Кюсю, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на японскі тэлеканал NHK.

Гэта першы рэактар у Японіі, які аднавіў сваю працу з моманту закрыцьця апошняга японскага рэактара ў 2013 годзе.

Функцыянаваць рэактар № 1 будзе ў адпаведнасьці з прынятымі ў Японіі з новымі правіламі бясьпекі.

Як чакаецца, пры спрыяльнай сытуацыі рэактар № 1 пачне генераваць электраэнэргію ўжо ў пятніцу.

Генэральны сакратар кабінэту міністраў Японіі Ёсіхідэ Суга ў аўторак заявіў, што ядзерная энэргія важная для разьвіцьця Японіі.

Паводле яго словаў, урад краіны ставіць бясьпеку на першае месца ў пытаньні эксплюатацыі АЭС, і што новыя правілы працы японскіх АЭС зьяўляюцца самымі строгімі ў сьвеце.

У сакавіку 2011 года каля паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа Японіі адбыўся землятрус, які выклікала цунамі. Гіганцкая хваля абрынулася на АЭС «Фукусіма-1», што прывяло да самай маштабнай аварыі з моманту катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Да катастрофы 2011 году Японія мела 54 дзейных рэактараў, чатыры зь якіх былі сур’ёзна пашкоджаныя ў выніку аварыі на «Фукусіма-1».

Пасьля катастрофы ў краіне засталося 48 ядзерных рэактараў, якія былі цалкам спыненыя для праверкі іх бясьпекі.

Прэм’ер-міністар Японіі Сіндза Абэ выступае за тое, каб зноў запусьціць гэтыя рэактары, паколькі з-за спыненьня іх працы краіна вымушаная імпартаваць больш дарагія энэрганосьбіты.

XS
SM
MD
LG