Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу быць грамадзянінам Расеі»


Былы лейтэнант расейскай паліцыі распавядае пра тое, як ён расчараваўся ў сыстэме МУС, дзяржаве і краіне.

Яшчэ нядаўна ў роднай Астрахані былы лейтэнант паліцыі Эльшад Бабаеў бязьлітасна змагаўся з п’яніцамі. Удзельнікі створанага ім праекту «Горад грахоў» затрымлівалі кіроўцаў, якія садзіліся за руль у нецьвярозым стане. А яшчэ раней лейтэнант Бабаеў спрабаваў змагацца са злоўжываньнямі ў МУС. Цяпер супраць яго распачатая крымінальная справа, яго аб’явілі ў фэдэральны вышук, і ён вымушаны хавацца. Сваю гісторыю Эльшад Бабаеў распавёў Радыё Свабода.

РС: Чаму вы вырашылі служыць у МУС Расеі?

Бабаеў: Гэта сямейная дынастыя. Мой бацька ўсё жыцьцё працаваў у міліцыі, потым сышоў працаваць у мытню. Я паступіў у Ніжагародскую Акадэмію МУС, якую з адзнакай скончыў. Перад тым як ехаць паступаць у МУС у Ніжнім Ноўгарадзе, я паступіў у два юрыдычных грамадзянскіх ВНУ ў сябе ў Астрахані, гэта я зрабіў для падстрахоўкі, у выпадку калі не паступлю ў МУС.

РС: А калі расчараваліся ў гэтай працы?

Бабаеў: Ледзь не на другі дзень абітурыенцкіх збораў у трэніровачным лягеры, дзе праходзілі экзамэны для паступленьня ў Акадэмію МУС. Я ўжо там убачыў, наколькі, мякка кажучы, тупаватыя людзі ідуць у міліцыю. Я ў школе ня быў выдатнікам, але і двоечнікам таксама ня быў. Вучыўся на чацьвёркі. Вельмі любіў гісторыю і асабліва грамадазнаўства. На зборах, калі шчыра, я баяўся, што апынуся ледзь ня самым дрэнным курсантам і не паступлю. Але калі я туды прыехаў, у мяне ўзьнікла адчуваньне, што з усёй краіны набралі людзей, якія ня тое што ў юрыдычных тонкасьцях нічога ня кемяць і ня ведаюць законаў, а проста разумова адсталыя, асацыяльныя асобы. У 85% курсантаў бацькі або дзяды былі усялякімі начальнікамі,генэраламі, палкоўнікамі з розных сілавых ведамстваў. Я, напэўна па гэтых мерках, быў самы просты. У мяне бацька — пэнсіянэр МУС у званьні маёра міліцыі, ён ужо 5 гадоў не працаваў у сыстэме.

РС: Вы пяць гадоў правучыліся ў Акадэміі МУС і вярнуліся ў Астрахань...

Бабаеў: Так, у падразьдзяленьне па справах непаўналетніх. Пасьля паўгода працы там я перавёўся ва ўпраўленьне па падатковых злачынствах. Потым перавёўся інспэктарам у штаб УУС, дзе займаўся ўнутранай дакумэнтацыяй, праверкай дзяжурных частак. Гэта значыць я, быўшы лейтэнантам, браў тлумачэньні з начальнікаў РАУС, іх замаў, розных палкоўнікаў, на прадмет парушэньняў імі законаў Расеі. На працягу ўсёй службы ў МУС я чуў адно і тое ж: нас ніхто не вучыў, ніхто нічога не тлумачыў, таму і мы табе нічога тлумачыць ня будзем, вучыся, думай сам. Ні пра якую камандную працу там гаворка наогул не ідзе. Ты паступаеш на працу ў МУС і апынаесься як у показцы: табе далі жазло, пісталет, ідзі круціся-вярціся. Я езьдзіў па дзяжурных частках і выяўляў недахопы ў працы, парушэньні закону, фіксуючы ўсё ў спэцыяльнай кнізе. А потым на нарадах у начальніка УУС гораду гэтых самых начальнікаў РАУС крытыкавалі, а прысутныя шараговыя працаўнікі дружна сьмяяліся над імі. Начальнікі РАУС абураліся: «Ізноў Бабаеў прыяжджаў, зноў выявіў тону недахопаў!» Маўляў, дастаў ужо, і яны стаяць, чырванеюць перад начальнікам УУС гораду. Натуральна, што яны мяне за гэта не любілі. Як жа так, мы працуем 20 гадоў у гэтай сыстэме, а тут малады хлопец прыйшоў і патрабуе выконваць закон, а мы так не прывыклі. Аднойчы начальнік УУС гораду палкоўнік Косьцін так і сказаў мне: «Не запісвай недахопаў у журнале, а то я атрымліваю па шапцы ад генэрала». Спачатку я мінімізаваў праверкі, а потым зноў пачаў. Я ня мог не правяраць дзяжурныя часткі і працу сьледча-апэратыўнай групы і начальнікаў РАУС, бо гэта была мая праца. І тады начальнік УУС загадаў ставіць мяне ў розныя нарады па ахове грамадзкага парадку, узмацненьня і іншыя, абы толькі адцягнуць мяне ад маіх наўпроставых абавязкаў. А калі і гэта ім не дапамагло, яны вырашылі пазбавіцца ад мяне, выціснуць з органаў, зрабіць усё, каб звольніць. У дачыненьні да мяне правялі каля васьмі службовых праверак, абвясьцілі дзьве вымовы, з-за якіх мне не далі чарговае званьне старшага лейтэнанта (па тэрміне службы належала), але звольніць не змаглі, і тады яны пайшлі на крайні выпадак: з дапамогай аднаго з начальнікаў аддзяленьня штабу, капітана міліцыі Мамонава, справакаваць мяне на бойку. Ён, праходзячы ззаду, штурхнуў мяне ў сьпіну плячом, я павярнуўся, ён ударыў мяне кулаком па твары. Я зразумеў, для чаго ён гэта зрабіў — для таго, каб я даў у адказ здачу. Калі б я гэта зрабіў, тады б яны мяне скруцілі, надзелі кайданкі і адвезьлі б у Сьледчы камітэт, распачалі крымінальную справу і пасадзілі. Я ня стаў біць яго ў адказ. Замест гэтага я паехаў у Сьледчы камітэт, напісаў заяву, зьняў пабоі ў судмэдэкспэртызе, «ліхтар» быў пад вокам у мяне. Усё зафіксавалі. Гэтая сытуацыя была апошняй кропляй цярпеньня. Больш ніякага жаданьня працаваць у МУС у мяне не было. Мне было гідка быць сярод усіх гэтых гнілых людзей. У адказ на маю заяву ў СК кіраўніцтва УУС гораду стала пагражаць мне і маёй сям’і праз бацькоў, што калі я не напішу заяву аб прымірэньні бакоў, то можа ўсё што заўгодна здарыцца, аж да крымінальных справаў. Бацька мне патэлефанаваў, кажа: «Ідзі, напішы заяву аб прымірэньні і звальняйся», што я і зрабіў.

Поўнасьць гісторыю лейтэнанта Бабаева чытайце ў матэрыяле Дзьмітрыя Воўчака з расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG